
14 жніўня ў Каталіцкім Касцёле адзначаецца ўспамін святога Максімільяна Марыі Кольбэ, францішканскага законніка і місіянера.
Святы Максімільян Марыя Кольбэ быў францішканінам, заснавальнікам найбольшай у ХХ стагоддзі мужчынскай манаскай супольнасці, стваральнікам вялікага выдавецтва каталіцкай прэсы і рэлігійнай літаратуры ў Непакалянаве пад Варшавай, заснавальнікам марыйнага руху пад назваю «Рыцар Беззаганнай». Пэўны час ён служыў у Гродне, у мясцовым кляштары францішканаў.
Жыццёвы шлях Максімільяна
У 1918 годзе Максімільян Кольбэ становіцца святаром і пачынае актыўна распаўсюджваць культ Марыі Беззаганнай. Прайшло не так шмат часу, як недалёка ад Варшавы літаральна на пустым месцы ён будуе вялікі кляштар, які называецца Непакалянаў у гонар Беззаганнай Панны. У гэтым кляштары была і рэдакцыя часопіса «Рыцар Беззаганнай», і радыёстанцыя, і стаянка для аўтамабіляў, і шматлікія склады, і нават пажарная частка і маленькі аэрадром.
У гэтым кляштары было заведзена, што кожны законнік павінен быў навучыцца хаця б адной грамадзянскай спецыяльнасці. Сярод законнікаў былі і машыністы, і журналісты, і лётчыкі, і кіроўцы, і шмат іншых адмыслоўцаў.
У 30-х гадах мінулага стагоддзя Максімільян шмат падарожнічаў. Былі паездкі ў Японію, а таксама ў Кітай. Каля японскага горада Нагасакі Максімільян таксама адбудоўвае кляштар Марыі Беззаганнай. Ён стаў самым вядомым каталіцкім кляштарам ва ўсёй Японіі. Магчыма, Бог асабліва аберагаў гэты кляштар, бо калі летам у 1945 годзе ў Нагасакі патрапіла атамная бомба, з-за чаго горад быў цалкам знішчаны, кляштар зусім не пацярпеў.
Ваенны час

1 верасня 1939 года нямецка-фашысцкія войскі ўвайшлі на тэрыторыю Польшчы. Пачалася Другая Сусветная вайна. Фашысты прыходзілі на фабрыкі і заводы, у школы і магазіны, каб аб'явіць: з гэтага часу ўсім тут трэба жыць па новых правілах. Правілы гэтыя зводзіліся, па сутнасці, да аднаго. Кожны, хто не з'яўляўся чыстакроўным германцам, аўтаматычна станавіўся чалавекам другога гатунку. У першыя ж дні акупацыі ў Варшаве з'явілася яўрэйскае гета — тэрыторыя, за межы якой яўрэям не дазвалялася выходзіць. Перыядычна немцы вывозілі адтуль машыны, поўныя людзей. Няшчасных адпраўлялі ў канцлагер Асвенцім, які фашысты пабудавалі каля аднайменнага польскага горада. Зрэшты, у гэты жахлівы лагер смерці траплялі не толькі яўрэі. Практычна кожны рызыкаваў там апынуцца.
28 мая 1941 года ў Асвенцім прывезлі чалавека ў доўгім чорным адзенні. Гэта быў каталіцкі святар і законнік, айцец Максімільян Кольбэ.
У кляштар каля Варшавы, дзе Кольбэ служыў пробашчам, эсэсаўцы наведаліся невыпадкова. Інфарматары даўно раілі новым нацысцкім уладам больш уважліва прыглядзецца да кляштара. За яго сценамі, адкуль з пачаткам вайны разбегліся амаль усе законнікі, Максімільян Кольбэ зладзіў прытулак для тых, каму па якіх-небудзь прычынах неабходна было схавацца ад фашыстаў, хто меў патрэбу ў даху над галавой, талерцы супу, кавалку хлеба, каму не было куды ісці. Такіх людзей з кожным днём прыходзіла ўсё больш і больш. Для іх у кляштарных памяшканнях Максімільян Кольбэ арганізаваў сталовую, лякарню і шпіталь. Разам з усімі на тэрыторыі кляштара хаваліся і яўрэі, што паводле акупацыйнай улады лічылася цяжкім злачынствам. Падпольная радыёстанцыя таксама размяшчалася ў кляштары, адкуль трансліраваліся ў эфір перадачы, у якіх выкрываліся зверствы нямецкіх акупантаў.
Учынак невымернай чалавечнасці

Максімільяна Кольбэ арыштавалі ў лютым 1941-а года. Пасля трох месяцаў допытаў яго перавялі з турмы ў канцэнтрацыйны лагер. Але нават у такім страшным месцы святар, на здзіўленне многіх, не губляў прысутнасці духу.
«Бог не дае выпрабаванняў, якія нам не па сілах»,
— паўтараў ён.
Законнік дапамагаў аслабелым, хворым зняволеным: браў на сябе іх працу, хаця ў самога было толькі адно лёгкае — з-за перанесенага ў маладосці туберкулёзу.
Летам 1941 года, з блока, які знаходзіўся пад нумарам 14, дзе знаходзіўся сам Максімільян, уцёк зняволены. Эсэсаўцы доўга шукалі яго, але так і не знайшлі. Тады камендант лагера Карл Фрыцш вырашыў адабраць дзесяць вязняў і паслаць іх на галодную смерць, зачыніўшы ў асобным блоку. Калі камендант пачаў адбіраць смяротнікаў, сярод гэтых людзей аказаўся польскі сяржант Францішак Гаяўнічак. Калі назвалі яго імя, сяржант горка заплакаў і, звяртаючыся невядома да каго, сказаў:
«Як жа так! Я ніколі больш не ўбачу сваю жонку і дзяцей? Як яны будуць без мяне?»
Сэрца Максімільяна здрыганулася і ён, выйшаўшы са строю, папрасіў каменданта, каб той замест Францішка ўзяў яго. І Фрыцш згадзіўся.
Каля трох тыдняў вязні паміралі ад голаду і абязводжвання. Па заканчэнні трох тыдняў Максіміліян і яшчэ трое ўсё яшчэ заставаліся жывыя. Але 14 жніўня 1941 года было загадана знішчыць усіх палонных. І гэтай няшчаснай чацвёрцы ўкалолі ін'екцыю фенолу. Затым цела Максімільяна спалілі.
Святы Максіміліян Кольбэ

У 1971 годзе папа Павел VI абвясціў Максімільяна Кольбэ благаслаўлёным, а 10 кастрычніка 1982 года папа Ян Павел ІІ кананізаваў святара, які аддаў сваё жыццё за іншага чалавека, даўшы такім чынам сведчанне сапраўднай Хрыстовай любові да бліжняга.
На радзіме Максімільяна Кольбэ лічаць сімвалам ахвяр нацызму, абаронцам чалавечай годнасці, прыкладам цнот, вялікім маральным аўтарытэтам і нацыянальным героем.







