Падчас традыцыйнага Будслаўскага фэсту ноччу з 3 на 4 ліпеня ў Нацыянальным марыйным санктуарыі Беларусі адбылася працэсія са свечкамі і святая Імша, якую ўзначаліў арцыбіскуп эмэрыт Мінска-Магілёўскі Тадэвуш Кандрусевіч і біскуп эмэрыт Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч — «волаты веры» Касцёла ў Беларусі.
Акрэсленне «волаты веры» даў заслужаным беларускім іерархам біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB у прамоўленай гаміліі падчас Імшы з удзелам пілігрымаў. У год святкавання 35-годдзя аднаўлення касцёльных структур на Беларусі гэтыя словы ў адрас тых, хто быў сведкам пераследу веры ў савецкія часы і яе адраджэння, пачынаючы з 90-х гадоў XX стагоддзя, здаюцца быць найбольш трапнымі.

Напачатку Эўхарыстыі беларускіх каталіцкіх іерархаў і ўсіх прысутных прывітаў Старшыня ККББ арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі. Ён нагадаў, што ў 1991 годзе святы Ян Павел ІІ аднавіў Пінскую дыяцэзію ў яе новых межах, з Мінскай дыяцэзіі і Магілёўскай архідыяцэзіі ўтварыў Мінска-Магілёўскую архідыяцэзію, з якой у 1999 годзе вылучыў Віцебскую дыяцэзію, а таксама стварыў новую Гродзенскую дыяцэзію. Затым арцыпастыр словамі падзякі адзначыў святароў, якія 35 год таму арганізавалі першыя пешыя пілігрымкі да Маці Божай Будслаўскай і «першыя, як Майсей, прывялі нас сюды». Гэта спачылы ксёндз Міхал Сапель, а таксама сённяшнія папскія прэлаты — ксёндз Уладзіслаў Завальнюк, ксёндз Эдмунд Даўгіловіч-Навіцкі і ксёндз Францішак Кісель. Тады, узгадаў іерарх, у Будслаў прыехалі першыя семінарысты Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне, сярод якіх быў і ён сам. Арцыбіскуп пажадаў удзельнікам фэсту спазнаць радасць ад сустрэчы з Маці Божай Будслаўскай.
Галоўны цэлебрант назваў інтэнцыю святой Імшы — аб міры і Божым благаслаўленні для Бацькаўшчыны, духоўным цэнтрам і сэрцам якой ёсць Будслаў, каб гэтае сэрца «працавала без арытмій і іншых хваробаў і пампавала толькі свежую і жыццядайную Божую кроў веры і святасці».
Падчас святой Імшы літургічным спевам вернікаў кіраваў парафіяльны хор з Залатой Горкі ў Мінску.

У гаміліі біскуп Кашкевіч нагадаў, што падчас Будслаўскага фэсту разважаецца таямніца адведзінаў Найсвяцейшай Паннай Марыяй святой Альжбеты. «Там адбываецца падвойная сустрэча: сустракаюцца дзве святыя, надзвычай шчаслівыя, шчодра адораныя Божай ласкай маці Марыя і Альжбета. Сустракаюцца таксама іх сыны, абодва яшчэ не народжаныя, якія жывуць пад сэрцам сваіх маці: Езус і Ян Хрысціцель».
Пастыр назваў яшчэ адну дзеючую ў гэтай сцэне Асобу — гэта Дух Святы, які асвяціў Альжбету, дзякуючы чаму яна распазнала ў дзіцятку ва ўлонні яе Сваячкі Збаўцу Свету. Гэтую сустрэчу іерарх назваў «своеасаблівым Аб'яўленнем», бо Марыя нічога не тлумачыць Альжбеце пра сваю асаблівую ролю ў гісторыі збаўлення, а яна разумее ўсё без слоў.
Найсвяцейшай Панне, па словах біскупа, не застаецца нічога больш як праславіць Бога за Яго цудоўныя справы гімнам Magnificat — «Велічае душа мая Пана», які з'яўляецца адначасова падзякай Богу за Яго дары.

Прамоўца звярнуў увагу на тое, што ў гімне Марыі можна вылучыць два выразныя матывы. Першы — гэта кантраст таго, як Бог ацэньвае чалавека і як гэта робіць чалавек па сваіх катэгорыях. Марыя праслаўляе Бога за тое, што Ён схіляецца над людзьмі беднымі і пакорлівымі, якімі пагарджае свет і якіх шануе Бог. Па словах іерарха, уплывовыя і багатыя людзі «рызыкуюць быць прыніжанымі і адкінутымі Богам», таму што «чалавек глядзіць на тое, што бачна для вачэй, а чалавек чытае ў сэрцы». Такія людзі часцей за ўсё не ўмеюць прасіць Бога аб чымсьці ні дзякаваць Яму за штосьці. Інакш справа выглядае з простымі і беднымі людзьмі. Яны разглядаюць сваю маёмасць як дар ад Бога, спадзеючыся на Яго і прымаючы ўсё з радасцю. Простымі людзьмі былі Марыя і Юзаф, Альжбета і Захарыя, а таксама святы Ян Хрысціцель. Іерарх заахвоціў слухачоў прасіць у Маці Божай «простую, пакорную і дзяцячую веру», не разлічваючы толькі на ўласныя сілы, але аказваючы з удзячнасцю давер Богу.
Другі матыў, які праяўляецца ў гімне Марыі, — гэта перакананасць, што Бог верны сваім абацанням. Чалавек часта выказвае перакананне, што Ён абыякавы да чалавека, не бачыць і не чуе людзей і не рэагуе на іх патрэбы.
Марыя і Альжбета служаць вызнаўцам Хрыста прыкладам бязмежнага даверу Богу, асабліва ў момант, калі Божыя планы незразумелыя для іх. Біскуп параіў слухачам быць вернымі Яму, адкрываючы сэрцы на Яго волю.

Напрыканцы гаміліі іерарх падзяліўся аповедам, як у сярэднявеччы адзін чалавек, прыглядаючыся будаўніцтву вялікай і прыгожай катэдры ў цэнтры аднаго з гарадоў Еўропы, пытаўся рабочых, што яны робяць на будове. Сярод негатыўных адказаў і адкрытага наракання на свой лёс ён пачуў адказ аднаго з працаўнікоў, які даваў надзею: «Для мяне гонар і вялікая даска будаваць святыню на хвалу Пана Бога».
«У Божых вачах усё, што мы робім з верай і любоўю, мае вялікую каштоўнасць»,
— падсумаваў прамоўца.
Успамінаючы пра юбілей адраджэння Касцёла ў Беларусі, ён падкрэсліў, што «атэістычная ідэалогія аказалася бездапаможнай перад простай і пакорлівай верай звычайных людзей», а тое, што для чалавека было немагчымым, для Бога аказалася магчымым. Біскуп Аляксандр Кашкевіч заклікаў падзякаваць Яму за дар Нябеснай Маці, «якая вучыць нас веры і даверу Богу, надзеі і аптымізму, любові і павазе да кожнага чалавека», даручаючы Яе заступніцтву Касцёл на Беларусі, хрысціянскія сем'і, дзяцей і моладзь.

Напрыканцы Імшы арцыбіскуп Кандрусевіч заклікаў папярэдзіў прысутных перад сучаснымі тэндэнцыямі секулярызму і маральнага рэлятывізму і заклікаў даверыць свой лёс Езусу Хрысту і Яго Найсвяцейшай Маці.













































































































