Пошук

21.11.2026 13:32   Catholic.by
Фота: grodnensis.by

21 лістапада ўвечары ў гродзенскай парафіі Найсвяцейшага Адкупіцеля ў мікрараёне Дзевятоўка (Гродзенская дыяцэзія, дэканат Гродна-Усход) пройдзе святкаванне на дыяцэзіяльным узроўні 41-а Сусветнага дня моладзі. З гэтай нагоды Старшыня ККББ, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, які доўгі час працаваў з маладымі людзьмі і цяпер таксама выражае асаблівы клопат пра будучае пакаленне Касцёла, кіруе да ўдзельнікаў сваё пастырскае слова.

Пастырскае слова
Арцыбіскупа Юзафа Станеўскага,
Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага,
да Касцёла на Беларусі,
а асабліва да моладзі,
з нагоды 41-а Сусветнага дня моладзі
на дыяцэзіяльным узроўні
Глыбокапаважаныя святары, кансэкраваныя асобы, дарагія бацькі і выхавацелі!
Умілаваная ў Хрысце моладзь нашай Бацькаўшчыны!
Ужо заўтра, ва ўрачыстасць Пана нашага Езуса Хрыста, Валадара Сусвету, Касцёл ва ўсім свеце і на нашай беларускай зямлі будзе адзначаць 41-ы Сусветны дзень моладзі на дыяцэзіяльным узроўні. Гэты дзень заўсёды напаўняе нашыя сэрцы асаблівай радасцю, хрысціянскім аптымізмам і жывой надзеяй.
Бо там, дзе збіраецца маладосць, якая шукае Бога, там б’ецца пульс жывога Касцёла, там нараджаецца будучыня нашай веры і нашага народа.
Чатыры дзесяцігоддзі таму ініцыятарам гэтых незвычайных сустрэч стаў святы Папа Ян Павел ІІ. Ён верыў у моладзь, любіў яе і называў маладых людзей «надзеяй Касцёла і маёй надзеяй». Вялікі Папа не стамляўся паўтараць вам словы, якія і сёння гучаць як заклік да дзеяння: «Не бойцеся! Адчыніце, нават расчыніце насцеж дзверы Хрысту!» Менавіта дзякуючы яго мудрасці і айцоўскай любові Сусветныя дні моладзі сталі для мільёнаў юнакоў і дзяўчат сапраўднай школай веры, братэрства і адкрыцця свайго жыццёвага паклікання.
Як пастыр, я меў вялікае шчасце быць разам з беларускай моладдзю на сусветных форумах у Польшчы, Панаме і Партугаліі.
У маёй памяці назаўсёды засталіся вочы маладых беларусаў, поўныя святла, малітоўнай засяроджанасці і шчырай радасці ад таго, што мы з’яўляемся часткай вялікага Паўсюднага Касцёла.
Сёння мы ўжо распачынаем духоўную пілігрымку да наступнай міжнароднай сустрэчы, якая адбудзецца ў жніўні 2027 года ў далёкім і гасцінным Сеуле, у Паўднёвай Карэі. Я шчыра спадзяюся і малюся аб тым, каб Божы Провід дазволіў мне разам з вамі, дарагая моладзь Беларусі, прайсці гэты шлях і быць у Сеуле, каб там сведчыць пра нашу веру.
Тэмай сёлетняга дыяцэзіяльнага святкавання і ўсёй падрыхтоўкі да сустрэчы ў Сеуле Святы Айцец Леў XIV абраў поўныя моцы словы Езуса з Евангелля паводле святога Яна: «Будзьце адважнымі: Я перамог свет!» (Ян 16, 33).
У сваім Пасланні на 41-ы Сусветны дзень моладзі Папа Леў XIV звяртаецца да кожнага з вас з незвычайнай цеплынёй, дзякуючы Богу за той вялікі дар, якім вы з’яўляецеся для Касцёла і грамадства. Святы Айцец піша:
«Ён ведае вас, любіць вас і суправаджае на жыццёвым шляху. Яго Дух абуджае ва ўсіх вас, такіх розных і раскіданых па ўсім свеце, аднолькавае жаданне вялікіх і трывалых рэчаў, падштурхоўвае вас да пошуку свабоды і праўды».
Папа нагадвае нам, што ў свеце, дзе часта пануюць няўпэўненасць, страх перад будучыняй і ціск неабходнасці выглядаць «ідэальнымі», сапраўдная перамога Хрыста — гэта перамога любові, якая дорыць сябе без разліку. «Сапраўдная перамога — гэта не навязаць сябе, а аддаць сябе», — падкрэслівае Леў XIV і заклікае вас не чакаць, пакуль станеце бездакорнымі, а ўжо сёння адкрыць свае сэрцы Хрысту, які прымае нас такімі, якімі мы ёсць.
Дарагія сябры! Быць маладым — гэта не толькі лічба ў пашпарце. Варта быць і назаўсёды заставацца маладым менавіта духам!
Маладосць духу — гэта здольнасць здзіўляцца Божым справам, не паддавацца цынізму, марыць пра вялікае і несці святло туды, дзе пануе змрок.
Выдатна пра гэта сказаў Папа Францішак: «Хто дазваляе Хрысту дакрануцца да свайго сэрца, той становіцца нанова маладым маладосцю самога Хрыста». Няхай гэтая праўда натхняе не толькі юнакоў і дзяўчат, але і нашых бацькоў, бабуль, дзядуляў і святароў — кожнага, хто імкнецца захаваць свежасць веры.
Дарагія святары і бацькі! Будзьце побач з моладдзю. Слухайце яе пытанні, падтрымлівайце ў сумненнях, спадарожнічайце ёй сваёй малітвай і добрым прыкладам, дапамагаючы распазнаць голас Бога, які кліча кожнага па імені.
А вас, дарагія юнакі і дзяўчаты, я сардэчна запрашаю да актыўнага ўдзелу ў святкаванні Сусветнага дня моладзі ў вашых парафіях і дыяцэзіях.
Не бойцеся быць адважнымі сведкамі Уваскрослага Пана ў сваіх універсітэтах, школах, на працы і ў лічбавай прасторы. Памятайце: Хрыстус ужо перамог свет, і з Ім мы заўсёды на баку жыцця, праўды і надзеі.
Даручаю ўсю моладзь Беларусі апецы Найсвяцейшай Панны Марыі, Маці прыгожай любові, і з усяго сэрца ўдзяляю вам сваё пастырскае благаслаўленне: у імя Айца і Сына, і Духа Святога. Амэн.
✠ Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі
Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі
Абноўлена 21.11.2026 13:35
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа