
У Ватыкане выклікаў сенсацыю гістарычны дакумент, які пралівае новае святло на сувязь паміж спачылым Бэнэдыктам XVI і цяперашнім Папам Львом XIV, тады — айцом Робертам Прэвостам, піша credo.pro. Ліст, які айцец Прэвост напісаў адразу пасля адыходу Бэнэдыкта ад кіравання Касцёлам, сведчыць аб іх глыбокай духоўнай роднаснасці, якая выходзіць далёка за межы дыпламатычнай ветлівасці.
Усяго праз дзень пасля гістарычнай заявы Бэнэдыкта XVI аб адстаўцы 11 лютага 2013 года тагачасны Генеральны прыёр аўгустынцаў узяўся за пяро. Кранальнымі словамі будучы Папа выказаў сваю «падзяку, вернасць, захапленне і падтрымку». Ён асабліва ацаніў «вялікую мужнасць», якую Бэнэдыкт выказаў у сваім рашэнні сысці з пасады пераемніка святога Пятра — акт, які шакаваў свет у той час і які айцец Прэвост разглядаў як служэнне Касцёлу.
Асаблівае значэнне мае прызнанне генералам аўгустынцаў пазіцыі Бэнэдыкта XVI у дачыненні да скандалаў з сексуальнымі злоўжываннямі. Ён падзякаваў нямецкаму Папу за яго «непахіснае лідарства ў гэтай трагічнай і балючай справе». Айцец Прэвост падкрэсліў «рашучасць» і «ўзорнае пастырскае чуццё», з якім Бэнэдыкт прасіў прабачэння ў ахвяр.
Гэта прызнанне «ўнутранай працы ачышчэння», якую Ёзэф Ратцынгер распачаў яшчэ ў 2005 годзе, аплакваючы «бруд у Касцёле», сёння разглядаецца як уступ да прынцыпаў, якія Леў XIV паслядоўна ўводзіць у сваім пантыфікаце.
Двух папаў аб'ядноўвае не толькі касцёльная тактыка, але таксама тэалогія святога Аўгустына.
У інтэрв'ю «Il Giornale» арцыбіскуп Георг Генсвайн, былы асабісты сакратар Папы Бэнэдыкта, патлумачыў, што яны абодва «гавораць на адной мове». Для ўніверсітэцкага прафесара Ратцынгера святы Аўгустын быў «палярнай зоркай» яго жыцця, жарсцю, якую ён падзяляў з аўгустынскім манахам Прэвостам.
Арцыбіскуп Генсвайн падзяліўся асабістым успамінам: ужо ў 2007 годзе, падчас візіту ў Павію, Бэнэдыкт XVI быў глыбока ўражаны прамовай айца Роберта Прэвоста. «Гэта было выдатна», — пракаментаваў тады Папа Бэнэдыкт у прыватнай размове.
Падабенства ў іх жыццёвых шляхах уражвае: падобна гіпонскаму святому, які на самай справе хацеў быць толькі тэолагам, але быў вымушаны стаць біскупам, Ёзэф Ратцынгер не хацеў станавіцца Папам, але скарыўся перад абраннем. Падобна на тое, што Леў XIV ідзе па гэтым шляху з глыбокай павагай да свайго папярэдніка.
Ліст, які зноў убачыў дзённае святло, выразна паказвае, што цяперашні пантыфікат з'яўляецца не адыходам ад Бэнэдыкта XVI, а арганічным працягам таго духу, які імкнецца да праўды і адзінства, трывала ўкаранёнага ў аўгустынскай традыцыі.
Арыгінал ліста можна прачытаць у Mitteilungen. Institut Papst Benedikt XVI. (= MIPB 18/ 2025).







