
Старшыня ККББ арцыбіскуп Юзаф Станеўскі ад імя Канферэнцыі, а таксама святароў, кансэкраваных асоб і вернікаў Беларусі, у адмысловым лісце павіншаваў з днём нараджэння Апостальскага Нунцыя ў Рэспубліцы Беларусь арцыбіскупа Іньяцыё Чэффаліа, якому 28 красавіка спаўняецца 51 год.
У прэс-службе ККББ адзначылі, што арцыпастыр пажадаў прадстаўніку Папы Льва XIV у Беларусі Божага благаслаўлення, моцнага здароўя, радасці з прабывання ў нашай краіне і поспехаў у служэнні Касцёлу на дыпламатычнай пасадзе.
Старшыня епіскапату Беларусі ў віншаванні таксама выразіў пажаданне, каб Святы Айцец здзейсніў Апостальскае падарожжа ў Беларусь.
Арцыбіскуп Іньяцыё Чэффаліа нарадзіўся 28 красавіка 1975 года ў горадзе Палерма ў Італіі. Атрымаў святарскае пасвячэнне 6 жніўня 2003 года. Распачаў дыпламатычную службу ў Апостальскай Сталіцы 1 ліпеня 2006 года. Працаваў у Эквадоры, Тайландзе, Пастаянным Прадстаўніцтве Святога Пасаду пры Савеце Еўропы (Страсбург), у Секцыі Адносін з Дзяржавамі Дзяржаўнага Сакратарыята Святога Пасаду і ў Венесуэле. 25 сакавіка 2025 года Папа Францішак прызначыў Іньяцыё Чэффаліа Апостальскім нунцыем у Беларусі.







