Пошук

Фота: стоп-кадр трансляцыі «Беларусь 1»

Увечары 24 снежня тэлеканал «Беларусь 1» вёў прамую трансляцыю святой Імшы Пастэркі з санктуарыя Маці Божай Фацімскай у Жодзіне. Узначаліў цэлебрацыю арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Як адзначыў арцыпастыр, святыня ў буйным цэнтры айчыннага машынабудавання была выбрана для сёлетняй трансляцыі невыпадкова. Традыцыйна набажэнствы на Божае Нараджэнне транслююцца з розных касцёлаў нашай краіны — старажытных і сучасных, — каб паказаць і багатую гісторыю, і актыўнае сённяшняе жыццё Каталіцкага Касцёла ў Беларусі.

Жодзінскі касцёл Маці Божай Фацімскай быў асвячаны ў 2003 годзе першым і адзіным у сучаснай гісторыі Беларусі кардыналам Казімірам Свёнткам.

Перад святыняй узвышаецца вялікі крыж, а побач з ім з зямлі выступае невысокая бэлька, што засталася ад першага ўсталяванага тут крыжа, спілаванага ў 1994 годзе невядомымі вандаламі.

Відаць, сілам зла было надта не да спадобы, каб у адным з самых маладых беларускіх гарадоў з’явілася святыня. Тым не менш на жодзінскай зямлі сёння стаіць прыгожы сучасны касцёл у гонар Маці Божай Фацімскай, пабудаваны толькі дзякуючы Яе магутнаму заступніцтву, ад якога панічна ўцякае сатана і яго паслугачы.

Фота: planetabelarus.by

Апошняе з’яўленне Маці Божай у партугальскім мястэчку Фаціма і «цуд сонца» адбыліся 13 кастрычніка 1917 года, незадоўга да крывавага перавароту ў Расіі — так званай «кастрычніцкай рэвалюцыі», — што прывёў да ўлады бальшавікоў, якія пачалі апантана змагацца з рэлігіяй. Таксама і на тэрыторыі Беларусі бязбожны савецкі рэжым вёў бязлітасны пераслед веры і вернікаў, знішчаў крыжы і закрываў святыні.

Аднак у Фаціме Панна Марыя прадказала нашаму народу навяртанне, адраджэнне веры і духоўнасці.

Нездарма адна з першых пабудаваных у незалежнай Беларусі каталіцкіх святыняў была асвячана менавіта пад тытулам Маці Божай Фацімскай.

Два гады таму, калі ў Беларусі і ва ўсім свеце шырока адзначалася 100-годдзе Фацімскіх аб’яўленняў, арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч абвясціў жодзінскі касцёл санктуарыем Маці Божай Фацімскай.

У ноч Нараджэння Пана разам з кіраўніком беларускага каталіцкага епіскапату пры алтары жодзінскага касцёла ўрачыстую святую Імшу, якая трансліравалася не толькі на ўсю Беларусь, але і на краіны СНД і ўвесь свет, дзякуючы тэлеканалам «Мір» і спадарожнікаваму каналу «Беларусь 24», канцэлебравалі святары з законніцкай супольнасці ксяндзоў марыянаў. У цэлебрацыі бралі ўдзел і сённяшні пробашч жодзінскай парафіі кс. Міхал Цвячкоўскі МІС, і адзін з першых тутэйшых душпастыраў кс. Юзаф Пятушка МІС — адзін з найстарэйшых святароў у Касцёле на Беларусі.

Святая Імша распачалася з благаслаўлення прыгожай каляднай батлейкі, усталяванай перад жодзінскім касцёлам. Працэсія выйшла пад прыгожы спеў «Ціхая ноч», які з’яўляецца своеасаблівым музычным сімвалам Калядаў. Яго выконвалі вучні Жодзінскай дзіцячай школы мастацтваў пад кіраўніцтвам Міланы-Вольгі Вярцінскай, прычым самай маленькай салістцы зусім нядаўна споўнілася шэсць гадкоў. Пад чароўныя гукі каляднай мелодыі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч вынес фігурку Дзіцяткі Езуса, якую паклаў на сена ў яслі, пасля чаго благаславіў іх і акрапіў асвячонаю вадою.

У прамоўленай падчас святой Імшы гаміліі Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі пераказаў змест свайго Пастырскага паслання на Божае Нараджэнне.

У святой Імшы ў Жодзіне ўзяў удзел прадстаўнік Беларускай Праваслаўнай Царквы протаіерэй Аляксандр Шымбалёў, намеснік старшыні Сінадальнага аддзела Беларускага экзархата па ўзаемаадносінах Царквы і грамадства, які перадаў віншаванні ад Мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Паўла, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі.

У касцёле прысутнічалі таксама прадстаўнікі мясцовай улады: старшыня Жодзінскага гарвыканкама Дзмітрый Заблоцкі, яго першы намеснік Сяргей Конан, а таксама кіраўнік аддзела ідэалогіі Ірына Карповіч і яе супрацоўніцы.

На заканчэнне Эўхарыстыі старшыня жодзінскай парафіяльнай рады Канстанцін Бараноўскі ўручыў арцыбіскупу Тадэвушу Кандрусевічу сімвалічны падарунак — стырно ад шматтонага БЕЛАЗа.

Як растлумачыў значэнне падарунку спадар Канстанцін, гэта сімвал таго вялікага цяжару адказнасці за Касцёл, які ўжо 30 гадоў нясе на сваіх плячах арцыпастыр.

Абноўлена 30.12.2019 12:49
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця