Пошук

03.11.2026 18:26   Фота: Дар'я Яфіменка / Паводле: pinskdiocese.by

31 кастрычніка ў вігілію урачыстасці Усіх Святых у касцёле Узвышэння Святога Крыжа ў Брэсце адбылося традыцыйная сустрэча моладзі Пінскай дыяцэзіі.

Сустрэча распачалася з прэзентацыі парафіяльных групаў, дзе маладыя дзяўчаты і хлопцы распавядалі пра сябе, сваё духоўнае жыццё і родную парафіяльную супольнасць.

Цэнтральным момантам сустрэчы стала святая Імша, якую ўзначаліў Генеральны вікарый Пінскай дыяцэзіі і дапаможны біскуп Андрэй Зноска. Звятраючыся да моладзі, іерарх зазначыў, што яго пастырскае сэрца радуецца з-за таго, што моладзь з розных куточкаў дыяцэзіі можа сабрацца разам, каб памаліцца і адчуць супольнасці веры маладога пакалення.

У гаміліі біскуп Андрэй заахвоціў моладзь не баяцца даверыцца Божаму плану і Яго натхненням у распазнаванні свайго жыццёвага паклікання. Маладосць — гэта час выбару шляху, па якім далей ісці: у святарскім, манаскім, сужэнскім ці нават у жыцці ў самоце. Ідучы Божым шляхам з верай і малітвай, кожны можа быць упэўнены, што Божы Провід правядзе яго найлепшымі сцежкамі.

Пасля святой Імшы адбылася катэхеза для моладзі, якую правёў ксёндз Аляксандр Канановіч, пробашч парафіі Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі ў Гомелі.

Нагадваючы тэму сустрэчы — знакаміты заклік з малітвы Ойча наш: «Свяціся Імя Тваё», — святар запрасіў моладзь паразважаць над значэннем словаў гэтай малітвы, якой навучыў нас Езус Хрыстус.

Чарговым хвалюючым момантам сустрэчы стала супольная адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту, падчас якой удзельнікі сустрэчы маглі наблізіцца да алтара, каб даверыць Езусу Хрысту свой далейшы жыццёвых шлях. Выразам гэтага даверу было атрыманне запаленай свечкі — сімвала Хрыста, які з’яўляецца святлом жыцця, а таксама біблійнага тэксту, якія кожны мог узяць з адмысловай «скарбонкі Божага слова». Разважанні і малітвы падчас адарацыі праводзіла група моладзі з парафіі Маці Божай Фацімскай у Баранавічах разам з іх таленавітым парафіяльным музычным гуртом «Шлях».

На завяршэнне сустрэчы моладзь славіла Бога падчас малітоўнага канцэрта праслаўлення, які правялі гаспадары сустрэчы — моладзь парафіі Узвышэння святога Крыжа ў Брэсце.

На заканчэнне спаткання ўдзельнікі выказалі словы падзякі за цёплы прыём і арганізацыю сустрэчы парафіяльнай супольнасці Узвышэння Святога Крыжа ў Брэсце на чале з пробашчам ксяндзом Антоніем Анціпенка.

З вялікім энтузіязмам моладзь успрыняла анонс наступнай сустрэчы — Дыяцэзіяльнага каляднага спаткання моладзі, якое плануецца 9 студзеня ў касцёле святога Зыгмунта ў Баранавічах.

Абноўлена 03.11.2026 19:37
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа