Пошук

03.07.2026 20:45   Тэкст: Кс. Павел Эйсмант / Фота: Віктар Ведзень / Catholic.by

3 ліпеня, калі ў Беларусі адзначаецца Дзень Незалежнасці, у Нацыянальны марыйны санктуарый у Будславе, які апошнім часам быў аб’яўлены таксама Духоўным цэнтрам Каталіцкага Касцёла, прыбыла дэлегацыя прадстаўнікоў беларускай дзяржаўнай улады. Разам з прадстаўнікамі беларускага каталіцкага епіскапату яны прынялі ўдзел у адкрыцці касцёльнага музея пад назвай «Крокі веры».

У складзе дэлегацыі былі прадстаўнікі мінскай абласной і раённай улады: старшыня Мінскага аблвыканкама Аляксей Іванавіч Кушнарэнка і яго намеснік Аляксандр Іосіфавіч Ільясевіч, а таксама старшыня Мядзельскага райвыканкама Аляксандр Васільевіч Прановіч і яго намеснік Руслан Вячаслававіч Жук. Высокіх гасцей сустрэў Старшыня ККББ арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, Генеральныя вікарыі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі і біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB, а таксама кусташ санктуарыя і адказны за Духоўны цэнтр ксёндз канонік Аляксей Раманчук, які на памяць падараваў ім букет кветак лаванды, якія выраслі на беларускай зямлі. Наймалодшыя прадстаўнікі будслаўскай парафіі таксама прывіталі гасцей цёплымі словамі і сімвалічнымі падарункамі.

Першым пунктам сустрэчы было наведванне касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Будславе, дзе для гасцей была праведзена невялікая экскурсія па святыні. Затым з запаленымі свечкамі пад кіраўніцтвам біскупаў з нагоды Дня Незалежнасці яны ўзнеслі малітву да Бога праз заступніцтва Маці Божай Будслаўскай за Бацькаўшчыну — аб міры і дабрабыце для Беларусі.

Затым духоўныя асобы і прадстаўнікі ўлады перайшлі ў памяшканне, дзе за непрацяглы час быў створаны каталіцкі музей «Крокі веры». Там адбылося яго афіцыйнае адкрыццё. Ксёндз Раманчук правёў для гасцей першую экскурсію, дзе паказаў прысутным экспанаты, якія выклікаюць зацікаўленасць, напрыклад, літургічнае адзенне папы Францішка ці кардынала Казіміра Свёнтэка, а таксама адноўленыя фігуры святых. Затым у закрытым фармаце былі абмеркаваны бягучыя справы, якія датычыліся пашырэння супрацоўніцтва дзяржавы і Касцёла.

Абноўлена 04.07.2026 10:31
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа