Пошук

25.06.2026 14:36   Кс. Аляксандр Амяльчэня - Vatican News BY / БЕЛТА / Catholic.by
Фота: Агенцтва Анадолу. Паводле belta.by

У Венесуэле пасля двух моцных землятрусаў магнітудай 7,2 і 7,5, дзе, па апошніх даных, загінулі як мінімум 164 чалавек і больш за 900 атрымалі раненні, каталіцкія дабрачынныя арганізацыі пачалі экстранную дапамогу, падае Беларуская рэдакцыя Vatican News.

Стыхія нанесла значныя пашкоджанні жылым дамам і інфраструктуры. Шматлікія жыхары страцілі сваё жыллё і правялі ноч пад адкрытым небам праз страх перад паўторнымі штуршкамі.

Аўстрыйская Caritas супольна з міжнароднымі партнёрамі рыхтуе дапамогу, якая прадугледжвае стварэнне часовых прытулкаў, забеспячэнне пітной вадой, прадуктамі і медыцынскім абслугоўваннем.

Генеральны сакратар па міжнародных праграмах арганізацыі Андрэас Кнап адзначыў, што людзі ў пацярпелых рэгіёнах за некалькі хвілін страцілі блізкіх, дамы і сродкі да існавання. «Зараз патрэбна хуткая міжнародная салідарнасць, каб жыццёва важная дапамога экстранна дайшла да пацярпелых сем'яў», — падкрэсліў прадстаўнік аўстрыйскага аддзялення папскай дабрачыннай ініцыятывы.

Паводле звестак БЕЛТА, каля 13 дзяржаў і тэрыторый свету выразілі салідарнасць з Венесуэлай і прапанавалі сваю дапамогу ў пераадоленні наступстваў землятрусу. Сярод імёнаў палітыкаў, якія адгукнуліся на трагедыю і аб'явілі аб гатоўнасці дапамагчы, аказаўся прэзідэнт ЗША Дональд Трамп, прэзідэнт Бразіліі Луіс Інасіу Лула да Сілва. Са словамі падтрымкі да свайго народа звярнуўся таксама былы прэзідэнт Венесуэлы Нікалас Мадура, які знаходзіцца ў зняволенні ў ЗША.

Ратавальныя і пошукавыя працы ў краіне працягваюцца, аднак іх ускладняюць разбураныя дарогі, адключэнне электрычнасці і новыя падземныя штуршкі.

Абноўлена 25.06.2026 14:48
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.