Пошук

27.03.2026 21:05   Аляксандр Панчанка / Vatican News BY

Сядзіба Дыкастэрыі веравучэння

Біскупы ардынарыі персанальных ардынарыятаў для былых англікан вылучылі сем галоўных рыс, якія складаюць іх тоеснасць і могуць служыць узбагачэнню ўсяго Касцёла.

З 1 па 3 сакавіка 2026 года ў Дыкастэрыі веравучэння прайшла пленарная сустрэча біскупаў ардынарыяў персанальных ардынарыятаў, створаных на падставе Апостальскай канстытуцыі Anglicanorum сoetibus. Прэфект ватыканскага ведамства, кардынал Віктар Мануэль Фернандэс, папрасіў іерархаў падзяліцца досведам таго, як у іх супольнасцях захоўваюцца і інтэгруюцца элементы англіканскай традыцыі. На падставе іх адказу быў падрыхтаваны адмысловы дакумент, апублікаваны на сайце Дыкастэрыі.

Каштоўны дар

Біскупы сцвердзілі, што, нягледзячы на вялікія геаграфічныя адлегласці паміж ардынарыятамі, у іх супольнасцях, дзе б яны ні знаходзіліся, выразна праяўляецца агульная тоеснасць.

«Гэтая агульная тоеснасць караніцца ў супольным шляху следавання за Хрыстом, які прывёў іх да поўнай еднасці з Каталіцкім Касцёлам»,

— адзначылі іерархі, заўважыўшы, што, уступаючы ў гэту еднасць, яны прынеслі з сабой тое, што Павел VI назваў «каштоўнай спадчынай пабожнасці і звычаяў». Біскупы згадалі таксама, што Апостальская канстытуцыя Бэнэдыкта XVI Anglicanorum сoetibus, выдадзеная ў 2009 годзе, апісвае гэту спадчыну як «каштоўны дар [...] і скарб, якім трэба дзяліцца».

Сем рысаў тоеснасці

Іерархі вылучылі некалькі рысаў, якія яны лічаць характэрнымі для духоўнай і пастырскай спадчыны ардынарыятаў. Першай яны назвалі «эклезіяльны этас», які характарызуецца актыўным удзелам духавенства і свецкіх вернікаў у жыцці і кіраванні Касцёлам, а таксама адкрытасцю на прыняцце новых вернікаў.

Другая рысаевангелізацыя праз прыгажосць. Яна прадугледжвае ўвагу да літургіі, сакральнай музыкі і мастацтва, якія разглядаюцца як сродкі для ўвядзення ў еднасць з Богам і як місіянерскія інструменты.

Трэцяя рыса спадчыны ардынарыятаў канкрэтнае служэнне патрабуючым як неад’емная частка духоўнага жыцця. «У ардынарыятах прыгажосць літургіі і святасць жыцця выяўляюцца ў канкрэтных рэаліях месцаў пражывання», напісалі біскупы.

Чацвёртай рысай іерархі назвалі пастырскую культуру, якая прадугледжвае цесную сувязь паміж літургіяй і штодзённым жыццём.

«Адметнасцю тут з’яўляецца літургічны, амаль манаскі рытм, уласцівы англіканскай духоўнай традыцыі. Важным элементам з’яўляецца супольная малітва Літургіі гадзін як малітва ўсяго Божага народу»,

гаворыцца ў тэксце.

Пятая рыса сям’я як «хатні Касцёл». «Дом лічыцца першым месцам, дзе вучацца веры і жывуць ёй. Асаблівая ўвага надаецца сакрамэнту сужэнства і ролі бацькоў як галоўных выхавацеляў іх дзяцей у веры», напісалі ардынарыі.

Шостая характарыстыка моцная традыцыя прапаведавання, заснаванага на Святым Пісанні, увага да інтэлектуальнага сілкавання вернікаў як неад’емнай часткі сілкавання іх душаў.

«Тут зноў з’яўляецца тэма прыгажосці: сустрэча з Хрыстом у бляску літургіі і абвяшчэнні Божага слова не разумеюцца як асобныя рэальнасці, а як два вымярэнні адной і той жа сустрэчы. У супольнасцях ардынарыяту гэта рэалізуецца на моцным падмурку Традыцыі (асабліва вучэння Айцоў Касцёла) і з прызнаннем ролі розуму ў гармоніі з верай і служэнні ёй»

падкрэслілі біскупы.

Сёмая рыса важнае значэнне духоўнага кіраўніцтва і сакрамэнту пакаяння, асабістая ўвага да кожнага верніка і яго суправаджэнне на шляху да сустрэчы з Хрыстом, Добрым Пастырам.
 

Абноўлена 27.03.2026 23:15
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.