Пошук

12.03.2024 14:34   Паводле: Vatican News / Catholic.by
Луіджы Арыёнэ з выхаванцамі. Фота: orione.pl

12 сакавіка адзначаецца ўспамін святога Луіджы Арыёнэ (1872–1940 гг.), прэзбітэра, якога ў 1980 годзе беатыфікаваў, а ў 2004 годзе кананізаваў святы Ян Павел ІІ.

Рэліквіі святога святара захоўваюцца ў санктуарыі Маці Божай Чуваючай у Тартоне ў Італіі.

Кароткі жыццярыс Луіджы Арыёнэ ў дзень яго ўспаміну быў апублікаваны Польскай рэдакцыяй парталу Vatican News.

Бацька Луіджы, Вітторыё, быў чалавекам калі не варожым да Касцёла, дык прынамсі рэлігійна абыякавым. Маці Караліна, затое, была шчыра пабожнай. У сям’і Арыёнэ было чацвёра дзяцей, Луіджы быў наймалодшым. Нягледзячы на тое, што бацькі цяжка і шмат працавалі, у доме Арыёнэ жылі бедна: «Мая маці, — скажа праз гады Луіджы, — уставала а трэцяй гадзіне ўначы, каб справіцца з усімі справамі, а я даношваў адзенне майго брата, які быў на трынаццаць гадоў старэйшым за мяне, а раней яго насілі яшчэ двое маіх братоў».

У падлеткавым узросце Луіджы разам з бацькам ужо брукаваў вуліцы. З гэтага часу на ўсё жыццё захавалася павага да хлеба і цяжкай чалавечай працы.

Аднойчы, убачыўшы мясцовага святара, аптэкара і адваката, якія адпачывалі на сонейку, малады Луіджы схапіў палку і, падняўшы ў іх бок хмары пылу, крыкнуў: «Хіба вы не ведаеце, што ў гэты час людзі працуюць, а не сядзяць на сонцы, склаўшы рукі?!»

Толькі тады ён атрымаў фізічнае пакаранне ад маці. Так Луіджы запамятаў, што словамі свет не зменіш, і што нельга паспешліва судзіць людзей. Тым часам мясцовы пробашч заўважыў здольнасці хлопца і ўладкаваў яго ў інтэрнат ксяндза Яна Боско, дзе Луіджы стаў адным з лепшых яго вучняў.

Праз некалькі гадоў ён паступіў у семінарыю і, будучы яшчэ семінарыстам, заснаваў араторый святога Алаізія для дзяцей вуліцы. Ён таксама адкрыў каледж і тры школы для найбяднейшых.

Пасля пасвячэння ён яшчэ з большай руплівасцю прысвяціў сябе дабрачыннай і асветніцкай дзейнасці. Фізічна і духоўна яму дапамагала група святароў і семінарыстаў, якая з цягам часу пераўтварылася ў кангрэгацыю «Малая справа Божага Провіду».

Сваім братам ксёндз Арыёнэ даў выразнае настаўленне: «Цярпець, маўчаць, маліцца і любіць».

Калі ў 1908 і 1915 гадах на поўдні Італіі адбыліся два страшныя землятрусы, у выніку якіх загінулі амаль сто трыццаць тысяч чалавек, ксёндз Арыёнэ адным з першых кінуўся на дапамогу. Ён выносіў параненых, арганізоўваў прытулкі і дастаўляў ежу, тым самым здзяйсняючы сваю найвялікшую мару: «Зрабіць менавіта тое, што зрабіў асёл, які вёз Марыю ў Егіпет, а Езуса — у Ерузалем. Гэтага не зрабіў ніхто, акрамя асла. <…> Памятаю крыкі параненых, якія вырываліся з завалаў. Сотні і сотні параненых. Стогны, адчай. Сярод руін плакалі малыя, знявечаныя і галодныя дзеці, якія страцілі ўсю сваю сям’ю. Я браў іх на рукі і нёс у сховішча, каб яны маглі правесці там ноч. Потым я перавёз іх у цэнтр, дзе хтосьці пра іх клапаціўся.

Гэта была праца для асла: найвялікшы гонар, пра які я мог марыць», — скажа ён у адным з інтэрв’ю.

З гаміліі Папы Яна Паўла ІІ у дзень беатыфікацыі Луіджы Арыёнэ: «Ксёндз Луіджы Арыёнэ з’яўляецца яскравым увасабленнем хрысціянскай любові. Немагчыма прадставіць жыццё гэтага чалавека ў некалькіх сказах <…>. Аднак можна сказаць, што дзякуючы сваёй шырока вядомай веры і гераічнай любові ён, безумоўна, быў адной з самых выдатных асоб нашага стагоддзя, прысвяціўшы ўсё сваё жыццё тым, хто найбольш пацярпеў ад няшчасцяў, нядолі і людскога зла <…>. Ён кіраваўся толькі логікай любові: невымоўнай, вялікай, поўнай любові да Бога і чалавека», — падкрэсліў Папа Ян Павел ІІ.

Захапляючыся справамі айца Арыёнэ, мы здзіўляемся, як можна заснаваць дзясяткі дамоў, школ, дзіцячых дамоў практычна без усялякіх сродкаў, разлічваючы толькі на Божы Провід. І тым не менш, паколькі ён ніколі не сумняваўся ў гэтым Провідзе і ніколі ў ім не расчароўваўся, ніколі нічога сабе не прыпісваў.

«Усё — справа Божая», — паўтараў ён, пратэстуючы, калі людзі жадалі бачыць у ім кагосьці незвычайнага. Калі ён заўважыў у адным з манаскіх дамоў свой партрэт, то адразу ж выкінуў яго. Іншым разам, падчас хваробы, ён страпянуўся, калі да яго ў пакой раптам зайшла медсястра. Ён саскрабаў мазалі на каленях, вынік доўгіх малітваў: «Я хачу вызваліцца ад гэтага, — сказаў ён, — людзям не трэба бачыць гэта і складаць гісторыі». Калі яго здароўе пагоршылася і лекары загадалі яму змяніць клімат, ён адказаў: «Я хачу памерці не сярод пальмаў, але тут, сярод бедных, бо яны — Езус». Ён памёр раптоўна ад сардэчнага прыступу, з імем Езуса на вуснах.

Маленькая справа Божага Провіду, заснаваная айцом Арыёнэ, цяпер з’яўляецца вялікай манаскай сям’ёй, якая ўключае некалькі мужчынскіх і жаночых кангрэгацый. Іх дамы раскіданыя па ўсім свеце. Многія з іх былі заснаваныя самім айцом Арыёнэ: у Аргентыне, Бразіліі, Чылі. Арыяністы, духоўныя сыны святога Луіджы Арыёнэ, працуюць таксама ў Беларусі.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа