Пошук

25.04.2026 09:51   Solène Tadié / EWTN News / Catholic.by

Доктар Філіп Шарлье даследуе чалавечыя косткі ў Біблійнай школе ў Ерузалеме. Фота: Courtesy of Dr. Philippe Charlier

Французскі лекар Філіп Шарлье, «Эркюль Пуаро* судовай медыцыны», змог рэканструяваць твар Марыі Магдалены і ў цяперашні час даследуе таямнічы «водар святасці».

Наведваючы музеі, касцёлы, санктуарыі і выставачныя залы, судовы патолагаанатам і археолаг Філіп Шарлье мімаволі ўспамінае вялікіх гістарычных асоб, якія паўстаюць перад ім: «Ён мой пацыент... Яна таксама; ён таксама». Вобраз такога доктара нязвыклы і ўвасабляе сабой кар'еру, якая сёння з'яўляецца адной з самых нетыповых на Захадзе.

За апошнія два дзесяцігоддзі доктар Шарлье заваяваў міжнароднае прызнанне дзякуючы прымяненню метадаў сучаснай судовай медыцыны да парэшткаў, якія маюць найбольш сімвалічнае значэнне ў хрысціянскай і еўрапейскай гісторыі — ад караля Людовіка і Марыі Магдалены да Тэрэзы з Лізьё, Францішка Асізскага, Жанны Д'арк, Рычарда Ільвінае Сэрца, Рэнэ Дэкарта і нават Адольфа Гітлера.

Ён таксама на працягу пяці гадоў займаў пасаду навуковага дырэктара Музея на набярэжнай Бранлі ў Парыжы.

Яго апошняя кніга, «Гісторыя пад скальпелем: ускрыцці знакамітых людзей» (L'Histoire au scalpel: Autopsie des morts célèbres), чытаецца як экскурсія па лабараторыі і склепе, з тэмпам і тонам расследавання. Будучы практыкуючым католікам, ён працуе ў межах вывучаемай ім традыцыі, захоўваючы пры гэтым строга судова-медыцынскі падыход.

Прымяненне крыміналістыкі да святых, каралёў і легенд

Адным з найбольш значных аспектаў працы Шарлье з'яўляецца тое, што ён прапануе канкрэтнае разуменне таго, як жылі і паміралі некаторыя з самых шанаваных фігур у хрысціянскай гісторыі. Пры гэтым ён часта кідае выклік даўнім міфам. Ён паказаў, напрыклад, што святы Людовік не памёр ад чумы падчас крыжовых паходаў, як сцвярджалася на працягу стагоддзяў, а ад цяжкай інфекцыі, звязанай з прагрэсаваннем цынгі.

Таксама яго нядаўні аналіз валасоў святой Тэрэзы з Лізьё паказаў, што яна памерла не толькі ад сухотаў. Ртуць, якая ў той час выкарыстоўвалася ў якасці лекавага сродку, таксама адыграла значную ролю.

«Да парэшткаў сярэднявечнага караля ці манахіні-пустэльніцы мы падыходзім з той жа дысцыплінай, што і да сучасных судова-медыцынскіх спраў»,

— сказаў ён выданню Register. «За выключэннем таго, што нас просяць рабіць гэта не прадстаўнікі судовай сістэмы, а гісторыкі». Калі праца завершаная і за сталом сядзіць уся каманда, гэта «крыху нагадвае Агату Крысці» — калі праўда раскрываецца ў канцы расследавання. «Вось тады ты разумееш, што працаваць з гэтым чалавекам было чымсьці неверагодным».

Гэты «Эркюль Пуаро судовай медыцыны» таксама змог рэканструяваць твар святой Марыі Магдалены па парэштках, якія захаваліся ў Правансе, працуючы з чэрапам, фрагментамі скуры і пасмай валасоў, і паказаць, што гэтыя элементы ўтвараюць цэласны набор, які адпавядае адной асобе — міжземнаморскай жанчыне каля 50 гадоў. Сама па сабе рэканструкцыя не даказвае традыцыю, але істотна яе пацвярджае.

Часам вынікі расследаванняў могуць аказацца менш прыемнымі, калі даўно прызнаныя аб'екты культу аказваюцца заснаванымі на гістарычных выдумках. Так здарылася, напрыклад, з парэшткамі Жанны д'Арк, што захоўваюцца ў музеі ў Шыноне, якія аказаліся фрагментамі егіпецкіх мумій.

Шарлье таксама праліў святло на тое, што, магчыма, зрабіла Дэкарта адным з найвялікшых розумаў усіх часоў: гэта асіметрыя ў яго чэрапе, у вобласці, звязанай з абстракцыяй і мовай, якую ён інтэрпрэтаваў як пластычнасць генія. Даследаванне таксама паклала канец неўміручай чутцы: Дэкарт не быў атручаны ў Стакгольме — як доўгі час падазравалі ў сувязі з яго блізкасцю да пратэстанцкай каралевы Крысціны і ідэяй аб тым, што ён спрабаваў схіліць яе да каталіцызму, — а памёр ад пнеўманіі пасля моцнай прастуды.

Цікавасць да рэліквій

Сярод асноўных ініцыятараў гэтых расследаванняў бачнае месца займае сам Касцёл. Як адзначыў Шарлье, касцёльныя ўлады ўсё часцей запытваюць навуковыя даследаванні: не для пацвярджэння якой-небудзь версіі, а для дбайнай праверкі сапраўднасці прадметаў, якія яны прадстаўляюць для ўшанавання. «Насуперак таму, што пісаў Кальвін, — заявіў Шарлье, — насамрэч падробленых рэліквій не так ужо і шмат... прынамсі, калі казаць пра чалавечыя парэшткі». У большасці выпадкаў праблема заключаецца не столькі ў падробцы, колькі ў выпрабаванні часам: рэліквіі перамяшчаюцца, фрагментуюцца і падвяргаюцца пераатрыбуцыі на працягу стагоддзяў.

Гэтыя запыты паступаюць на фоне адраджэння цікавасці да рэліквій ва ўсім заходнім свеце за апошнія 15 гадоў, якое паскорылася пасля COVID-19. Для Шарлье гэта антрапалагічны феномен, рэакцыя на паступовую страту сакральнага ў дэхрысціянізаваных грамадствах.

«Людзям сапраўды цяжка мець веру без чагосьці адчувальнага», — сказаў ён, дадаўшы, што нават такія традыцыі, як пратэстантызм, якія імкнуліся дыстанцыявацца ад любых матэрыяльных пасярэднікаў, на практыцы ствараюць свае ўласныя пункты адліку. «Ім усё яшчэ патрэбна, напрыклад, пасмяротная маска Лютэра, каб зрабіць веру канкрэтнай».

Такім чынам, рэліквіі з'яўляюцца адказам на пазачасавую патрэбу бачыць, набліжацца і дакранацца. Роля навукі ў гэтым кантэксце заключаецца не ў адмене ўшанавання, а хутчэй у яго легітымізацыі.

Сакральнае і навуковае

Гэтая дваістасць пранізвае ўсё жыццё і працу Шарлье. Калі ён браў шлюб у касцёле Сен-Урс у Лош, у рэгіёне Луары, то зрабіў гэта перад магілай Аньес Сарэль, сваёй першай «пацыенткі» і першай каралеўскай «фаварыткі» ў французскай гісторыі, якая таксама запомнілася сваёй глыбокай пабожнасцю, і нават напаўжартам указаў яе ў якасці сведкі ў парафіяльным рэестры.

Гэта адлюстроўвае яго перакананне ў тым, што ягоная праца можа наблізіць памерлых, асабліва гістарычных асоб, да жывых — не як далёкія вобразы, а як людзей, чые жыцці можна лепш зразумець.

Нідзе гэта не выявілася так ясна, як у італьянскім Асізі ў лютым мінулага года. Працуючы ноччу з парэшткамі святога Францішка ў крыпце пад фрэскамі Джота, ён апынуўся перад фігурай, якая доўгі час мела для яго асабістае значэнне.

Ён успамінае, як схіліў калені перад шкілетам святога, «які да яго глыбока прамаўляе». Для яго гэта было «амаль як паломніцтва... адкрыццё», — успамінаў ён момант, пра які марыў усё сваё жыццё.

Парэшткі святога Францішка, упершыню выстаўленыя ў Асізі ў Юбілейны год. Фота: Daniel Ibáñez/EWTN News

«У мяне два паўшар'і, — пракаментаваў даследчык. — Адно належыць верніку, католіку; а іншае — навукоўцу, таму, хто ніколі не прапусціць нават найменшае пашкоджанне на пясцевай костцы або малюсенькую дзірку ў асобным клыку».

Менавіта гэта заахвочвае яго глыбей вывучаць тэмы, якія знаходзяцца на стыку рэлігійнасці і крыміналістыкі.

Адна з іх — так званы «водар святасці».

Ён ужо закранаў гэтую тэму ў сваім даследаванні пра Рычарда Ільвінае Сэрца ў 2013 годзе. У тым канкрэтным выпадку пахі, выяўленыя вакол сэрца англійскага караля, можна было аднесці да бальзаміруючых рэчываў, адмыслова выкарыстаных для стварэння прыемнага, хоць і штучнага водару.

У цяперашні час Шарлье ў супрацоўніцтве з парфумерамі, энолагамі (вінаробамі) і нават шакалацье рыхтуе даследаванне, накіраванае на вызначэнне складу гэтага таямнічага «водару святасці», выяўленага сярод парэшткаў такіх святых, як Тэрэза Авільская.

Гэтае ж імкненне ажывіць гісторыю ляжыць у аснове яго амбіцыйнага музейнага праекта ў Сен-Клу на месцы апошняга французскага каралеўскага палаца, які чакае рэстаўрацыі. Музей плошчай 10 000 квадратных метраў, размешчаны недалёка ад Парыжа, плануецца адкрыць у канцы 2028 года. З заходняга боку адкрываецца выгляд на ўвесь горад, і ўжо вядзецца пошук міжнародных партнёраў для рэалізацыі праекта.

«Гэта працяг маёй дзіцячай мары», — сказаў Шарлье. — Я заўсёды ўяўляў сябе падарожнікам у часе, і менавіта гэта цяпер і адбываецца. Мая мэта зараз — зрабіць гэта падарожжа даступным для іншых».

*Эркюль Пуаро — вядомы дэтэктыўны персанаж шматлікіх літаратурных твораў англійскай пісьменніцы Агаты Крысці, які адрозніваўся незвычайнай назіральнасцю і педантычнасцю ў раскрыцці злачынстваў.

Абноўлена 25.04.2026 10:38
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця