У нядзелю 19 ліпеня апоўдні прайшла ўрачыстая святая Імша на заканчэнне традыцыйнага Гудагайскага фэсту, які сёлета адбываецца ў дыяцэзіяльным санктуарыі Маці Божай Шкаплернай у Гудагаі (Гродзенская дыяцэзія) пад дэвізам «Хочам служыць Табе заўжды аддана». Эўхарыстыю ўзначаліў арцыбіскуп эмэрыт Мінска-Магілёўскі Тадэвуш Кандрусевіч, які ў бягучым годзе адзначае 80-ю гадавіну нараджэння і 45-ю гадавіну прэзбітэрскага пасвячэння.
Напачатку кусташ санктуарыя айцец Аркадзь Куляха OCD традыцыйна прывітаў усіх прысутных: галоўнага цэлебранта, а затым біскупа Гродзенскага Уладзіміра Гуляя, святароў, манаскіх асоб і вернікаў, а таксама прадстаўніка мясцовай улады Уладзіміра Іосіфавіча Барысевіча. Віншуючы арцыбіскупа Кандрусевіча з юбілейнымі датамі, ён папрасіў яго таксама падзяліцца з удзельнікамі святкавання сваім гумарам ― распавесці жарт. Іерарх паабяцаў, што зробіць гэта напрыканцы Імшы. Таксама святар асабліва падкрэсліў прысутнасць на ўрачыстай Імшы велаклуба «Ровар» з Ашмян, музычнага гурта Verbum Dei з Мінска, а таксама каманды «Радыё Марыя Беларусь», якая вяла прамую трансляцыю падзеі.
Арцыпастыр прывітаў вернікаў на розных мовах: рускай, польскай, літоўскай, англійскай і італьянскай, падкрэсліўшы прынцып «адзінства ў разнастайнасці» — розныя па нацыянальнасці і мове людзі ўтвараюць адзін Божы народ, адзін Касцёл.
У гаміліі іерарх зазначыў, што сёлетняе святкаванне мае асаблівае значэнне, таму што адбываецца ў 35-ю гадавіну адраджэння іерархічных касцёльных структур і заснавання Гродзенскай дыяцэзіі, з чым ён павіншаваў біскупа Гродзенскага Уладзіміра Гуляя, а таксама ў юбілей 775-годдзя з таго часу, калі з рук Божай Маці святы Сымон Сток атрымаў шкаплер, з чым павіншаваў кусташа і ўсіх прысутных. Ён таксама адзначыў:
«Шкаплер ― гэта марыйны шчыт, які абараняе нас ад небяспекаў і пагроз, што знаходзяцца перад намі і за намі».
Арцыпастыр узгадаў, што Евангелле распавядае пра смерць Езуса на крыжы як пра найважнейшую падзею ў гісторыі чалавецтва, дзякучы якой Новы Адам — Езус Хрыстус — вызваліў чалавецтва з няволі граху і злога духа. «З дрэва крыжа Езус учыніў Марыю нашай духоўнай Маці», — дадаў ён.
Хрысціянства, па яго словах, цесна звязана з Марыяй. І хоць адзіным пасрэднікам паміж Богам і людзьмі з'яўляецца Езус Хрыстус, але Ён — Сын Марыі, без удзелу якой не адбыўся бы цуд Богаўцелаўлення і не здзеснілася б збаўленне чалавецтва.
«Нашаму народу ўласцівы вялікі культ Марыі, дзякуючы якому ён атрымлівае духоўныя і зямныя даброты. На праслаўленні Марыі мы вучымся культуры суіснавання і духоўнай чуласці, — навучаў арцыпастыр. — Народы становяцца вядомымі і моцнымі дзякуючы веры ў Бога, адзінству і ахвярнай любові. Гісторыя ведае шмат прыкладаў, калі багатыя, адукаваныя і культурныя нацыі знікалі з гісторыі, таму што ім не хапіла сілы духа і волі жыць згодна з маральным законам».
Затым, звяртаючыся да прысутных на ўрачыстасці і да ўсіх, каго закране яго слова, прамоўца папярэдзіў: «Сёння мы з'яўляемся сведкамі спаборніцтва за лад жыцця без Бога, без этыкі і без маральных прынцыпаў. А гэта шлях у нікуды».
Паводле яго, сучасны свет знаходзіцца на ростанях паміж мінулым і будучым. У выніку бурнага развіцця электронікі чалавецтва апынулася на мяжы аналагавага і лічбавага свету. «Інтэрнэт і штучны інтэлект усё мацней уваходзяць у нашае жыццё і мы не заўсёды зважаем на яго неэтычнае выкарыстанне. Гэта вядзе да дэзінтэграцыі годнасці створанага па вобразу і падабенству Божаму чалавека.
У выніку гэтага наша эпоха становіцца падобнай да разбітага люстэрка, якое адначасова адлюстроўвае бляск і цемру: бляск навуковага і тэхналагічнага прагрэсу і цемру жыцця без Бога»,
— сцвердзіў іерарх.
Ён нагадаў, што ўжо з’явіліся гуманоіды-хірургі, якія робяць аперацыі. З аднаго боку, гэта вялікае дасягнення навукі, але з іншага — вялікая маральная прагроза. «Бо калі такі гуманоід будзе рабіць аборты, чалавек скажа, што ён не вінаваты, бо іх робіць машына. Сапраўдны бляск навуковых дасягненняў і адначасова грахоўная цемра іх неэтычнага выкарыстання», — падсумаваў ён.
Арцыпастыр, гледзячы на сучасныя праблемы з тэалагічнага пункту гледжання, сцвердзіў, што паталогіі сучаснасці вынікаюць з глыбокага крызісу веры, які, у сваю чаргу, праяўляецца ў крызісе сям’і, пераказу і захавання Божага дару жыцця, маральнасці, узаемнай любові, міласэрнасці, захавання міру і сацыяльнай справядлівасці, і г.д.
«Сёння мы стаім перад абліччам Божай Маці Шкаплернай — нашай Каралевы. Як выглядае Каралеўства Марыі ў нашых сэрцах? Як мы рэалізуем марыйнае “Так”, гэта значыць, згоду з Божай воляй у нашым жыцці?» — запытаўся слухачоў прамоўца.
Ён выразіў перакананне, што праз Марыю Бог узяў беларускі народ пад сваю абарону і на працягу гісторыі апекаваўся ім, асабліва падчас войнаў, трагедый і ганенняў на веру.
«Ці служэнне Папы Яна Паўла II не было працягнутай рукой Бога над светам і нашай Бацькаўшчынай? Падчас яго пантыфікату былі адроджаны структуры Каталіцкага Касцёла ў Беларусі. Ці Бэнэдыкт XVI не быў прарокам новага часу, які настойліва гаварыў пра небяспеку дыктатуры маральнага рэлятывізму і выгнання веры з нашага жыцця? Ці пантыфікат Папы Францішка не стаў новым заклікам да міласэрнасці, сацыяльнай справядлівасці і братэрства народаў? Ці выбар Папы Льва XIV не дае надзеі на новае духоўнае прабуджэнне і вяртанне да Хрыста, у якім мы адзіны?» — паставіў цэлы шэраг рытарычных пытанняў іерарх.
Багаццем нашага Касцёла і Айчыны, нагадаў ён, з'яўляецца народ, які не страціў веры ў часы ганенняў, і які ў часы секулярызму, маральнага рэлятывізму і рэлігійнай абыякавасці, змагаецца за яе чысціню. У апоры на гэта арцыбіскуп Тадэвуш даў слухачам «ключ» вырашэння праблем сучаснасці:
«Перспектыва маральнага адраджэння нацыі крыецца ў нас саміх. Не трэба разглядацца па баках і шукаць вінаватых у маральным крызісе. Неабходна распачаць ад навяртання саміх сябе».
«Не трэба рабіць выгляд, — працягваў ён, — што мы не бачым, як агрэсіўны секулярызм выціскае веру з публічнай сферы жыцця. Патрабаванне сучаснасці — гэта евангельскі радыкалізм, які заклікае паглыбіцца ў праўду Евангелля і сведчыць пра яе ў сучасным свеце».
Абнаўленне і сіла Касцёла, звярнуў увагу прамоўца, не вынікаюць з прыняцця лібералізму ці кансерватызму, бо ні адно, ні другое не дапамагае чалавеку і не ўмацоўвае яго веру. Трэба пазнаваць Хрыста, які ёсць дарогай, праўдай і жыццём (пар. Ян 14, 6) і адзіным Збаўцам свету.
«Сучасны свет перажывае жудасны грахоўны пажар, адкуль нас можа выратаваць толькі Езус, да Якога нас вядзе Марыя. Наша сіла заключаецца ў адзінстве з Ім»,
— падказаў арцыпастыр.
Ён звярнуўся да першай энцыклікі святога папы Яна Паўла ІІ Redemptor hominis і падкрэсліў, што толькі ў таямніцы Хрыста мы адкрываем, што значыць быць чалавекам і выконваць сваё сапраўднае пакліканне, а Яго прысутнасць у нашым жыцці робіць нас людзьмі надзеі.
Сваю гамілію арцыбіскуп Кандрусевіч завяршыў ускліканнем: «Марыя, Маці Божая Шкаплерная! Барані нас ад сучасных тэндэнцый секулярызму, будзь нам Маці надзеі, нават насуперак надзеі, і вядзі да свайго Сына — адзінага Збаўцы свету.
Беларусь! Не бойся стаць пад крыжам выпрабаванняў сучаснасці, бо пад ім Марыя – наша духоўная Маці! Разам з ёй скажы Богу “Так”, і Ён будзе табе благаславіць».
Напрыканцы Імшы біскуп Уладзімір Гуляй, дзякуючы ўдзельнікам фэсту за прысутнасць, выразіў надзею, што кожны, хто быў на ўрачыстасцях, атрымае патрэбныя ласкі праз заступніцтва Маці Божай Шкаплернай, і ўсклікнуў: «Беларусь, не бойся прыняць Марыю! Каталіцкі Касцёл Беларусі, не бойся прыняць Марыю! (…) Мы сёння заклікаем з гэтага месца: Беларусь, не бойся прыняць веру, давер, любоў і адзінства Марыі, бо кожнаму народу патрэбна маці і кожны народ мае права мець маці. (…) Беларусь, слухай Маці Божага Сына!» Прамову ён завяршыў заклікам да Маці Божай аб Яе заступніцтве.
Затым было зроблена некалькі аб’яў, між іншым, пра магчымасць набыцця новага агульнабеларускага спеўніка, а таксама каляровай кнігі па-беларуску пра жыццё і дзейнасць галоўнага цэлебранта святой Імшы — арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча аўтарства сястры Марцэліны Мігач ISSM. Як і прадбачвалася, па саму кнігу як і па аўтограф да арцыбіскупа і да яе аўтара выстраілася вялікая чарга.
Перад удзяленнем пастырскага благаслаўлення арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч выканаў сваё абяцанне, а нават, можна сказаць, перавыканаў: замест аднаго распавёў ажно тры «касцёльныя» жарты з павучальным зместам. Гэтым запамінальным момантам і благаслаўленнем завяршылася святкаванне Гудагайскага фэсту.

























































































