Пошук

29.02.2024 17:32   Паводле: Суспільний кореспондент / Catholic.by
Айцец Карэл Стаўтэмас. Фота: Суспільний кореспондент

Айцец Карэл Стаўтэмас са славутага Грымбергенскага абацтва айцоў прэманстрантаў (нарбэртынцаў) у Бельгіі сам праехаў за рулём больш за 2000 км на машыне хуткай дапамогі, каб даставіць яе ва ўкраінскі Чарнігаў, што знаходзіцца недалёка ад мяжы з Беларуссю.

Пасля належнай падрыхтоўкі і афарбоўкі падараваны бельгійскім манахам аўтамабіль будзе служыць у адной з чарнігаўскіх брыгад хуткай дапамогі.

Як поведаміў 27 лютага Суспільний кореспондент, сімвалічная перадача «хуткай» адбудзецца ў бліжэйшыя дні ў Чарнігаве. Падчас цырымоніі запланавана супольная малітва.

Айцец Карэл — вядомы ў Бельгіі манах-півавар аднаго з найстарэйшых абацтваў Грымберген, заснаванага ў ХІІ стагоддзі. Толькі дзякуючы выпуску спецыяльнай перадкаляднай серыі славутага піва «Грымберген» удалося набыць яшчэ адзін аўтамабіль «хуткай» і напоўніць яго гуманітарнай дапамогай пацярпелым ад вайны людзям.

У Бельгіі, якая лічыцца еўрапейскай радзімай піва, у шэрагу старажытных абацтваў ужо шмат стагоддзяў захоўваюцца традыцыі піваварэння. Пенны напой, які вараць манахі або кампаніі па іх ліцэнзіі, каштуе нятанна, але частка сродкаў ад яго продажу традыцыйна прызначаецца на дабрачыннасць.

Дастаўлены ў Чарнігаў аўтамабіль стаў ужо 12-й «хуткай» у межах акцыі «Айцец Карэл для Украіны». Сам манах, скаўты Грымбергена і валанцёры за два гады сабралі 250 тыс. еўра. Большая частка гэтай сумы была прызначана на дапамогу Чарнігаву.

З першых дзён вайны айцец Карэл вывозіў украінскіх бежанцаў з польскай мяжы, збіраў і дастаўляў дапамогу ў акружаны Чаргнігаў.

Пазней дзякуючы сабраным манахам сродкам былі адрамантаваныя выбітыя выбухамі шыбы ў школе № 27 і ў дзіцячым садку № 54 горада Чарнігава, а таксама зроблена адно з найсучаснейшых сховішчаў для вучняў і настаўнікаў у школе № 6. Таксама дабрачынцы дапамаглі прафінансаваць адпачынак у Бельгіі вучняў школы № 3.

У найбліжэйшы час распачнуцца рамонтныя працы ў сховішчы дзіцячага садка № 53, на што бельгійцы ўжо сабралі патрэбныя сродкі. Гэтыя навучальныя і дзіцячыя ўстановы айцец Карэл Стаўтэмас таксама плануе неўзабаве наведаць.

Гэта ўжо другі прыезд бельгійскага манаха ў Чарнігаў. Упершыню ён наведаў горад у снежні 2022 года.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця