Пошук

23.09.2026 11:06   Аляксандр Панчанка / Salvatore Cernuzio / Vatican News / Catholic.by

Фота: www.vaticannews.va

Леў XIV заклікаў выкарыстоўваць магчымасці штучнага інтэлекту для развіцця дыялогу, прымірэння і салідарнасці паміж народамі. Ён нагадаў, што інавацыі павінны быць прыладамі міру.

Гэтыя думкі прагучалі ў пасланні Пантыфіка да ўдзельнікаў міжнароднай канферэнцыі «AI4Peace: Global Biennial Symposium & International Conference», якая прайшла 20–22 верасня ў Папскім Латэранскім універсітэце. Форум быў прысвечаны магчымасцям і выклікам, звязаным са штучным інтэлектам у працэсах прадухілення і ўрэгулявання канфліктаў, абароне правоў чалавека і стварэнні новых мадэляў кіравання. Арганізатарамі выступілі Універсітэт міру ААН, Папская акадэмія за жыццё і Папскі Латэранскі ўніверсітэт.

Пантыфік прывітаў удзельнікаў канферэнцыі і выказаў надзею, што іх праца «паспрыяе аднаўленню і ўмацаванню агульнага імкнення ставіць тэхналагічныя інавацыі на служэнне агульнаму дабру».

«У свеце, пазначаным канфліктамі і падзеламі, развіццё штучнага інтэлекту патрабуе бачання, натхнёнага мудрасцю і любоўю, каб тэхналагічны прагрэс служыў годнасці кожнага чалавека і ўмацоўваў сувязі, якія яднаюць чалавечую сям’ю»,

— гаворыцца ў пасланні Папы, якое зачытаў айцец Андрэа Чучы, канцлер Папскай акадэміі за жыццё. Ключавой думкай Пантыфіка стала перакананне, што штучны інтэлект павінен стаць інструментам дыялогу паміж народамі.

Святы Айцец спасылаецца на сваю энцыкліку Magnifica humanitas, у якой сцвярджае, што «задума міласэрнасці Бога працягвае разгортвацца ў гісторыі і сёння» і «становіцца компасам у лічбавую эпоху, каб жыць паводле Евангелля». У святле гэтага ўсведамлення Папа заахвочвае «паглыбіць разуменне таго, як штучны інтэлект, кіраваны сапраўднай увагай да дабра іншых, можа спрыяць дыялогу, прымірэнню і салідарнасці паміж народамі, дапамагаючы ператвараць плён тэхналагічных інавацый у інструменты міру».

Абноўлена 23.09.2026 13:07
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.