У кастрычніку Папскі фонд «Дапамога Касцёлу ў патрэбе» (ACS) прадставіў новую справаздачу «Пераследаваныя і забытыя? Даклад пра хрысціян, прыгнёчаных за веру ў 2024–2026 гадах». Прыведзяныя дадзенныя сведчаць, што сітуацыя з рэлігійнай свабодай у свеце не становіцца лепшай.
Паводле справаздачы ў 55% з 18 даследаваных краін становішча хрысціян пагоршылася, а ні ў адной з іх не зафіксавана паляпшэнняў. Больш за 220 мільёнаў чалавек непасрэдна сутыкаюцца з жорсткімі формамі пераследу за веру, яшчэ 413 мільёнаў жывуць у краінах, дзе сур’ёзна парушаецца рэлігійная свабода і існуе пастаянная небяспека для іх.
«За гэтымі жахлівымі лічбамі стаяць твары, канкрэтныя людзі і сем’і»,
— адзначае Марта Петрасіла, аўтарка справаздачы Папскага фонда «Дапамога Касцёлу ў патрэбе». Паводле яе слоў, хрысціяне, якія перажылі насілле, дыскрымінацыю і пераслед, найперш просяць не забываць пра іх. На працягу 20 гадоў фонд імкнецца не толькі дакументаваць і аналізаваць гэтыя злачынствы, але і распавядаць пра іх міжнароднай супольнасці, каб да пераследу не дадалася яшчэ і абыякавасць.

Геаграфія пераследу, адлюстраваная ў даследаванні, ахоплівае некалькі кантынентаў, аднак маштаб і характар пагроз істотна адрозніваюцца ў залежнасці ад рэгіёна. Найбольш трывожная сітуацыя склалася ў Афрыцы на поўдзень ад Сахары, дзе ісламісцкія ўзброеныя групоўкі здзяйсняюць масавыя напады на хрысціянскія супольнасці. У Азіі пераслед часта набывае форму дзяржаўнага кантролю над рэлігійным жыццём або грамадскай варожасці, падсілкаванай рэлігійным нацыяналізмам. Асобную трывогу выклікае становішча на Блізкім Усходзе і ў Лацінскай Амерыцы, дзе хрысціяне сутыкаюцца з тэрарыстычнымі нападамі, вымушанай эміграцыяй і дзяржаўнымі рэпрэсіямі.
Пра гэта падробна распавядае карэспандэнтка Vatican News Чэчылія Сэп’я, якая падрабязна даследавала лёсы людзей, што сталі ахвярамі рэлігійнага пераследу.
Афрыка — эпіцэнтр насілля
Паводле справаздачы, Афрыка на поўдзень ад Сахары стала галоўным асяродкам ісламісцкага насілля ў свеце. Шэсць з дзесяці краін, найбольш пацярпелых ад глабальнага тэрарызму, знаходзяцца менавіта ў гэтым рэгіёне: Буркіна-Фасо, Нігер, Нігерыя, Малі, Самалі і Дэмакратычная Рэспубліка Конга. Гвалт тут нярэдка набывае характар этнічных і рэлігійных чыстак.
У Нігерыі актывізацыя нападаў з боку ўзброеных груповак і радыкалізаваных пастухоў-фулані ў цэнтральнай частцы краіны прывяла да таго, што цэлыя вёскі ператвараюцца ў брацкія магілы. Больш за 3,5 мільёна чалавек былі вымушаныя пакінуць свае дамы і перасяліцца ўнутры краіны.

Адзін з тых, хто стаў ахвярай пераследу — Саламон Ако, 33-гадовы хрысціянін з паўночнай Нігерыі.
Саламона выкралі падчас нападу ўзброеных экстрэмістаў на вёску недалёка ад горада Зарыя. Разам з іншымі закладнікамі мужчыну гадзінамі трымалі па шыю ў халоднай вадзе, пагражаючы смерцю, калі ён не адрачэцца ад сваёй веры. Саламон цудам выжыў і пазней распавёў пра перажытае прадстаўнікам фонду «Дапамога Касцёлу ў патрэбе».
«Нам адразу загадалі прыняць іслам, а калі мы адмовіліся, пачалі збіваць. Нас білі бізунамі, звязалі рукі і ногі, а на лодыжкі наклалі ланцугі»,
— успамінае ён. Яго гісторыя — не адзінкавы выпадак, а адлюстраванне трагедыі мільёнаў хрысціян у розных частках свету.
Сярод найбольш жудасных злачынстваў, зафіксаваных у справаздачы, — масавае забойства ў горадзе Елвата. За адну ноч там загінулі больш за 200 хрысціян: людзей забівалі мачэтэ або спальвалі жыўцом, калі яны спалі.
![]()
У Буркіна-Фасо джыхадысцкія групоўкі кантралююць не менш за 40% тэрыторыі краіны. Хрысціяне становяцца ахвярамі сістэматычных пакаранняў смерцю. У дыяцэзіі Нуна, напрыклад, 26 мужчынам перарэзалі горла. Тым, хто выжыў, забараняюць перадаваць хрысціянскую веру ўласным дзецям.
У Малі некаторыя хрысціянскія супольнасці вымушаныя падпарадкоўвацца ісламскім прадпісанням адносна адзення і грамадскіх паводзін. Іншыя церпяць ад забойстваў і прымусовага перасялення.
Асабліва трывожная сітуацыя склалася ў мазамбікінскай правінцыі Кабу-Дэлгаду. Мэта ісламскіх узброеных груповак — стварэнне халіфату, які будзе жыць паводле нормаў шарыяту. З 2017 года тут загінулі больш за тысячу хрысціян. Сярод метадаў тэрарыстаў — абезгалоўліванне людзей і сістэматычныя выкраданні жанчын і дзяцей.
Пераслед у Азіі
У Азіі насілле набывае іншыя формы, але застаецца не менш жорсткім. Хрысціяне сутыкаюцца тут як з таталітарным ціскам камуністычных рэжымаў, так і з ростам радыкальнага рэлігійнага нацыяналізму.
![]()
У Паўночнай Карэі дзяржава разглядае хрысціянства як шкодны заходні ўплыў і непасрэдную пагрозу існуючай палітычнай сістэме.
Таму вернікі вымушаныя вызнаваць сваю веру ў абсалютнай таямніцы — некаторыя хаваюць Біблію нават ад уласных мужоў і жонак.
Тых, чыю прыналежнасць да хрысціянства выяўляюць улады, чакаюць катаванні, прымусовая праца або смяротнае пакаранне. Паводле ацэнак, хрысціяне складаюць значную частку з прыблізна 190 тысяч зняволеных у палітычных лагерах краіны.
У Кітаі пераслед звязаны з палітыкай прымусовай «кітаізацыі» рэлігіі — яе прыстасавання да кітайскай культуры і дзяржаўнай ідэалогіі. У верасні 2025 года ўлады ўвялі «Кодэкс паводзін у інтэрнэце для рэлігійнага персаналу», які забараняе несанкцыянаваны дзяржавай рэлігійны кантэнт і анлайн-трансляцыі. Тыя, хто адмаўляецца падпарадкоўвацца дзяржаўнаму кантролю, у тым ліку ўдзельнікі так званых «падпольных Касцёлаў», сутыкаюцца з масавымі арыштамі, затрыманнямі і знішчэннем святыняў.
У Індыі радыкальная нацыяналістычная ідэалогія «Хіндутва» спрыяе росту варожасці да хрысціянскіх супольнасцяў. Паводле справаздачы, толькі ў 2025 годзе было зафіксавана больш за 700 выпадкаў антыхрысціянскага насілля.
Дзейнічаюць таксама жорсткія законы супраць навяртання з адной рэлігіі ў іншую. Экстрэмісты зрываюць набажэнствы, нападаюць на вернікаў, а ў некаторых выпадках хрысціянскім сем’ям нават адмаўляюць у праве пахаваць памерлых. Сваякоў прымушаюць эксгумаваць целы сваіх блізкіх.
![]()
У Пакістане асаблівую трывогу выклікаюць выкраданні дзяўчат з рэлігійных меншасцяў, прымусовыя навяртанні ў іслам і шлюбы з непаўналетнімі. Такія выпадкі нярэдка атрымліваюць судовае зацвярджэнне, калі ісламскае права ставіцца вышэй за грамадзянскія нормы абароны.
Блізкі Усход і Лацінская Амерыка
Блізкі Усход — зямля, дзе нарадзілася хрысціянства і адкуль вера ў Хрыста распаўсюдзілася па ўсім свеце, — сёння становіцца адным з рэгіёнаў, дзе хрысціянскія супольнасці змагаюцца за само сваё існаванне. Пасля стагоддзяў прысутнасці на гэтай зямлі яны сутыкаюцца з пагрозай, якая ўзмацняецца праз насілле, нестабільнасць і вымушаную эміграцыю.
У Сірыі пасля падзення рэжыму Башара Асада ў снежні 2024 года і прыходу да ўлады Ахмеда аль-Шараа хрысціянскае насельніцтва, ужо значна скарочанае ў выніку эміграцыі, сутыкнулася з новай хваляй страху і насілля.
![]()
Нягледзячы на запэўніванні пераходнага ўрада, працэсы ісламізацыі грамадскай прасторы зноў распалілі напружанасць. Адным з найбольш трагічных эпізодаў стаў тэракт 22 чэрвеня 2025 года ў грэка-праваслаўным храме святога Іллі (Мар Эліяс) у Дамаску. Напад адбыўся падчас малітвы, у выніку чаго загінулі 25 чалавек, больш за 60 атрымалі раненні. Тэракт рашуча асудзіў папа Леў XIV.
У Лацінскай Амерыцы асабліва цяжкім застаецца становішча ў Нікарагуа, дзе міжнародныя камісіі называюць рэпрэсіі катастрафічнымі. Урады сістэматычна аказваюць ціск на Каталіцкі Касцёл: канфіскуе маёмасць семінарый, закрывае каталіцкія ўстановы і высылае з краіны сотні прадстаўнікоў духавенства.
У лістападзе 2024 года быў высланы старшыня Канферэнцыі Біскупаў краіны. Рэпрэсіі дайшлі да таго, што ў Нікарагуа забараняюць уезд нават людзям, якія маюць пры сабе Біблію.
Заклік не забываць пра пераследаваных
Адзін з найбольш трывожных аспектаў, на які звяртаюць увагу аўтары справаздачы, — не толькі маштаб і жорсткасць насілля, але і абыякавасць, з якой паведамленні пра яго нярэдка сустракаюць у заходнім свеце. Пастаянны назіральнік Апостальскай Сталіцы пры Арганізацыі Аб’яднаных Нацый мансеньёр Этарэ Балестрэра адзначае, што варожасць да хрысціян занадта часта замоўчваецца або ігнаруецца міжнароднымі сродкамі масавай інфармацыі.
Калі тэрарыстычныя напады разбураюць святыні ў Нігерыі ці Сірыі, гвалт часта тлумачаць выключна этнічнымі канфліктамі, барацьбой за зямлю і водныя рэсурсы або геапалітычнай нестабільнасцю.

Пры гэтым застаецца па-за ўвагай тое, на што ясна ўказваюць і самі ахвяры, і іх пераследнікі: вера ў Хрыста і рэлігійны характар мучаніцтва. Такая падача не дазваляе ў поўнай меры зразумець становішча хрысціян, якія ў многіх краінах свету з’яўляюцца беднай і ўразлівай меншасцю, пазбаўленай належнай абароны і магчымасці адстойваць свае правы.
Для тых, хто перажывае пераслед, надзвычай важна ведаць, што пра іх не забыліся. Пра гэта сведчыць і гісторыя Саламона Ако. Нягледзячы на катаванні і пагрозы, ён не адрокся ад сваёй веры.
«Кожную ноч, калі нашы выкрадальнікі спалі, мы маліліся. Мы маліліся, ведаючы, што мы не адны, што з намі Бог і ёсць людзі, якія нас ніколі не пакінуць. Менавіта гэта давала нам сілы трываць тады і працягвае даваць сілы сёння»,
— распавёў Саламон Ако.
Яго словы нагадваюць, што нават у самых страшных абставінах вера застаецца для чалавека крыніцай надзеі і сілы. І хаця з часу нараджэння хрысціянства прайшло ўжо дзве тысячы гадоў, у свеце па-ранейшаму ёсць месцы, дзе вызнаваць Хрыста азначае рызыкаваць уласным жыццём. У гэтым сэнсе лёсы сучасных пераследаваных хрысціян дзіўным чынам перагукаюцца з гісторыямі першых мучанікаў, якія таксама заставаліся вернымі сваёй веры перад абліччам катаванняў і смерці.






