
Ліван ахоплены гуманітарнай катастрофай: праз інтэнсіўныя бамбардзіроўкі мільён жыхароў пакінулі свае дамы. Мясцовая Caritas абвясціла надзвычайнае становішча.
Сітуацыя ў краіне імкліва пагаршаецца. Урадавыя пункты прыёму перасяленцаў перапоўненыя — каля 400 з 538 сховішчаў цалкам запоўненыя. У краіне з насельніцтвам 4,5 мільёна чалавек кожны чацвёрты жыхар вымушаны быў бегчы, а 50 тысяч чалавек ужо пакінулі межы Лівана.
Баі вядуцца без папярэджання па ўсёй краіне, уключаючы паўднёвыя рэгіёны і наваколлі Бейрута, што робіць эвакуацыю крытычна небяспечнай.
Шмат людзей застаецца ў ізаляваных вёсках, баючыся пакідаць дамы назаўжды ці не маючы сродкаў на пераезд. Сярод ахвяр канфлікту — мараніцкі святар Туфік Бу Мерх, які загінуў, спрабуючы дапамагчы параненаму парафіяніну. Перад смерцю ён заклікаў да міру.
Caritas Лівана мабілізавала сілы для экстраннай дапамогі, але рэсурсаў катастрафічна не хапае.
Каталіцкая дабрачынная арганізацыя разгарнула мабільныя клінікі, павялічыла колькасць сацыяльных кухняў, забяспечвае людзей ежай, коўдрамі і матрацамі. Аднак маштаб трагедыі патрабуе тэрміновай міжнароднай салідарнасці, бо ўласныя механізмы дапамогі краіны, якая ўжо пакутуе ад эканамічнага крызісу, знаходзяцца на мяжы краху.
Нагадаем, што з 30 лістапада па 2 снежня 2025 года падчас свайго першага апостальскага падарожжа краіну наведаў Папа Леў XIV.






