
24 мая, ва Урачыстасць Спаслання Святога Духа, на радзіме Папы Льва ХІV распачалася Нацыянальная эўхарыстычная пілігрымка, прымеркаваная да 250-годдзя ЗША.
Яна будзе доўжыцца шэсць тыдняў і завяршыцца ў нядзелю 5 ліпеня падчас святкаванняў юбілею падпісання Дэкларацыі Незалежнасці — падзеі агульнанацыянальнага значэння.
Вернікі пройдуць з Найсвяцейшым Сакрамэнтам па маршруце святой Францішкі Ксаверыі Кабрыні — першай кананізаванай грамадзянкі ЗША, апякункі мігрантаў — праз усе 14 штатаў уздоўж усходняга ўзбярэжжа Атлантычнага акіяна.
Пілігрымка пад дэвізам «Адна нацыя пад Богам» з шырокім удзелам свецкіх і духавенства распачалася ў месцы, якое мае гістарычнае значэнне для станаўлення Каталіцкага Касцёла ў ЗША. Сэнт-Огастын — найстарэйшы каталіцкі горад краіны ў штаце Фларыда, куды іспанскія місіянеры прыбылі яшчэ ў XVI стагоддзі і служылі мясцовым індзейцам. У дзень Пяцідзясятніцы на распачацце пілігрымкі там адбыліся святыя Імшы ў санктуарыі Маці Божай Ла-Лечэ (Кормячай) і катэдры святога Аўгустына, якія ўзначаліў біскуп дыяцэзіі Сэнт-Огастын Эрык Пальмаер.

Пілігрымы пройдуць праз 18 дыяцэзій лацінскага абраду і дзве епархіі візантыйскага абраду, удзельнічаючы ў святых Імшах, адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту, духоўных разважаннях.
Апошнім пунктам эўхарыстычнай працэсіі стане горад Філадэльфія ў штаце Пенсільванія ў Дзень Незалежнасці Злучаных Штатаў.
Нацыянальная эўхарыстычная пілігрымка праходзіць у ЗША ўжо трэці год запар.
Арганізатары паведамляюць, што маршрут 2026 года закліканы заахвоціць да малітвы аб адзінстве, аздараўленні і аднаўленні на парозе юбілею краіны.
Да гістарычнай падзеі прымеркавана таксама прысвячэнне краіны Найсвяцейшаму Сэрцу Пана Езуса, якое адбудзецца раней — 11 чэрвеня падчас Генеральнай Асамблеі Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў ЗША. На працягу апошняга года біскупы заклікалі усіх амерыканскіх католікаў падрыхтавацца да гэтай важнай духоўнай падзеі праз 250 гадзін адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту і 250 учынкаў міласэрнасці.







