Пошук

20.02.2024 16:52   Падрыхтаваў: Мікола Гракаў / Catholic.by
Арцыбіскуп Бакарда запальвае бэнэдыктынскую паходню міра. Фота: umbriaradio.it

17 лютага каля базылікі святога Бэнэдыкта ў італьянскай Норчы (Нурсіі), якая адбудоўваецца пасля моцнага землятрусу 2016 года, быў запалены агонь Pro Pace et Europa Una — «За мір і адзіную Еўропу».

У той самы дзень паходня з бэнэдыктынскім агнём распачала падарожжа па Еўропе, мэтай якога стане сталіца Чэхіі Прага, дзе агонь сустрэнуць у кляштыры ў Бржэўнаве.

Выбар сёлета Чэшскай Рэспублікі мае моцнае сімалічнае значэнне дзеля спынення вайны ва Украіне, якая геаграфічна блізкая да Чэхіі, але таксама пашырае гарызонт, каб маліцца аб міры і аб спыненні таксама іншых канфліктаў, якія з’яўляюцца прычынай пакут, ахвяраў і разбурэнняў на Блізкім Усходзе.

Цырымонію запальвання агню ўзначаліў арцыбіскуп Спалета-Нурсійскі Рэнато Бакарда. На ёй прысутнічалі прадстаўнікі ўлады трох гарадоў, звязаных са святым Бэнэдыктам: Норчы, або Нурсіі, — роднага горада будучага апекуна Еўропы; Суб’яка, дзе былі закладзены асновы яго манаскай дзейнасці, і Кассіна — месца, дзе яго задумы былі рэалізаваныя, і дзе быў закладзены падмурак сённяшняй Еўропы.

Пасля вяртання з Прагі агонь будзе дастаўлены ў Sacro Speco у Суб’яка — кляштар, пабудаваны на месцы пячоры, дзе Бэнэдыкт на пачатку VI стагоддзя правёў тры гады ў малітве. Тут 9 сакавіка пройдуць адмысловыя набажэнствы, якія 17 сакавіка працягнуцца ў Кассіна і Монтэкассіна.

На наступны дзень факеланосцы пешкі пройдуць шляхам святога Бэнэдыкта і прыбудуць у Нурсію 20 сакавіка, напярэдадні святкавання дня нараджэння для неба Апекуна Еўропы.

Традыцыя агню «За мір і адзіную Еўропу» бярэ пачатак з 1964 года, калі Папа Павел VI абвясціў святога Бэнэдыкта Апекуном Еўропы. Вандруючы ў розныя часткі Старога свету, паходня нясе пасланне святога Бэнэдыкта, а менавіта бачанне супольнасці, пабудаванай на Евангеллі і развіцці чалавечай асобы, створанай на вобраз і падабенства Бога, — сказаў у інтэрв’ю Ватыканскаму радыё арцыбіскуп Бакарда.

Іерарх заўважыў, што сёння пасланне святога Бэнэдыкта не вельмі папулярнае.

«Мы ведаем, што еўрапейскія інстытуты маюць цяжкасці з прызнаннем хрысціянскіх каранёў Еўропы. Гэтае прызнанне не з’яўляецца пытаннем рэлігіі, але гісторыі, бо ведаем, як на працягу стагоддзяў бэнэдыктынскае правіла натхняла грамадства. Дзякуючы бэнэдыктынам развівалася культура, сельская гаспадарка, грамадскае жыццё ў многіх рэгіёнах Еўропы. Сёння, на жаль, гэты значны ўнёсак святога Бэнэдыкта нібы адыходзіць на задні план», — лічыць арцыбіскуп Рэнато Бакарда.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа