Пошук

28.05.2026 14:59   Тэкст: Кацярына Савянок / Фота: Эрык Савянок / Catholic.by

24 мая, ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога, Апостальскі нунцый Іньяцыё Чэффаліа ўзначаліў урачыстую эўхарыстычную цэлебрацыю, падчас якой удзяліў сакрамэнт канфірмацыі 63-м вернікам парафіі святога Казіміра ў Маладзечне, моладзі і старэйшым. У цэлебрацыі таксама прынялі ўдзел святары суседняй маладзечанскай парафіі святога Юзафа: дэкан Маладзечанскі ксёндз прэлат Эдмунд Даўгіловіч-Навіцкі і ксёндз Андрэй Фёдараў.

Падчас гаміліі арцыпастыр адзначыў, што свята Пяцідзясятніцы «вяртае нас да самага сэрца нашай веры», бо гэта дзень, калі «Дух Святы сыходзіць на Апосталаў і адкрывае перад імі новае жыццё. Гэта падзея, якая працягвае аднаўляцца, бо Дух не належыць мінуламу: Ён — жывая прысутнасць, дыханне, сіла, якая падтрымлівае і перамяняе, напаўняе супакоем.

«Гэта супакой, які не забірае цяжкасцяў, але дае сілу іх пераадольваць».

На падставе першага чытання дня, у якім апавядалася пра людзей з розных краін, якія слухаюць апосталаў і разумеюць іх кожны на сваёй мове, іерарх нагадаў, што Дух Святы робіць магчымай глыбокую сустрэчу паміж рознымі людзьмі і адкрывае сэрцы на ўзаемнае разуменне, што не нараджаецца з чалавечых намаганняў, але з Божага дару.

«Адрозненні не становяцца прычынай падзелу, бо Дух стварае адзінства, не сціраючы разнастайнасці абліччаў і гісторый. Ён схіляе сэрцы да слухання і даверу. З гэтага ўнутранага дзеяння нараджаецца братэрства, якое аб’яўляе прысутнасць Бога ў супольнасці. Касцёл, калі ён верны Духу Святому, не баіцца разнастайнасці, а прымае яе як дар», 

— навучаў арцыбіскуп Чэффаліа.

Іерарх падкрэсліў, што Дух Святы раздае розныя дары, але заўсёды дзеля агульнага дабра. Не для стварэння эліт, не для распальвання суперніцтва, а для пабудовы жывой супольнасці, дзе кожны ўносіць тое, што атрымаў. Гэта вельмі актуальнае пасланне, бо мы жывём у свеце, які часта вымярае вартасць праз спаборніцтва, знешні выгляд, валоданне, асабісты поспех.

Дух Святы ж нагадвае нам, што сапраўдная веліч заключаецца ў дары з сябе, у здольнасці служыць, у гатоўнасці будаваць разам. Касцёл — гэта цела, і кожны яго член неабходны. Ніхто не з’яўляецца непатрэбным, лішнім ці занадта малым.

І праз канфірмацыю гэтае цела ўзбагачаецца новымі сіламі, новымі харызмамі, новай адказнасцю.

Потым нунцый звярнуўся да кандыдатаў да канфірмацыі: «Сёння вы прымаеце дар, які ўваходзіць у вашае жыццё ціхім, але і магутным чынам. Дух Святы прыходзіць, каб быць з вамі, каб ісці побач з кожным з вас, падтрымліваць вашыя крокі і ўзрошчваць усё самае прыгожае, што вы носіце ў сабе. Гэта дар, які не вычэрпваецца, але расце разам з вамі, пераплятаючыся з вашымі выбарамі і асвятляючы вашы найглыбейшыя жаданні.

Дух Святы дорыць вам мужнасць. Не гучную мужнасць таго, хто хоча прыцягнуць увагу, але ціхую і праўдзівую мужнасць таго, хто ўмее выбіраць дабро, нават калі гэта каштуе; хто здольны казаць праўду, нават калі яна нязручная; хто застаецца верным, нават калі ўсё здаецца крохкім. Ён дорыць вам здольнасць, каб вы жылі не як гледачы, а як пратаганісты дабра, будаўнікі супакою, як людзі, што не дазваляюць сябе панесці вятрам хвіліны, але ўмеюць распазнаваць тое, што сапраўды важна.

Дух Святы дае вам праўду. Мы жывём у свеце, поўным галасоў, інфармацыі, меркаванняў, шуму. Часам цяжка зразумець, што ёсць праўдай, што правільнае, што добрае, што сапраўднае.

Дух Святы — гэта Той, хто асвятляе розум і сэрца і дапамагае вам адрозніць тое, што будуе, ад таго, што разбурае; тое, што вызваляе, ад таго, што знявольвае.

Дазвольце Яму весці вас у вашых вялікіх і малых выбарах, у марах, якія вы носіце ў сабе, у адносінах, якія будуеце, у абавязках, якія вас чакаюць.

Дух Святы дае вам сведчанне. Свет не патрабуе фасадных хрысціян, але людзей, здольных па-сапраўднаму любіць, прабачаць, падымацца пасля падзенняў, будаваць масты і спрыяць міру. Ваша парафія, ваш горад, гэта ўмілаваная краіна мае патрэбу ў вашым святле. Не бойцеся быць хрысціянамі з прастатой і радасцю. Не бойцеся несці ў свет прыгажосць Евангелля. Не бойцеся быць знакамі надзеі ў час, калі нярэдка здаецца, што страчваецца сэнс жыцця і будучыні».

Прадстаўнік Святога Айца ў Беларусі даручыў канфірмаваных асобаў Божай Маці як Той, што прыняла Духа Святога ў сваё жыццё і падзяліла з Касцёлам дзень Пяцідзясятніцы, каб Яна ахоўвала іх сваёй пяшчотай і падтрымлівала на шляху, які адкрываецца перад імі.

«Няхай Яе заступніцтва дапаможа вам распазнаваць голас Духа Святога, захоўваць атрыманы дар, узрастаць у радасці веры і быць вернымі і сапраўднымі сведкамі Божай любові», 

— пажадаў арцыбіскуп.

Усіх вернікаў іерарх заахвоціў суправаджаць канфірмаваных малітвай, прыкладам, даверам, быць для іх «Касцёлам, які слухае, прымае, падтрымлівае, натхняе. Касцёлам, які не гасіць агонь Духа Святога, але захоўвае яго, узмацняе і сведчыць пра яго».

Пасля гаміліі кандыдатам быў удзелены сакрамэнт канфірмацыі.

Хоць Імша цэлебравалася на лацінскай мове, а гамілія перакладалася з італьянскай, кранальна было тое, што падчас намашчэння арцыбіскуп Іньяцыё звяртаўся да кожнага кандыдата па-беларуску.

Напрыканцы літургіі Апостальскі нунцый удзяліў прысутным апостальскае благаслаўленне з адпустам ад імя Папы Льва XIV.

У сваім развітальным слове арцыбіскуп Чэффаліа сказаў, што адчувае сябе ў маладзечанскай парафіі святога Казіміра як дома і пакідае гэтую супольнасць з пачуццём цеплыні і любові. А паколькі ў гэты дзень ён упершыню ў сваім жыцці ўдзяліў сакрамэнт канфірмацыі, парафія назаўсёды застанецца ў яго сэрцы.

 
Абноўлена 28.05.2026 19:12
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа