Пошук

04.07.2026 17:03   Фота: Віктар Ведзень / Catholic.by

4 ліпеня падчас урачыстасцяў у Нацыянальным санктуарыі ў Будславе адбылася прэзентацыя доўгачаканага выдання — першага агульнабеларускага афіцыйнага каталіцкага спеўніка «Божа, мы Цябе ўслаўляем», падрыхтаванага Секцыяй касцёльнай музыкі Камісіі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі.

З прамовай падчас прэзентацыі выступіў біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB, Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, Старшыня Камісіі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў пры ККББ.

«Прэзентацыя першага афіцыйнага агульнабеларускага каталіцкага спеўніка «Божа, мы Цябе ўслаўляем» — гэта не проста доўгачаканая культурная падзея, але найперш бачны знак жыццяздольнасці Касцёла, які святкуе трыццаціпяцігоддзе аднаўлення сваіх кананічных структур у нашай краіне. Гэтая знакавая кніга з’яўляецца не проста важным этапам у развіцці літургічнай музыкі, але сапраўдным люстэркам жывой веры і духоўнай сталасці нашага народа»,

— адзначыў іерарх.

На падставе Святога Пісання, Катэхізіса Каталіцкага Касцёла і Канстытуцыі пра святую Літургію Sacrosanctum Concilium Другога Ватыканскага Сабору іерарх абгрунтаваў важнасць касцёльнага спеву ў духоўным жыцці чалавека і выказаў надзею, што новавыдадзены спеўнік натхніць вернікаў на больш свядомы і плённы ўдзел у Літургіі.

Біскуп Яшэўскі таксама выказаў словы падзякі ўсім, хто спрычыніўся да гэтай гістарычнай падзеі: перадусім Секцыі касцёльнай музыкі Камісіі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі за прафесійнае стварэнне спеўніка цягам гадоў адданай працы; Секцыі па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла Камісіі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі за плённае супрацоўніцтва і грунтоўную, карпатлівую рэвізію спеўніка; кіраўніцтву і ўсім супрацоўнікаў каталіцкага выдавецтва «Про Хрысто» за выдатную, карпатлівую праца па афармленні, рэдагаванні і выданні гэтага спеўніка.

Пасля прамовіў спадар Уладзімір Неўдах, старшыня Секцыі касцёльнай музыкі Камісіі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі, які каардынуе працу над упарадкаваннем і развіццём касцёльнай музычнай культуры ў нашай краіне. Падчас яго выступу была паказаная прэзентацыя з фотаздымкамі, якія адлюстроўваюць 25-гадовую гісторыю існавання Секцыі. Цягам чвэрці стагоддзя супрацоўнікі Секцыі зрабілі шмат для павышэння ўзроўню беларускай касцёльнай музычнай культуры: праводзілі розныя адукацыйныя мерапрыемствы, ладзілі тыдні касцёльнай музыкі, курсы арганістаў, летнія школы касцёльнага спеву, выдавалі студыйныя выданні спеваў на розныя літургічныя перыяды і інш. І ўвесь гэты час ішла актыўная праца над стварэннем спеўніка, якія актывізавалася ў апошнія пяць год.

Кіраўнік секцыі касцёльнай музыкі падзякаваў біскупу Віцебскаму Алегу Буткевічу за духоўнае кіраўніцтва і малітоўную падтрымку ў справе стварэння спеўніка, а таксама сваім калегам, складальнікам спеўніка, чальцам працоўнай групы кандыдатам мастацтвазнаўства Святлене Немагай і Святлане Шэйпа, якія працавалі над рэдагаваннем тэксту, камп’ютарным наборы нотнага і тэкставага матэрыялу, Вользе Мускай, якая распрацавала макет спеўніка і выканала вёрстку, і ўсім, хто ў розныя гады спрычыніўся да працы над спеўнікам.

«Галоўнай мэтай была ўніфікацыя вядомых і любімых каталіцкіх спеваў і іх адпаведнасць сучаснай музычнай навуцы»,

— падкрэсліў стваральнік спеўніка і выказаў надзею, што з гэтага часу галасы ва ўсіх касцёлах Беларусі будуць гучаць ва ўнісон.

Уладзімір Неўдах стаў першай асобай, якая з рук біскупа Яшэўскага атрымала ў друкаваным выглядзе першы афіцыйны спеўнік, а пасля ўжо з рук спадара Уладзіміра яго атрымалі беларускія іерархі.

Пасля прэзентацыі ўсе ахвотныя маглі набыць спеўнік.

Абноўлена 04.07.2026 20:27
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.