13 красавіка ў Пастаральным цэнтры імя святога Дамініка Савіо ў Бараўлянах прайшла канферэнцыя на тэму «Тэндэнцыі і выклікі сучаснага свету: духоўны адказ» у межах фармацыйнай праграмы «Узмацненне кампетэнцый духавенства і свецкіх супрацоўнікаў Беларусі ў душпастырскай і арганізацыйнай дзейнасці».
Мерапрыемства сабрала прадстаўнікоў духавенства, манаскіх супольнасцяў, экспертаў і свецкіх спецыялістаў, зацікаўленых у асэнсаванні сучасных выклікаў праз прызму хрысціянскіх каштоўнасцяў.
Пасля рэгістрацыі ўдзельнікаў канферэнцыя распачалася ўрачыстымі прывітальнымі выступленнямі. Як удзельнік фармацыйнай праграмы прысутных прывітаў біскуп Алег Буткевіч, віцэ-старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі. Ён распачаў сустрэчу супольнай малітвай і ўдзяліў благаслаўленне ўдзельнікам, падкрэсліўшы важнасць духоўнага адказу на выклікі сучаснасці і ролю Касцёла ў фарміраванні адказнага грамадства.
Да прысутных звярнуўся ксёндз канонік доктар Віктар Гайдукевіч SDB, старшыня арганізацыйнага камітэту фармацыйнай праграмы. У сваім слове ён падкрэсліў актуальнасць тэмы, адзначыўшы, што сучасныя выклікі патрабуюць не толькі ведаў, але і маральнай адказнасці.
Асаблівую ўвагу ён звярнуў на значэнне біяэтыкі і культуры камунікацыі, падкрэсліваючы неабходнасць яснасці сумлення, павагі да чалавечай годнасці і ўмення будаваць сапраўдны дыялог. Ён таксама адзначыў важнасць дакладнага разумення афіцыйнай пазіцыі Касцёла, каб у складаных сучасных сітуацыях даваць адказ, заснаваны на яго навучанні і традыцыі.
Ксёндз доктар Андрэй Лысы SCh, старшыня аб’яднання вышэйшых настаяцеляў і прадстаўнікоў манаскіх супольнасцяў у Беларусі падкрэсліў, што вельмі важна своечасова абмяркоўваць сучасныя тэнденцыі і выклікі на падобных форумах, каб Касцёл не заставаўся «сярэднявечным», але мог даваць трапныя адказы ў адпаведнасці з Евангеллем і дакументамі Касцёла.
Першая дыскусійная панэль была прысвечана актуальным пытанням біяэтыкі і сабрала асаблівую ўвагу ўдзельнікаў. З асноўным дакладам выступіў ксёндз Андрэй Лысы, які прадставіў тэму «Адказнае і этычнае выкарыстанне штучнага інтэлекту ў святле навучання Каталіцкага Касцёла». У сваім выступленні ён акрэсліў ключавыя выклікі, звязаныя з імклівым развіццём тэхналогій, і падкрэсліў неабходнасць іх асэнсавання праз прызму хрысціянскай антрапалогіі і маральнага вучэння Касцёла.
Пасля дакладу адбылася жывая і змястоўная дыскусія, у якой, акрамя дакладчыка, у якасці экспертаў прынялі ўдзел сястра доктар Марцэліна Мігач ISSM, сястра Ірына Барцэвіч FMA і сястра Вікторыя Чэкан. Размова закранула канкрэтныя сітуацыі выкарыстання штучнага інтэлекту, яго ўплыў на прыняцце рашэнняў, міжасобасныя адносіны і разуменне чалавечай асобы.
Асаблівая ўвага была нададзена неабходнасці захавання чалавечай годнасці, вернасці маральным прынцыпам і фарміраванню адказнага падыходу да выкарыстання новых тэхналогій.
Другая дыскусійная панэль была прысвечана тэме эфектыўных камунікацый і іх значэнню ў сучасным душпастырскім кантэксце. Даклад-імпульс прадставіў ксёндз Яўген Шымановіч — праграміст і сузаснавальнік ініцыятывы «IT for Christ», які звярнуў увагу на новыя магчымасці і выклікі, звязаныя з развіццём лічбавых тэхналогій і медыяпрасторы.
У дыскусіі прыняла ўдзел сястра Вікторыя Чэкан разам з іншымі спікерамі і прафесіяналамі ў сферы камунікацыі. Эксперты падзяліліся канкрэтным практычным досведам, абмеркавалі ролю сучасных медыя ў евангелізацыі, а таксама падкрэслілі неабходнасць прафесійнага, адказнага і этычнага падыходу да інфармацыйнай дзейнасці. Асобна варта адзначыць высокую актыўнасць удзельнікаў канферэнцыі — шматлікія пытанні надалі размове дынамічны і сапраўды дыялагічны характар.
Асобным блокам праграмы стала падвядзенне вынікаў, якое мела не толькі рэзюмуючы, але і стратэгічны характар. Удзельнікі сфармулявалі ключавыя ідэі і высновы абедзвюх панэляў, імкнучыся перанесці абмеркаваныя тэмы ў плоскасць канкрэтных дзеянняў і далейшага служэння.
Асноўны акцэнт быў зроблены на неабходнасці гарманічнага спалучэння сучасных тэхналогій і духоўных каштоўнасцяў, каб развіццё інструментаў не апярэджвала фарміраванне адказнасці, сумлення і павагі да чалавечай годнасці.
Канферэнцыя завяршылася ўрачыстым уручэннем сертыфікатаў удзельнікам фармацыйнай праграмы, якія паспяхова завяршылі кароткатэрміновыя курсы «Біяэтыка» і «Эфектыўныя камунікацыі». Гэта стала не толькі падсумаваннем пройдзенага этапу, але і пацвярджэннем гатоўнасці ўдзельнікаў прымяняць атрыманыя веды ў сваёй практычнай дзейнасці.
Напрыканцы канферэнцыі было абвешчана аб пачатку набору ў новыя групы ў межах фармацыйнай праграмы, якія распачнуць сваю працу ўжо ў верасні, што падкрэслівае яе далейшую перспектыву і паслядоўнае развіццё.
Кульмінацыяй канферэнцыі стала святая Імша, якую ўзначаліў біскуп Алег Буткевіч.
У святле ўваскрослага Хрыста ўсе закранутыя тэмы і пытанні знаходзяць сваё сапраўднае месца і глыбіню, набываючы яснасць і паўнату сэнсу.























































