
Падчас сустрэчы з архіепіскапам Кентэрберыйскім Сарай Малалі Папа нагадаў, што падзелы паміж хрысціянамі аслабляюць сведчанне Евангелля. Ён заклікаў працягваць працаваць над пераадоленнем рознагалоссяў, якімі б непераадольнымі яны ні здаваліся.
27 красавіка Леў XIV прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане духоўнага лідара Англіканскай супольнасці, архіепіскапа Кентэрберыйскага Сару Малалі. «Ваш візіт нагадвае мне пра памятную сустрэчу святога Паўла VI і архіепіскапа Майкла Рэмсі шэсцьдзясят гадоў таму», — сказаў Папа, заўважыўшы, што «з таго часу архіепіскапы Кентэрберыйскія і Біскупы Рыма працягваюць сустракацца і маліцца разам». «Я рады, што мы працягваем гэтую традыцыю і сёння», — дадаў ён.
«На працягу ўсіх гэтых дзён Велікоднага перыяду ва ўсім Касцёле гучаць першыя словы ўваскрослага Хрыста: "Супакой вам". Гэта прывітанне заклікае нас не толькі прыняць дар супакою Пана, але і стаць пасланнікамі Яго супакою. Я часта казаў, што супакой Уваскрослага Езуса "бяззбройны". Гэта таму, што Ён заўсёды адказваў на гвалт і агрэсію без зброі, заклікаючы нас рабіць тое самае. Больш за тое, я веру, што хрысціяне павінны разам несці прароцкае і пакорнае сведчанне аб гэтай глыбокай рэальнасці»,
— сказаў Пантыфік.
Святы Айцец заўважыў, што «у той час, як наш пакутуючы свет так патрабуе Хрыстовага супакою, падзелы паміж хрысціянамі аслабляюць нашу здольнасць быць яго дзейснымі носьбітамі».

«Таму, каб свет прыняў наша прапаведаванне блізка да сэрца, мы павінны нястомна маліцца і прыкладаць намаганні, каб устараніць усякія перашкоды для абвяшчэння Евангелля. Акцэнт на неабходнасці адзінства дзеля больш плённай евангелізацыі быў лейтматывам ўсяго майго служэння; больш за тое, ён адлюстраваны ў дэвізе, які я выбраў, калі быў прызначаны біскупам: In Illo uno unum — «У Ім адзіным — значыць у Хрысце — мы адзіныя», — нагадаў Святы Айцец.
Леў XIV заўважыў, што калі архіепіскап Майкл Рэмсі і святы Павел VI аб’явілі аб пачатку тэалагічнага дыялогу паміж англіканамі і католікамі, яны казалі пра імкненне да «аднаўлення поўнага адзінства ў веры і сакрамэнтальным жыцці».
«Безумоўна, гэты экуменічны шлях быў складаным. Хоць у некаторых пытаннях, якія гістарычна выклікалі рознагалоссі, быў дасягнуты значны прагрэс, у апошнія дзесяцігоддзі ўзніклі новыя праблемы, з-за якіх шлях да поўнага адзінства стала складаней разглядаць. Я ведаю, што Англіканская супольнасць у цяперашні час сутыкаецца з многімі з гэтых жа пытанняў. Тым не менш, мы не павінны дазваляць гэтым пастаянным выклікам, перашкаджаць нам выкарыстоўваць кожную магчымасць, каб разам абвяшчаць Хрыста свету. Як казаў мой дарагі папярэднік Папа Францішак прымасам Англіканскай супольнасці ў 2024 годзе: "Было б скандалам, калі б з-за нашых рознагалоссяў мы не выканалі нашага агульнага паклікання – абвяшчаць Хрыста". Са свайго боку, я дадам, што было б таксама скандалам, калі б мы не працягвалі працаваць над пераадоленнем нашых рознагалоссяў, якімі б непераадольнымі яны ні здаваліся», — сцвердзіў Леў XIV.
Напрыканцы прамовы Папа заклікаў памаліцца аб тым, каб Дух Святы накіроўваў «нашы крокі, калі мы з малітвай і пакорай імкнёмся да адзінства, якое з’яўляецца воляй Пана для ўсіх Яго вучняў».


































