
Роўна 650 гадоў таму, 13 верасня 1376 года, Папа Грыгорый XI пакінуў Авіньён і рушыў у Рым, паслухаўшы маладую законніцу Кацярыну Сіенскую.
13 верасня 1376 года Папа Грыгорый XI выправіўся ў дарогу з Авіньёна — ён стаў апошнім Пантыфікам перыяду, які ўвайшоў у гісторыю як «Авіньёнскі палон». З пачатку XIV стагоддзя Наступнікі Пятра жылі не ў Рыме, а на беразе Роны.
Вяртанне не было простым рашэннем: Італія была раздзіраная канфліктамі, а некаторыя французскія кардыналы і асобы з папскага атачэння супраціўляліся ад'езду Папы з Авіньёна. Сам Грыгорый XI доўга вагаўся, і менавіта тады незвычайную ролю адыграла Кацярына Бенінказа, дамініканская тэрцыярка з Сіены, містычка, якая не мела ніякай касцёльнай пасады ці палітычных сродкаў уплыву. Пра гэта паведамляе карэспандэнт Vatican News ксёндз Лукаш Банкоўскі.
Кацярына пісала Грыгорыю XI з незвычайнай шчырасцю, пераконваючы яго перамагчы свой страх і вярнуцца ў Рым. Аднак яна не абмежавалася лістамі: у чэрвені 1376 года прыехала ў Авіньён і асабіста размаўляла з Пантыфікам.
«Едзьце, едзьце, едзьце»,
— настойвала яна, заклікаючы яго вярнуцца.
Для Кацярыны гэта не было пытаннем палітычнага разліку: яна звязвала вяртанне Папы ў Рым з неабходнасцю абнаўлення Касцёла і вяртання міру. Папа Павел VI падкрэсліваў ролю Кацярыны ў пераадоленні ваганняў Грыгорыя XI і супраціву яго атачэння, а Папа Бэнэдыкт XVI казаў, што яна заклікала Пантыфіка вярнуцца ў Рым «з энергіяй і настойлівасцю».
Кацярына называла Папу «лагодным Хрыстом на зямлі», але пры гэтым умела звяртацца да яго з настойлівасцю, патрабуючы адвагі і рашучасці. Яе любоў да папства не азначала маўчання перад праблемамі Касцёла — наадварот, яна заклікала да яго рэформы і навяртання.
Кацярына пазней была абвешчана святой, а таксама апякункай Рыма і Еўропы і Доктарам Касцёла.
Сёння яе помнік каля замка Святога Анёла на Віа-дэла-Канчыліяцыёнэ зноў прыцягвае ўвагу: турысты фатаграфуюць яго з пэўнага ракурсу, з якога здаецца, што святая цалуе купал Базылікі Святога Пятра — выпадковая фатаграфічны эфект, які, аднак, дакладна перадае сэнс яе місіі.
13 верасня 1376 года Грыгорый XI пакінуў Авіньён. За гэтым рашэннем стаяла не толькі вялікая палітыка і касцельная дыпламатыя — важным быў таксама голас жанчыны з Сіены, якая мела адвагу выказаць Пантыфіку сваё думку.






