21 лістапада гродзенская парафія Найсвяцейшага Адкупіцеля чакае маладых людзей на святкаванне 41-га Сусветнага дня моладзі.
Як сённяшняй моладзі знаходзіць адвагу жыць верай і не губляць надзеі? Пра гэта можна будзе паразважаць разам падчас сустрэчы ў Гродне, якая пройзе 21 лістапада ў парафіі Найсвяцейшага Адкупіцеля ў Гродне (мікрараён Дзевятоўка) з нагоды святкаваннея 41-га Сусветнага дня моладзі.
Дэвізам сёлетняга Сусветнага дня моладзі сталі словы Езуса з Евангелля Яна: «Будзьце мужнымі! Я перамог свет» (Ян 16, 33).
Сустрэчы моладзі ў гродзенскай парафіі ўжо сталі добрай традыцыяй. Падобнае святкаванне прайшло тут і летась, сабраўшы маладых вернікаў для супольнай малітвы і адпачынку.
Сёлета арганізатары падрыхтавалі праграму, якая аб'яднае духоўную і музычную часткі.

Праграма:
- 18.00 — канферэнцыя;
- 19.00 — святая Імша;
- 20.00 — супольны адпачынак і выступленне гурта Ignis Spiritus.
Арганізатары запрашаюць маладых людзей далучыцца да святкавання, каб разам адзначыць гэты дзень, сустрэцца з равеснікамі і ўмацавацца ў веры.






