Пошук

28.07.2026 20:54   Тэкст і фота: Віктар Ведзень / Catholic.by

Падчас свята, якое адбылося ў гонар апякункі парафіі святой Марыі Магдалены ў Новалукомлі (Віцебская дыяцэзія, Лепельскі дэканат), быў асвечаны новы абраз святой, што размясціўся ў правым бочным алтары святыні.

25 ліпеня парафіяльнае свята сабрала не толькі мясцовых вернікаў, але і пілігрымаў з Мінска, Віцебска, Крупак і наваколля. Урачыстую святую Імшу ў інтэнцыі за жанчын, а таксама аб духоўным жыцці для сем’яў, якія складаюць адну Божую хрысціянскую сям’ю, узначаліў пробашч парафіі Спаслання Святога Духа ў Барысаве (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія) ксёндз прэлат канонік Уладзіслаў Завальнюк.

Святкаванне пачалося з канцэрта парафіяльнага хору з віцебскай парафіі святога Уладзіслава, які суправаджаў спевам святую літургію.

Душпастыр парафіі ксёндз Мікалай Ліпскі напачатку Імшы падзякаваў ўсім, хто прычыніўся да арганізацыі фэсту —  усім прысутным святарам, а таксама прадстаўнікам дзяржаўнай улады, якія прысутнічалі на гэтым свяце.

Звяртаючыся да вернікаў, прэлат Завальнюк нагадаў, што, дзякуючы Папе Францішку 3 чэрвеня (дэкрэт афіцыйна апублікаваны 10 чэрвеня) 2016 года было ўстаноўлена свята святой Марыі Магдалены ў кантэксце юбілею міласэрнасці, каб падкрэсліць важнасць гэтай жанчыны, якая мела вялікую любоў да Хрыста і спазнала Яго міласэрнасць. Яна першая прыбегла да апосталаў са словамі: «Хрыстус уваскрос!». І да гэтага часу Касцёл абвяшчае Уваскрослага Хрыста.

Святар звярнуў увагу на два шляхі Марыі Магдалены. Першая дарога гэта яе жыццё да вызвалення з-пад улады злых духаў. Ён правёў аналогію з сямю галоўнымі грахамі: пыхай, хцівасцю, зайздрасцю, гневам, распустай, неўмеркаванасцю ў ежы і піцці і лянотай, што часта перашкаджаюць і ў нашым жыцці ісці шляхам да святасці. А другая дарога Марыю Магдалену вядзе за Хрыстом. Езус вызваляе яе ад сямі злых духаў.

Пасля быў асвечаны новы абраз святой апякункі, выкананы мастаком з Лепеля Аляксандрам Саўчанкам. Раней, 14 чэрвеня, біскуп Віцебскі Алег Буткевіч асвяціў у касцёле алтар Езуса Міласэрнага, які таксама з'яўляецца працай рук майстра Аляксандра.

Сакратар арцыбіскупа эмэрыта Тадэвуша Кандрусевіча, ксёндз Павел Эйсмант, які прысутнічаў на ўрачыстасці, перадаў словы віншавання ад арцыпастыра.

«Сёння мы павінны былі падзяліць вялікую радасць, разам памаліцца і асвяціць новы абраз святой Марыі Магдалены ў вашым касцёле. Я вельмі чакаў гэтай сустрэчы з вамі, але як кажа выслоўе: "Чалавек мяркуе, а Бог вызначае". Па стане здароўя і патрабаванню лекараў я вымушаны заставацца пад назіраннем. Але наша фізічная адлегласць не азначае адлегласці духоўнай. У гэтыя дні я злучаюся з вамі ў малітве.

Асвячэнне абраза — гэта гістарычная падзея для вашай супольнасці. Гэта знак таго, што Касцёл жыве, развіваецца і ўмацоўваецца ў веры. Памятайце, што кожны з вас з’яўляецца жывым каменем у будынку Божым.

Няхай асвечаны абраз стане для кожнага з вас месцам пастаяннай сустрэчы з жывым Богам, крыніцай святла, надзеі і ўзаемнай любові. Няхай святое аблічча на новым абразе заўсёды звяртае да вас свой позірк, суцяшае ў цяжкасцях і благаслаўляе вашыя сем’і, выпрошваючы патрэбныя ласкі і моц для штодзённага крочэння шляха Божага закону і Божай праўды», — акцэнтаваў заслужаны іерарх у пісьме.  

У адказ парафіяне перадалі для арцыбіскупа абраз святой апякункі парафіі, саламяны капялюш і памятны медаль з нагоды 37-й гадавіны біскупскага пасвячэння, якая прыйшлася на гэты дзень з абраным дэвізам біскупа «Quis ut Deus («Хто ж як Бог»)» і зваротам «Волату веры».

Удзячныя парафіяне звярнуліся да Лепельскага мастака Аляксандра, выказваючы шчырую падзяку і жадаючы здароўя і добрага настрою: «Няхай заўсёды будзе месца для цудаў і далейшых творчых дасягненняў».

Набажэнства завяршылася Эўхарыстычнай працэсіяй і малітвай у інтэнцыі Святога Айца Льва XIV. Пасля адбылося асвячэнне транспартных сродкаў з нагоды ўспаміну святога Крыштафа, апекуна кіроўцаў, які прыпадаў на гэты дзень. А на ўспамін аб падзеі быў зроблены супольны парафіяльны фотаздымак.

Трансляцыю набажэства з Навалукомля можна паглядзець на ютуб-канале «Голас Душы».

Абноўлена 29.07.2026 22:26
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.