Пошук

22.05.2026 18:12   Аляксандр Амяльчэня / Vatican News BY

Касцёл на месцы Хросту Езуса ў Аль-Махтас у Іарданіі. Фота: AFP or licensors.

У Ярданіі кіраўнікі мясцовых Касцёлаў супольна з каралём Абдалой ІІ далі старт «Ініцыятыве 2030», прысвечанай святкаванню 2000-годдзя Хросту Езуса Хрыста ў рацэ Ярдан.

Як паведамляе арабскамоўны хрысціянскі партал Abouna, урачыстыя мерапрыемствы пройдуць у 2030 годзе. Падчас сустрэчы Лацінскі Патрыярх Ерузалема кардынал П’ербатыста Піцабала заклікаў да духоўнага абнаўлення і глыбокага пераасэнсавання значэння сакрамэнту хросту.

Іерарх падкрэсліў, што месца Хросту Езуса (Аль-Махтас) на ярданскім беразе павінна заставацца жывым цэнтрам, дзе вернікі з усяго свету могуць сустрэць Бога.

Кароль Абдала ІІ заявіў, што ў межах падрыхтоўкі да юбілею асноўная ўвага будзе звернутая на паляпшэнне інфраструктуры і якасці паслуг для пілігрымаў.

Гэты праект закліканы падкрэсліць ролю Хашэміцкага Каралеўства як прыкладу міжрэлігійнай згоды і ўмеранасці на Блізкім Усходзе.

Важнай часткай ініцыятывы стала адкрыццё міжнароднага праваслаўнага ўніверсітэта непасрэдна на месцы біблійных падзей. Гэтая першая акадэмічная ўстанова ў Аль-Махтасе, заснаваная Грэка-Праваслаўным Патрыярхатам Ерузалема, пачне прыём студэнтаў ужо ў верасні 2026 года. Навучальная ўстанова забяспечыць пражыванне для першых сарака чалавек, а таксама прапануе завочную форму навучання.

Паводле слоў Патрыярха Феафіла ІІІ, мэта новага праекта — прыцягнуць моладзь з Ярданіі, краін Блізкага Усходу і ўсяго свету. Гэта будзе сучасны міждысцыплінарны ўніверсітэт з акцэнтам на гуманітарныя навукі, адкрыты як для мужчын, так і для жанчын.

Акрамя адукацыйнай функцыі, вышэйшая школа стане пляцоўкай для развіцця хрысціянска-мусульманскага дыялогу і культурнага абмену паміж Усходам і Захадам.
 

Абноўлена 22.05.2026 21:07
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа