Пошук

23.09.2026 15:47   Тэкст: Аліна Залатар / Фота: Lemmy Ogbonnaya Ijioma/EWTN Summer Academy / Catholic.by

Што значыць быць каталіцкім журналістам ці стваральнікам кантэнту сёння? Як гаварыць пра Евангелле мовай сучаснага чалавека? І як сярод алгарытмаў, праглядаў і пастаяннай барацьбы за ўвагу не забыцца, дзеля Каго мы насамрэч ствараем кантэнт?

Мяне завуць Аліна Залатар, я паходжу з Івянца. Прафесійна я працую digital-маркетолагам у IT-кампаніі, а значную частку вольнага часу прысвячаю служэнню ў Касцёле праз медыя і музыку.

Аліна Залатар (справа)

На працягу апошніх гадоў я дапамагала ствараць кантэнт для розных каталіцкіх ініцыятыў. Сярод іх «Музычная Майстэрня» ў Івянцы, IT for Christ, курс лідарскага служэння Piligrim, фестываль ДДН («Дакрануцца да нябёсаў»), «Weekend з Марыяй» і іншыя праекты. Таксама я пісала артыкулы і рыхтавала фотаматэрыялы для Catholic.by, а цяпер у евангелізацыйным Instagram-праекце zakvaska_ запісваю разважанні над Евангеллем.

Важнае месца ў маім жыцці займае музыка. Я граю на музычных інструментах і служу Касцёлу сваімі талентамі. Адным з запамінальных музычных досведаў для мяне стаў удзел у запісе беларускамоўнай версіі гімна Сусветных дзён моладзі 2023 у Лісабоне.

Таму магчымасць гэтым летам стаць удзельніцай Летняй Акадэміі EWTN у Рыме стала для мяне лагічным працягам таго, чым я ўжо жыву і займаюся. Тут я магла паглядзець на каталіцкія медыя з новай перспектывы і разам з людзьмі з усяго свету шукаць адказ на пытанне: якое месца медыя займаюць у місіі Касцёла і як праз іх сёння весці чалавека да сустрэчы з Хрыстом?

У 2026 годзе пятая Летняя Акадэмія EWTN сабрала 43 маладых журналістаў, медыяпрафесіяналаў і стваральнікаў кантэнту з 26 краін свету, і я была адзінай удзельніцай з Беларусі.

Што такое Летняя Акадэмія EWTN?

EWTN (Eternal Word Television Network) гэта міжнародная каталіцкая медыясетка, заснаваная Маці Анжалікай у ЗША ў 1981 годзе. Сёння яна аб'ядноўвае тэлебачанне, радыё, інфармацыйныя агенцтвы, інтэрнэт-платформы і іншыя медыя, праз якія распавядае пра жыццё Каталіцкага Касцёла і нясе Евангелле людзям па ўсім свеце.

Адным з адукацыйных праектаў сеткі стала Летняя Акадэмія EWTN, міжнародная праграма для маладых журналістаў, відэографаў, стваральнікаў кантэнту і іншых спецыялістаў у сферы медыя.

Яе адметнасць у тым, што прафесійнае навучанне тут спалучаецца з духоўнай фармацыяй. Журналістыка, сторытэлінг, відэа, сацыяльныя сеткі і тэхнічныя навыкі ідуць побач з тэалогіяй, філасофіяй і малітвай. Мэта не толькі ў тым, каб навучыцца прафесійна працаваць у медыя, але і ў тым, каб гэтая праца была ўкаранёная ў Хрысце.

Сёлетняя Акадэмія праходзіла з 22 чэрвеня па 2 ліпеня ў Centro Internazionale di Animazione Missionaria (CIAM) на тэрыторыі Папскага Урбаніянскага ўніверсітэта ў Рыме. Адтуль адкрываецца від на Базыліку Святога Пятра.

Сацыяльныя сеткі як месца місіі

Адна з думак Акадэміі, якая засталася са мной:

Сацыяльныя сеткі — гэта не проста канал для прасоўвання, не дошка аб'яў і не месца, куды мы скідваем спасылкі. Гэта культура, супольнасць і місійная тэрыторыя.

Вельмі сугучнымі гэтаму сталі словы Папы Льва XIV. 29 ліпеня 2025 года падчас Юбілею лічбавых місіянераў і каталіцкіх інфлюенсераў у базыліцы Святога Пятра ён сказаў:

«Гаворка не проста пра стварэнне кантэнту, але пра стварэнне сустрэчы сэрцаў».

За лічбамі праглядаў і падпісчыкаў заўсёды ёсць канкрэтны чалавек. Таму канчатковай мэтай каталіцкай камунікацыі не можа быць проста перадача інфармацыі. Мэтай застаецца сустрэча чалавека з Хрыстом.

Мы шмат разважалі і пра тое, як абвяшчаць тое самае Евангелле чалавеку, які жыве ў свеце TikTok, Instagram, YouTube, штучнага інтэлекту і некалькіх секунд увагі. Адна простая фраза засталася са мной пасля Акадэміі:

Евангелле застаецца тым самым. Змяняецца мова.

Езус як Камунікатар

Адной з самых моцных для мяне стала тэма Езуса як Камунікатара.

Мы прывыклі разважаць пра сучасныя медыя праз алгарытмы, сторытэлінг, фарматы, аўдыторыі і метрыкі. Але што, калі паглядзець на Езуса і спытаць: як камунікаваў Ён?

Ён ведаў, да каго звяртаецца. Расказваў гісторыі і карыстаўся вобразамі, якія людзі разумелі. Задаваў пытанні і ўмеў слухаць. Бачыў канкрэтнага чалавека сярод натоўпу. І галоўнае, Яго мэтай ніколі не была папулярнасць.

Гэта прымусіла мяне па-новаму паглядзець і на тое, што мы называем поспехам у каталіцкіх медыя. Магчыма, поспех — гэта не заўсёды тысячы праглядаў. Часам гэта адзін чалавек, якога твая праца наблізіла да Бога.

Таму вельмі дарэчнымі для мяне сталі словы святога Паўла:

«Робячы дабро, не будзем стамляцца, бо ў свой час пажнём, калі не аслабнем. Таму, пакуль маем час, будзем рабіць дабро ўсім...» (Гал 6, 9–10a).Пачынаць дзень разам з Богам

Неад'емнай часткай Акадэміі было духоўнае жыццё.

Кожная раніца пачыналася са святой Імшы.

Для мяне гэта было асабліва важна: перш чым вучыцца гаварыць іншым пра Бога, мы самі сустракаліся з Ім.

Гэтыя Імшы сталі для мяне яшчэ і магчымасцю служыць праз музыку. Я спявала, грала на гітары і клавішах, і было вельмі каштоўна дзяліцца сваімі талентамі ўжо тут, у супольнасці Акадэміі.

Быў таксама час на адарацыю і цішыню. Гэта была магчымасць спыніцца сярод вельмі насычанай праграмы і зноў звярнуць увагу на самае важнае.

Напэўна, менавіта гэта і адрознівае Летнюю Акадэмію EWTN ад звычайнага прафесійнага курса. Тут вучышся не толькі таму, як ствараць медыя, але зноў і зноў задаеш сабе пытанне: навошта я гэта раблю?

Акадэмія, якая стала супольнасцю

Праграма была вельмі насычанай. З намі працавалі журналісты, святары, прадзюсары, даследчыкі і іншыя прафесіяналы, звязаныя з каталіцкімі і ватыканскімі медыя. Але навучанне не абмяжоўвалася лекцыямі: значную частку часу займала практыка.

Мы вучыліся ствараць рэпартажы і працаваць у кадры, браць інтэрв'ю, самастойна ўсталёўваць камеру, святло і гук, працаваць з відэамантажом. Асобна разважалі пра тое, як змяняецца праца з тэкстам у эпоху штучнага інтэлекту.

Адным з самых цікавых практычных заданняў для мяне стала праца ў Ватыкане падчас генеральнай аўдыенцыі Папы. Мы выйшлі з аўдыторый у сапраўднае журналісцкае асяроддзе: размаўлялі з людзьмі, бралі ў іх інтэрв'ю і вучыліся працаваць як рэпарцёры непасрэдна на месцы падзеі.

На працягу ўсёй Акадэміі мы працавалі ў невялікіх міжнародных камандах. У маёй былі ўдзельнікі з Іспаніі, Нарвегіі, ЗША і Лівана, а нашая куратарка таксама была з Лівана. Разам мы выконвалі практычныя заданні і рыхтавалі фінальны праект. Калі нешта не атрымлівалася, яны заўсёды былі побач: падтрымлівалі, дапамагалі і накіроўвалі.

Аднак калі мяне спытаюць, што было самым каштоўным у Летняй Акадэміі EWTN, я, напэўна, найперш назаву не лекцыі, а людзей.

Мы прыехалі з 26 краін, з розных культур і з вельмі розным досведам, але нас аб'ядноўвалі вера і жаданне служыць Касцёлу праз медыя.

Нашае жыццё не заканчвалася пасля апошняй лекцыі. Мы гулялі ў валейбол, хадзілі па Рыме і на джэлата, наведвалі папскія базылікі, ездзілі на мора, шмат размаўлялі і смяяліся. Нам пашчасціла быць у Рыме і ва ўрачыстасць святых апосталаў Пятра і Паўла, асабліва важны дзень для горада і Касцёла. А вечарам мы разам глядзелі святочны феерверк над Рымам.

Некаторыя размовы заканчваліся далёка за поўнач. Для мяне гэта стала вельмі моцным досведам паўсюднасці Касцёла. Ты можаш сядзець за адным сталом з чалавекам літаральна з іншага канца свету, а праз некалькі дзён разумець, што ён ужо стаў табе вельмі блізкім.

Запамінальным стаў і апошні дзень Акадэміі. Кожная каманда прэзентавала свой фінальны праект, над якім працавала на працягу гэтых дзён. А пасля нас чакалі ўрачыстая вячэра і цырымонія закрыцця. Пасля насычаных дзён лекцый, здымак і працы над праектамі было незвычайна бачыць усіх святочна апранутымі, разам радавацца зробленаму і святкаваць тое, што мы прайшлі гэтыя дзесяць дзён разам

Я была вельмі натхнёная адкрытасцю і любоўю людзей, якіх там сустрэла. Нават калі ўзнікалі цяжкасці, побач заўсёды знаходзіўся хтосьці, хто падтрымліваў. І за гэта я вельмі ўдзячная кожнаму.

А можа, у наступным годзе гэта будзеш ты?

Цяпер, калі Акадэмія ўжо скончылася, я разумею, што прывезла з Рыма значна больш, чым новыя прафесійныя веды. Гэта былі не проста дзесяць дзён навучання. Гэта былі сустрэчы з людзьмі, якіх ты, магчыма, ніколі не сустрэў бы ў звычайным жыцці. Гэта Рым і Ватыкан, якія за гэтыя дзесяць дзён сталі амаль домам. Гэта магчымасць вучыцца ў прафесіяналаў, сяброўства, натхненне і яшчэ большае жаданне выкарыстоўваць медыя як месца служэння.

Таму, калі ты працуеш у журналістыцы, сацыяльных сетках, відэа, камунікацыі ці ствараеш каталіцкі кантэнт, варта паспрабаваць падаць заяўку. Магчыма, у наступным годзе сярод удзельнікаў з усяго свету зноў будзе нехта з Беларусі.

Наступная Летняя Акадэмія EWTN пройдзе ў Рыме з 21 чэрвеня па 1 ліпеня 2027 года. Да ўдзелу запрашаюцца маладыя медыяспецыялісты ва ўзросце 21–35 гадоў.

Падрабязнасці і заяўка на EWTN Summer Academy 2027

Аліна Залатар,
удзельніца Летняй Акадэміі EWTN
2026

Абноўлена 23.09.2026 16:30
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа