
3 красавіка, у Вялікую пятніцу, у гродзенскай катэдры святога Францішка Ксавэрыя адбылася Літургія Мукі Пана. Узначаліў набажэнства біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй.
У літургіі ўдзельнічала духавенства катэдральнай парафіі на чале з пробашчам ксяндзом канонікам Янам Кучынскім. Перад Літургіяй адбыўся Крыжовы шлях, які ўзначаліў біскуп.
Літургія Мукі Пана — набажэнства другога дня Пасхальнага Трыдуума, Вялікай пятніцы, у якую святая Імша не цэлебруецца ў знак павагі да ахвяры Езуса Хрыста за грахі свету і ў якую Касцёл заклікае да роздуму, посту і ўшанавання крыжа. Гэтая Літургія складаецца з Літургіі слова, Адарацыі крыжа (падчас яе з крыжа здымаецца палатно, якое закрывае яго ў перыяд Вялікага посту) і абраду Камуніі.
У гаміліі біскуп адзначыў, што «ў цішыні Вялікай пятніцы чалавек перастае абараняцца, хавацца і становіцца перад Богам такім, якім ёсць, без маскі, без апраўданняў» і што «гэтая цішыня напоўнена болем і любоўю адначасова, таямніцай Бога, які не застаецца далёка ад чалавечых пакутаў, а ўваходзіць у іх, каб у самым сэрцы гэтай цемры адкрыць святло, якое ўжо ніхто не зможа пагасіць».
У пачатку Літургіі Мукі Пана святар, які яе цэлебруе, кладзецца перад алтаром. Біскуп назваў гэта «знакам таго, што перад таямніцай Крыжа чалавек не можа стаяць роўна, не можа заставацца абыякавым, а можа толькі схіліцца, прызнаючы, што тут адбываецца нешта большае за разуменне, нешта, што патрабуе пакоры, даверу і ўнутранага маўчання».
«Гэта не толькі жэст пакоры, але і праяўленне таго, што, стоячы перад Богам, які пакутуе, чалавек перастае апраўдвацца, кантраляваць, і дазваляе сабе быць проста чалавекам — слабым, грэшным, але адкрытым, гатовым прыняць тое, што Бог хоча яму даць, — патлумачыў іерарх. — Крыж — месца, дзе адкрываецца не толькі Бог, але і чалавек; гэта люстэрка, у якім чалавек бачыць не ідэальны вобраз сябе, а праўду — пра сваю слабасць, пра сваю здольнасць да здрады, пра сваю схільнасць уцякаць, маўчаць, адракацца, і ў той жа час пра сваю здольнасць любіць, вяртацца і давяраць».
«Хрыстус не толькі пакутуе, але і ўваходзіць у самую глыбіню чалавечага досведу, становіцца паслухмяным аж да смерці, і праз гэта — нашым Першасвятаром, які не стаіць па-за нашымі слабасцямі, а ведае іх знутры, не асуджае чалавека за яго слабасць, а становіцца побач з ім, каб правесці праз цемру»,
— сказаў біскуп.
Разважаючы над евангельскім фрагментам, дзе апісваецца Мука Пана, ён адзначыў, што «гэта гісторыя не толькі Хрыста, але і кожнага чалавека, бо ў ёй мы бачым не толькі Бога, але і сябе, свае страхі, свае слабасці, свае выбары». Таму, па словах біскупа, у Вялікую пятніцу да чалавека звернута пытанне: «Кім я з’яўляюся перад Крыжам, якое маё сэрца, калі Бог адкрывае сваё?» «Бо Крыж — гэта не толькі пакута, але і адкрытае сэрца Бога, якое не закрываецца перад грахом чалавека, не адказвае асуджэннем, а прапануе прабачэнне», — дадаў іерарх.
Адарацыя крыжа, якая здзяйсняецца на Літургіі Мукі Пана, павінна, па словах біскупа, быць не толькі вонкавым жэстам: «Бо пакланіцца Крыжу — значыць прыняць праўду пра Бога і пра сябе, прызнаць, што мне патрабуецца збаўленне, што я не магу выратаваць сябе сам, што без Бога маё жыццё губляе сэнс, прызнаць, што любоў мацнейшая за грэх, прабачэнне мацнейшае за зло, надзея мацнейшая за смерць».
«Магчыма, у кожным з нас ёсць месца, дзе яшчэ пануе цемра, — сказаў біскуп. — Менавіта туды сёння Хрыстус прыходзіць з Крыжам. Не каб асудзіць, а каб адкрыць. Не каб зламаць, а каб аднавіць. Бо Крыж — гэта не канец гісторыі, гэта момант, у які пачынаецца новае жыццё, але яно пачынаецца не там, дзе чалавек усё разумее, а там, дзе ён пачынае давяраць».
У час абраду Камуніі, апошняй часткі Літургіі Мукі Пана, знак супакою не перадаецца, абрад распачынаецца малітвай «Ойча наш», а Камунія ўдзяляецца з Найсвяцейшага Сакрамэнту, кансэкраванага ў Вялікі чацвер. Потым Найсвяцейшы Сакрамэнт быў перанесены ў грабніцу ў капліцы катэдры і змешчаны там у манстранцыі, накрытай белым вэлюмам у напамін пра палатно, у якое было захінута цела Езуса пасля смерці. Усе ахвотныя маюць магчымасць маліцца перад гэтай капліцай.
Пасля літургіі распачалася Навэнна да Божай Міласэрнасці, якая доўжыцца да першай нядзелі пасля Вялікадня.











































