Пошук

24.02.2023 21:12   Vatican News
Фота: DCO

Завяршыўся візіт Прэфекта Дыкастэрыі па справах Усходніх Касцёлаў арцыбіскупа Клаўдыё Гуджэроцці ў Сірыю і Турцыю, насельніцтва якіх пацярпела ад моцнага землятрусу.

Як паведаміла Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, у інтэрв’ю ватыканскім СМІ іерарх падзяліўся сваімі ўражаннямі ад паездкі, а таксама планамі па аказанні дапамогі пацярпелым.

Арцыбіскуп Гуджэроцці адзначыў, што падземныя штуршкі працягваюцца, гэта ўзмацняе эмацыйны стрэс і моцна ўплывае на людзей, вымушаючы іх зноў і зноў пакідаць свае дамы. Па словах Прэфекта, у дзвюх краінах склаліся вельмі розныя сітуацыі. Турцыя атрымлівае міжнародную дапамогу, якую размяркоўвае цэнтралізавана, праз дзяржаўную ўстанову, што, з аднаго боку, дазваляе лепш каардынаваць дзейнасць па ліквідацыі наступстваў, а, з другога боку, ускладняе ініцыятывы па аказанню дапамогі.

«У Сірыі склалася іншая сітуацыя. Гэта разбураная краіна. Дванаццаць гадоў вайны і асабліва наступствы санкцый прывялі да збяднення насельніцтва», — заўважыў іерарх, дадаўшы, што не пазнаў Сірыю, якую наведваў 25 гадоў таму: «Мізэрныя заробкі, беспрацоўе, велізарная эміграцыя, разбураныя бамбёжкамі гарады». Цяперашняя сітуацыя з вайной і санкцыямі вельмі ўскладняе дапамогу: на атрыманне віз патрабуецца шмат часу, перавесці грошы немагчыма, рэгіёны знаходзяцца пад кантролем розных груповак. Калі б не францішкане, якія знаходзяць больш-менш легальныя каналы, у людзей не было б нічога, — падзяліўся арцыбіскуп Гуджэроцці. На яго думку, ізаляцыя краіны прывяла да фактычнага разбурэння грамадства. «І гэта нікому не прыносіць карысці», — сцвердзіў іерарх.

На пытанне аб тым, як знайсці палітычнае рашэнне для Сірыі, арцыбіскуп Гуджэроцці адказаў, што не можа даць рэцэпт, але хацеў бы заклікаць усіх, хто ўдзельнічае ў канфлікце, улічваць не толькі палітычныя мэты, але і становішча канкрэтных людзей, якія жывуць у краіне.

«Калі мы руйнуем рэальнасць, то маем зруйнаваную рэальнасць, а не пабудаваную дэмакратыю», — сказаў ён.

Адказваючы на пытанне аб ініцыятывах па аказанні дапамогі, Прэфект адзначыў, што плануецца рабіць гэта праз ROACO — Асамблею ініцыятываў дапамогі Усходнім Касцёлам, якая аб’ядноўвае шматлікія кампетэнтныя гуманітарныя арганізацыі. Акрамя таго, Дыкастэрыя па справах Усходніх Касцёлаў стварыла банкаўскі рахунак для збору грашовых сродкаў, каб даць магчымасць як мага большай колькасці людзей дапамагчы пацярпелым.

Напрыканцы інтэрв’ю арцыбіскуп Гуджэроцці падзяліўся сваімі думкамі пра вайну ва Украіне, дзе ён быў Апостальскім нунцыем да 2020 года.

Прадстаўнік Папы Францішка нагадаў, што Святы Пасад імкнуўся прадухіліць надзвычай напружаную сітуацыю, але «на жаль, гэтага было недастаткова», таму што Мінскія пагадненні «не маглі ці не хацелі рэалізаваць».

На думку іерарха, існуе «перапляценне міжнародных інтарэсаў, з-за якіх вайна вядзецца з трэцімі асобамі на ўкраінскай тэрыторыі», таму «убачыць перспектывы ў цяперашняй сітуацыі вельмі складана».

Абноўлена 24.02.2023 21:15
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця