Пошук

04.04.2026 13:01   Паводле: apostalstva.by
Выява ілюстрацыйная

У Вялікую суботу мы асаблівым чынам заглыбляемся ў таямніцу зыходу Хрыста да памерлых. Катэхізіс Каталіцкага Касцёла сцвярджае, што Езус перажыў смерць, як і ўсе людзі, і яго душа далучылася да іх у краіне памерлых. Аднак Езус зышоў туды як Збаўца, абвяшчаючы добрую вестку зняволеным духам (1 П 3,18-19). Зыходжанне ў адхлань — гэта цалкавітае выкананне евангельскага абвяшчэння збаўлення. Гэта заключны этап месіянскай місіі Езуса (ККК 632, 634).

Апостал Пётр напісаў пра гэта коратка: Нават «мёртвым было абвешчана Евангелле» (1 П 4, 6). З таго часу мінула старазапаветная адхлань, з якой ніхто не мог выйсці — незалежна ад таго, праведны ён ці няправедны. Хрыстус стаў праходам да Айца для ўсіх тых, хто адышоў з гэтага свету са знакам веры ў Бога. Тыя ж, хто, адкінуўшы Бога, не распазналі голасу Збаўцы, засталіся зняволенымі ў цемры ўласных грахоў — гэта значыць у пекле.

Таму кожная субота, і асабліва Вялікая субота, з’яўляецца напамінам пра гэтую падзею — Хрыстус зышоў да памерлых, каб вызваліць іх ад немагчымасці бачыць аблічча Бога. Ці не павінны мы рабіць тое ж самае, бо мы пакліканы наследаваць нашага Пана? Калі кожная пятніца нагадвае нам пра муку і смерць Хрыста, а кожная нядзеля — пра Яго ўваскрасенне, то кожная субота павінна быць напамінам пра Яго зыходжанне да памерлых.

Дзякуючы веры мы можам разам з Хрыстом «зысці» ў чысцец з духоўнымі дарамі: з малітвай, постам, міласцінай і адпустамі, каб дапамагчы душам у чыстцы.

Праз свае муку, смерць, зыходжанне ў адхлань і ўваскрасенне Хрыстус стаў нашым праходам у дом Айца. Ён зноў адчыніў брамы Неба, якія былі зачыненыя пасля граху Адама. Ён сам стаў брамай у Неба, назаўжды адчыненай для тых, хто верыць у Яго.

Будзем жа ўглядацца ў нашага Пана і прытрымлівацца вучэння святога Паўла: «Няхай вашыя думкі будуць такімі, як у Хрысце Езусе. Ён, будучы ў постаці Бога, не скарыстаў з таго, каб быць нароўні з Богам, але выракся самога сябе, прыняўшы постаць слугі, прыпадобніўшыся да людзей. І з выгляду стаўшы як чалавек, прынізіў сябе, будучы паслухмяным ажно да смерці, смерці крыжовай. Таму Бог узвысіў Яго і даў Яму імя па-над усялякае імя, каб на імя Езуса схілілася кожнае калена стварэнняў нябесных, зямных і падземных, і каб кожны язык вызнаваў, што Панам ёсць Езус Хрыстус дзеля хвалы Бога Айца» (Флп 2, 5-11).

Іконай Вялікай суботы і кожнай суботы на працягу года з’яўляецца Марыя — новая Ева. Таму на гэтым шляху пакорнага, духоўнага зыходу ў чысцец нас суправаджае Марыя, якую Хрыстус даў нам як Маці. У Вялікую суботу Яна, дзякуючы сваёй нязломнай веры, была найбліжэй да Хрыста. Марыя, стоячы пад крыжам у Вялікую пятніцу, а потым заглыбленая ў цішыню Вялікай суботы, вучыць нас малітоўнаму чуванню пры памерлых з надзеяй на вечнае жыццё ў жывым Пану. Яна вучыць нас давяраць і ўслухоўвацца ў словы Хрыста: «Я — уваскрасенне і жыццё. Хто верыць у Мяне, калі нават і памрэ, будзе жыць» (Ян 11, 25).

Выява ілюстрацыйная

Каб наблізіць гэтую збаўчую падзею — уваход Езуса ў адхлань, — сёстры памочніцы душам чыстцовым прапануюць набажэнства, малітву і медытацыю, якія дапамогуць нам разважаць гэтае збаўчае дзеянне Бога. Ружанцовая малітва і разважанні паспрыяюць нашаму заглыбленню ў Таямніцу Збаўлення, дадзеную нам у Хрысце, нашым Пану.

У гэтай малітве мы будзем разважаць над таямніцай Вялікай суботы, спыняючыся на пяці стацыях пераходу Пана ад смерці да ўваскрасення, каб усе жывыя і памерлыя мелі доступ да Айца. Гэта пяць крокаў-прыступак спуску ў глыбіню гэтай таямніцы, якая назаўжды застанецца неспасцігальнай таямніцай. Разважаючы над ёю ў сваіх сэрцах, мы проста дазваляем, каб яна стала бліжэйшай нам дзякуючы святлу Божага слова.

Уводзінамі ў паасобныя таямніцы гэтага набажэнства з’яўляецца выключна Божае слова — без каментарыяў, без спеваў, бо яны ўкаранёныя ў цішыню Вялікай суботы. Таму, чым больш мы заглыбімся ў малітоўную цішыню, тым гучней прамовіць да нас слова Божае і тым паўней яно адкрые тое, што Хрыстус зрабіў для жывых і памерлых, зышоўшы ў адхлань.

Набажэнства Пераходу ў Вялікую суботу (можна праводзіць у кожную суботу)

(молімся на ружанцы)

Знак крыжа: У імя Айца і Сына, і Духа Святога. Амэн.
Веру ў Бога… Ойча наш… Вітай, Марыя… (3 разы), Хвала Айцу

Таямніца 1. Перажыванне смерці

«Я жыццё сваё аддаю за авечак. (…) Ніхто не адбірае яго ў Мяне, але Я сам аддаю яго. Я маю ўладу яго аддаць і маю ўладу зноў узяць яго» (Ян 10, 15c. 18).
Хвіліна цішыні — каб разважаць над Божым словам у сваім сэрцы.
Ойча наш… Вітай, Марыя… (10 разоў), Хвала Айцу

Таямніца 2. Зыходжанне ў адхлань (у валадарства памерлых)

Хрыстус памёр за грахі вашыя аднойчы назаўжды, справядлівы за несправядлівых, каб прывесці вас да Бога. Ён быў забіты ў целе, але ажыўлены Духам. У Ім таксама Ён пайшоў абвяшчаць збаўленне тым духам, якія былі ў вязніцы (1 П 3,18-19).
Хвіліна цішыні…
Ойча наш… Вітай, Марыя… (10 разоў), Хвала Айцу

Таямніца 3: Перамога над смерцю

«Перамога паглынула смерць. Cмерць, дзе твая перамога? Смерць, дзе тваё джала?» Джала смерці  грэх, а сіла граху Закон. Богу ж падзяка, бо Ён даў нам перамогу праз нашага Пана Езуса Хрыста» (1 Кар 15, 54-57).
Хвіліна цішыні…
Ойча наш… Вітай, Марыя… (10 разоў), Хвала Айцу

Таямніца 4. Вызваленне памерлых

«Я — уваскрасенне і жыццё. Хто верыць у Мяне, калі нават і памрэ, будзе жыць» (Ян 11, 25). «Няхай не трывожыцца сэрца вашае. Верыце ў Бога і ў Мяне верце. У доме Айца Майго шмат святліц. А калі б так не было, ці сказаў бы вам, што іду падрыхтаваць месца для вас» (Ян 14, 1-2).
Хвіліна цішыні…
Ойча наш… Вітай, Марыя… (10 разоў), Хвала Айцу

Таямніца 5. Езус адчыняе браму дома Айца

«Я — брама. Калі хто ўвойдзе праз Мяне, будзе збаўлены, і ўвойдзе, і выйдзе, і знойдзе пашу» (Ян 10, 9). «Я — дарога, і праўда, і жыццё. Ніхто не прыходзіць да Айца інакш, як толькі праз Мяне» (Ян 14, 6).
Хвіліна цішыні…
Ойча наш… Вітай, Марыя… (10 разоў), Хвала Айцу

Молімся: О Марыя, стоячы пад крыжам, сілаю самога слова Езуса, Ты стала Маці ўсіх вернікаў. З гэтай верай, якая нават у цемры Вялікай суботы была гарантыяй надзеі, Ты крочыла ў світанак Вялікадня. Радасць Уваскрасення кранула Тваё Сэрца і па-новаму аб’яднала Цябе з вучнямі, якія павінны былі стаць сям’ёй Езуса праз веру. (…) І таму Ты застаешся сярод вучняў як іх Маці, як Маці надзеі. Святая Марыя, Маці Бога і наша Маці, навучы нас верыць, мець надзею, любіць разам з Табою. Пакажы нам шлях да Яго Валадарства! Зорка мора, ззяй над намі і кіруй намі на нашым шляху! (Бэнэдыкт XVI, Spe Salvi, 49-50).

Знак крыжа: У імя Айца і Сына, і Духа Святога. Амэн.

За памерлых: Вечны адпачынак дай ім, Пане, а святло вечнае няхай ім свеціць. Няхай адпачываюць у супакоі вечным. Амэн. (1 раз)

Абноўлена 04.04.2026 13:08
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.