Пошук

02.08.2022 10:11   Тэкст: Аксана Касцючэнка / Фота: Ганна Байкова / Catholic.by

31 ліпеня ў віцебскай парафіі Святога Духа, якой апякуюцца ксяндзы сальватарыяне, адбылося адкрыццё часовай дакументальнай выставы, прысвечанай першай славянскай мучаніцы — святой княгіні Людміле Чэшскай.

Адкрыццё выставы распачалося святой Імшой, цэлебрацыю якой узначаліў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч. У Эўхарыстыі ўзялі ўдзел дыпламаты: пасол Чэхіі ў Беларусі пан Томаш Перніцкі, часовая павераная ў справах Славакіі ў Беларусі пані Катарына Жакава, а таксама мясцовыя вернікі і госці.

Пастыр Віцебскай дыяцэзіі ў прамоўленай гаміліі звярнуў увагу на духоўныя каштоўнасці як на галоўныя арыенціры ў жыцці чалавека, набыццё якіх патрабуе намаганняў. Іерарх прадставіў святую Людмілу як прыклад яднання і мужнасці для нашага часу. Па словах пастыра, чэшская княгіня дасведчыла ў сваім жыціі, што «праўда пра тое, што Бог ёсць Любоў, ёць Міласэрнасць, цяжка ўваходзіць у жыццё чалавека», але, нягледзячы на выпрабаванні, святая вытрывала да канца. Біскуп Буткевіч нагадаў, дзякуючы Каму і чаму чалавек здольны быць моцны.

«Калі адбудем адносіны з Богам, адбудем духоўнае жыццё, тады будзем моцнымі перад выпрабаваннямі сучаснасці, тады будзем ведаць і будзем спакойныя гледзячы ў будучыню, бо калі з намі Бог, хто супраць нас? Вось гэта важнае пытанне, якое сёння нам нагадвае Езус Хыстус. Не дабро, якое збіраем у гэтым свеце, а адносіны з Богам робяць нас спакойнымі», — падкрэсліў пастыр Віцебскай дыяцэзіі.

На заканчэнне біскуп Алег Буткевіч памаліўся аб тым, каб Бог праз заступніцтва святой Людмілы навучыў нас «мудра ацэньваць тое, што з намі адбываецца ў гэтым свете, <…> і ўсе нашыя памкненні і думкі кіраваць да дабротаў вечных, трывалых, галоўнай з якіх з’яўляецца наш Бог і Створца».

Пасля святой Імшы ўсе ўдзельнікі скіраваліся ў парафіяльную залу, дзе пан Перніцкі адкрыў выставу, пазнаёміўшы прысутных з жыццём святой Людмілы.

Святая Людміла Чэшская (†921) — княгіня і заступніца Чэшскай зямлі — першая славянская мучаніца. Лічыцца заступніцай бабуль і хрысціянскіх выхавацеляў і настаўнікаў. Людміла была хроснай дачкой славянскага асветніка святога Мятода і захавала ў Чэхіі літургію на славянскай мове. Праводзячы пабожнае жыццё, распаўсюджваючы хрысціянскую веру ў Чэхіі, святая Людміла стала годным прыкладам для свайго ўнука, князя Вацлава, які перанёс рэліквіі княгіні Людмілы з Цяціна ў Прагу і змясціў іх у касцёле святога Іржы (Юрыя), дзе яны знаходзяцца да сёння.

Святая Людміла Чэшская заклала духоўна-культурны падмурак для развіцця цэлых краін і народаў на наступныя стагоддзі. Подзвіг княгіні Людмілы Чэшскай стаў той справай, якой яна прысвяціла сваё жыццё, сваё служэнне Богу і блізкім.

Місія святой Людмілы і дагэтуль служыць праводнай зоркай шматлікім хрысціянам, якія жывуць у Еўропе. Так, хрысціянская культура Чэхіі стала часткай агульнахрысціянскай культуры ўсёй Еўропы і славянскага свету.

На выставе «Святая Людміла — „калыска“ чэшскай святасці» прадстаўленыя банеры адлюстроўваюць жыццё і мучаніцкую смерць святой, яе значэнне ў евангелізацыі Чэхіі і шанаванне ў наступныя стагоддзі.

Больш інфармацыі можна знайсці на сайце www.svataludmila.cz

Завяршылася мерапрыемства супольным пасілкам. Былі выказаны словы падзякі біскупу Алегу Буткевічу за прысутнасць, паслу Томашу Перніцкаму за арганізацыю і дабрачыннасць, а таксама ксяндзу Аляксандру Сапелю SDS, дырэктару Caritas Віцебскай дыяцэзіі, парафіяльнаму камітэту і ўсім, хто прычыніўся да арганізацыі выставы.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа