Пошук

04.04.2026 10:36   Фота: Мілана Рэўт / Catholic.by

У Вялікую Пятніцу, дзень мукі і смерці Хрыста, у Касцёле не цэлебруецца святая Імша. Замест яе адбываецца Літургія Мукі Пана, якая з'яўляецца працягам літургіі Святога Пасхальнага Трыдуума. У парафіі святога Міхала Арханёла ў Івянцы (Валожынскі дэканат, Мінска-Магілёўская архідыяцэзія) вернікі маліліся разам з арцыбіскупам эмэрытам Мінска-Магілёўскім Тадэвушам Кандрусевічам, які ўзначаліў літургічныя абрады.

Вымоўны абрад падзення на твар арцыбіскупа і святароў, якім распачалася Літургія, сведчанне аб глыбокай павазе і пакланенні Таму, хто за грэшнае чалавецтва цярпеў і аддаў жыццё, не пакінуў абыякавым нікога з прысутных вернікаў.

У пачатку прамоўленай гаміліі арцыбіскуп Кандрусевіч задаўся пытаннем: «Чаму Бог паслаў свайго Сына на крыжовую смерць?» Чаму Ён не сказаў чалавеку: «Ты зграшыў і сам вырашай свае праблемы?». І даў на яго наступны адказ: «Бог стварыў чалавека па свайму вобразу і падабенству». З-за сваёй непаслухмянасці Богу чалавек страціў гэты вобраз. Але бязмежны ў сваёй міласэрнасці Бог не мог дапусціць, каб чалавек як вяршыня стварэння навечна страціў падабенства да свайго Творцы. Таму Ён паслаў свайго адзінароднага Сына, каб крыжовай смерцю збавіў чалавека.

Арцыпастыр заўважыў, што падобна таму як чалавек сам сябе не можа вызваліць з вязніцы, таксама ён не мог вызваліць сябе самога з палону граху. Гэта мог учыніць толькі Богачалавек. Паслухмяны волі свайго нябеснага Айца, Езус добраахвотна ўзыходзіць на крыж, каб збавіць чалавека.

Дастойны іерарх узгадаў прысутным гісторыю раскопак Пампей, якія ў 79-м годзе нашай эры былі засыпаны попелам Везувія. Археолагі знайшлі шмат сведчанняў аб тым, як у той час жылі людзі і як яны спаткалі вогненную лаву: жаўнер стаяў на варце, маці ахінала сваё дзіця, дзяржаўны служачы прадаўжаў выконваць свае абавязкі.

У офісе зборшчыкаў падаткаў быў знойдзены дакумент, у якім было напісана: Заплачана.

«Езус Хрыстус сваёй смерцю на крыжы заплаціў за нашае збаўленне. Яго крыжовая смерць — гэта кошт жыцця, якое атрымаў кожны чалавек,

— навучаў арцыпастыр. — Нездарма святы апостал Павел кажа, што Езус Хрыстус на дрэве крыжа скасаваў запіс нашых грахоўных даўгоў. Такім чынам, у крыжовай смерці Езуса праявілася бязмежная любоў Бога да чалавека».

Чалавечнасць і боскасць Езуса, паводле прамоўцы, найлепшым чынам праявіліся на крыжы, бо Ён дазволіў укрыжаваць сябе і не сышоў з крыжа, хоць меў магчымасць гэта зрабіць.

Галоўны цэлебрант нагадаў прысутным, што крыж складаецца з дзвюх частак: гарызантальнай і вертыкальнай. Гарызантальная азначае чалавека, а вертыкальная  Бога. Калі б не было вертыкальнай, то згодна з законам зямнога прыцяжэння гарызантальная ўпала бы на зямлю. Падобнае адбываецца і ў духоўным жыцці: без Бога мы падаем у балота граху.

Месца скрыжавання гарызантальнай і вертыкальнай частак крыжа — гэта месца, дзе сутыкаюцца чалавецтва і боскасць Хрыста ў ахвяры дзеля нашага збаўлення. Калі б Езус быў толькі чалавекам, то Яго смерць не магла бы перамагчы чалавечую смерць, грэх і д'ябла. Калі б Хрыстус быў толькі Богам, які мог бы збавіць чалавека, то заставаўся бы далёкім і недаступным для чалавека і ўсяго стварэння.

«Гэтая гісторыя паўтараецца. Сучасны свет таксама не разумее Езуса і не ўспрымае Яго. Сёння чалавек жыве жыццём, якое супярэчыць Богу. Жыве самаўпэўненасцю, самападманам, самалюбствам і самадастатковасцю», — з прыкрасцю адзначыў іерарх.

Ён выразіў упэўненасць, што драма цярпенняў Хрыста таксама разыгрываецца ў сэрцы сучаснага чалавека, які сутыкаецца з цяжкімі этычнымі выбарамі і дылемамі, якія вядуць да пытанняў: «Ці хачу ісці з Хрыстом да канца? Ці вытрымае мая вера ўсе выпрабаванні? Ці давяраю Богу, нават калі не разумею?»

Адказ на гэтыя пытанні знаходзіцца ў крыжы Езуса. Таму хрысціянства без крыжа становіцца ілюзіяй. Размова ідзе не пра культ цярпенняў, а пра іх сэнс, які адкрываецца ў крыжы.

«Крыж — гэта цана нашай годнасці. А паколькі Хрыстус аддаў сваё жыццё за чалавецтва, то кожны чалавек мае бясконцую каштоўнасць»,

— растлумачыў арцыпастыр.

Сучасная культура маргіналізуе крыж і зводзіць яго да сімвала. А ён з'яўляецца знакам перамогі любові над грахом і крыніцай надзеі на прабачэнне.

«Мы памятаем пандэмію каранавіруса, калі ва ўсім свеце літургічныя цэлебрацыі праходзілі з вялікімі абмежаваннямі. Сёння Блізкі Усход перажывае пандэмію вайны, у сувязі з чым там былі адменены ўсе набажэнствы Вялікага тыдня. У пальмовую нядзелю Ерузалемскі Патрыярх Кардынал П’ербатыста Піццабала хацеў прыватна памаліцца ў Базыліцы пустога Гроба Езуса ў Ерузалеме, але не быў туды дапушчаны. Тады з Аліўнай гары ён рэліквіямі Святога Крыжа благаславіў горад Ерузалем», — распавёў іерарх.

Напрыканцы гаміліі дастойны іерарх, звярнуўшыся да Хрыста, усклікнуў: «Пане Езу, благаславі нас сваім крыжам, каб мы заставаліся вернымі свайму хрысціянскаму пакліканню і не адракліся крыжа, у якім нашае збаўленне».

Абноўлена 04.04.2026 14:14
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа