Пошук

05.05.2020 13:05   Паводле: Еkai.pl / Catholic.by
Ілюстрацыйная выява Tysol.pl

Бельгійская супольнасць Братоў Міласэрнасці вырашыла пакінуць 15 псіхіятрычных шпіталяў, якія ёй належаць, пасля рашэння Кангрэгацыі Веравучэння, якая загадала гэтым установам не ўжываць назву «каталіцкія» з прычыны згоды на эўтаназію пацыентаў, якія там знаходзяцца.

Як паведамляе агенцтва КАІ, рашэнне Апостальскай Сталіцы было перададзена ў лісце ад 30 сакавіка. Генеральны настаяцель Братоў Міласэрнасці брат Рэнэ Стокман адзначыў у сувязі з гэтым, што законная супольнасць «павінна пакінуць свае псіхіятрычныя ўстановы ў Бельгіі».

Ён дадаў, што гэтае рашэнне балючае, бо супольнасць належыць да піянераў у галіне псіхіятрычнай апекі ў Бельгіі.

Рашэннем Ватыкана быў пакладзены канец трохгадовай спрэчцы паміж Братамі Міласэрнасці і карпарацыяй, якая кіруе іх шпіталямі ў Бельгіі. У 2017 г. кіраўніцтва супольнасці, большасць якога складаюць свецкія асобы, вырашыла дазволіць правядзенне эўтаназіі ў сваіх шпіталях у Бельгіі, дзе закон аб эўтаназіі з’яўляецца адным з найбольш ліберальных. У 2017 г. двое з трох братоў законных падтрымалі рашэнне аб эўтаназіі.

Кангрэгацыя Веравучэння падкрэсліла, што «эўтаназія застаецца недапушчальным актам , нават у скрайніх выпадках».

Яна спаслалася на энцыкліку Evangelium Vitae св. Яна Паўла ІІ ад 1995 г. і на скіраваную да пленарнага пасяджэння Кангрэгацыі прамову Папы Францішка ад 30 студзеня гэтага года.

Было дададзена, што каталіцкае маральнае вучэнне «пацвярджае святую каштоўнасць чалавечага жыцця», «значэнне апекі і спадарожнічання хворым і людзям з абмежаванымі магчымасцямі», а таксама «хрысціянскую вартасць цярпення, маральную недапушчальнасць эўтаназіі» і «немагчымасць увядзення гэтай практыкі ў каталіцкіх шпіталях, нават у скрайніх выпадках, а таксама супрацоўніцтва ў гэтай сферы са свецкімі арганізацыямі».

Абноўлена 05.05.2020 13:47
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа