
Юбілейны Ружанцовы кангрэс у Магілёве зноў збярэ удзельнікаў ружанцовых колаў і ўсіх ахвотных, на гэты раз - вакол кармэлітанскай традыцыі. У праграме – даклады айцоў-кармелітаў, адарацыя, спектакль і Імша пад кіраўніцтвам арцыбіскупа Юзафа Станеўскага.
У суботу, 3 кастрычніка, у Магілёве адбудзецца X Ружанцовы кангрэс «Маці Божая і Ружанец у кармэлітанскай духоўнасці».
Ужо стала добрай традыцыяй, што на пачатку кастрычніка, асаблівага Марыйнага месяца, па ініцыятыве айцоў дамініканаў адбываецца Ружанцовы кангрэс. Магілёўская катэдра Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і святога Станіслава (Магілёў, вул. Камсамольская, 4) чарговы раз стане месцам тых, хто шануе ружанцовую малітву.
Мэта сёлетняга X Ружанцовага кангрэса — як заўсёды паглыбленне духоўнай і інтэлектуальнай фармацыі вернікаў, якія моляцца на ружанцы.
Сёлета тэмай абраны глыбокі погляд на кармэлітанскую традыцыю праз прызму набожнасці да Маці Божай. Таму сустрэча пройдзе пад дэвізам: «Маці Божая і Ружанец у кармэлітанскай духоўнасці».
Свае даклады прадставяць айцы-кармеліты, а святую Імшу на заканчэнне ўзначаляць Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі і грэміяльны канонік Магілёўскага калегіяльнага капітула, Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Александр Яшэўскі SDB.
Арганізатары запрашаюць да ўдзелу ўсіх ахвотных, а асабліва тых вернікаў, якія належаць да ружанцовых колаў. Таксама яны звяртаюцца з просьбай аб малітве ў інтэнцыі добрага плёну Кангрэса.
Праграма X Ружанцовага кангрэса (3 кастрычніка):
- 9.30 — 10.15 — рэгістрацыя ўдзельнікаў
- 10.20 — адкрыццё кангрэса
- 10.30 — 11.10 — даклад «Тэрэза ад Езуса» айца Юрыя Находкі OCD
- 11.15 — 11.55 — даклад «Тэрэза ад Дзіцятка Езуса» айца Пятра Фраштэнга OCD
- пасля дакладаў – пытанні да дакладчыкаў, дыскусія, размова.
- 12.15 — 13.00 — адарацыя Найсвяцейшага Сакраменту – святы Ружанец
- 13.00 — 14.00 — сумеснае фота і абед
- 14.00 — 14.40 — даклад «Ян ад Крыжа» айца Андрэя Авена OCD
- 14.40 — 15.20 — даклад «Рафал Каліноўскі» айца Аркадзя Куляхі OCD
- пасля дакладаў – пытанні да дакладчыкаў, дыскусія, размова.
- 15.30 — 16.00 — перапынак
- 16.00 — 16.40 — спектакль
- 16.40 — падрыхтоўка да святой Імшы
- 17.00 — святая Імша на завяршэнне Кангрэса
Для ўдзелу ў кангрэсе неабходна зарэгістравацца да 27 верасня.
Каб зарэгістравацца, званіце па тэлефоне або дасылайце SMS-паведамленнем інфармацыю пра ўдзельнікаў:
- імя, прозвішча
- мясцовасць, назва парафіі
- колькасць асоб, якія будуць удзельнічаць у кангрэсе
- кантактны нумар тэлефона
тэл.: +375 (44) 773-40-76 (Viber, WhatsApp) а. Браніслаў Дашкевіч ОР
e-mail: bronislavdashkevich@gmail.com













