Пошук

18.11.2026 07:28   Catholic.by

Presentazione della Vergine al Tempio, фрэска Джота дзі Бандоне, капэла Скравеньі, Падуя
Фота: https://gallerix.ru/

Напярэдадні літургічнага ўспаміну Ахвяравання Найсвяцейшай Панны Марыі, якое сёлета адзначаецца ў суботу 21 лістапада, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі кіруе сваё слова да святароў, кансэкраваных асоб і ўсіх вернікаў.

Пастырскае слова
Арцыбіскупа Юзафа Станеўскага
Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага
ў літургічны ўспамін Ахвяравання Найсвяцейшай Панны Марыі

«І благаслаўляць мяне будуць усе пакаленні…» (Лк 1, 48)

Умілаваныя браты і сёстры ў Хрысце!

Восеньскія месяцы багатыя на марыйныя святы. Некалькі дзён таму мы адзначалі ўспамін Маці Божай Міласэрнасці, перад абразом якой здаўна маліліся нашыя продкі. А сёння, напярэдадні Адвэнту, Каталіцкі Касцёл адзначае ўспамін ахвяравання Пану Богу Найсвяцейшай Панны Марыі. Найбольш звестак пра нараджэнне і дзіцячыя гады Панны Марыі мы атрымліваем з апакрыфічнага Евангелля паводле Якуба, а таксама з даследаванняў святога Грыгорыя Ніскага і яго роднага брата — святога Базыля Вялікага.

Марыя была доўгачаканым дзіцем Яўхіма і Ганны, якія шмат гадоў былі бясплоднымі. Калі ў сучасным свеце многія людзі не хочуць мець дзяцей, а некаторыя мужчыны эгаістычна пазбягаюць ствараць сям’ю, бо баяцца адказнасці, то ў старажытнасці, асабліва ў габрэйскім народзе, мець дзяцей лічылася шчасцем. Праведныя бацькі Марыі шчыра маліліся да Бога, каб Ён паслаў ім патомства, якое яны абяцалі ахвяраваць Пану Богу.

Мае дарагія, сённяшняе свята духоўна пераносіць нас у ерузалемскую святыню. Традыцыя апавядае, што Марыя, калі Ёй споўнілася тры гады, была ахвяравана Богу ў святыні яе бацькамі. І тут справа не ў тым, што падзея і вобраз маленькай дзяўчынкі, якая, паводле апокрыфаў, усміхаючыся, рашуча падымаецца па ступеньках у святое месца, нас захапляюць. Гэта гісторыя пра сэрца, якое з маленства вучыцца быць адкрытым на Бога. Марыя яшчэ не ведала, куды прывядзе Яе шлях. Яна не ведала ўсіх падзей, якія павінны былі адбыцца. І ўсё ж — як пазней пакажа Яе жыццё — Марыя ўмела слухаць, давяраць і быць паслухмянаю Богу. Таму момант Яе ўваходу ў святыню — гэта знак пачатку: пачатку жыцця, ахвяраванага Богу, жыцця, у якім Марыя цалкам давярае Яго слову.

Ахвяраванне Найсвяцейшай Панны Марыі ў святыні з’яўляецца таксама сімвалам заканчэння эпохі Старога Запавету і прадвесця ўцелаўлення Хрыста, Ахвяра якога пераможа смерць.

Праз гэтае свята Касцёл нагадвае нам праўду пра тое, што ў Божых планах Марыя спрадвеку была прызначана для выканання збаўчай місіі. Абраная Богам як Маці Збаўцы, Яна стала ахвярным дарам Нябеснаму Айцу. Марыя была аддана Богу ўсё сваё жыццё. Ад самага нараджэння ўсё ў Панне Марыі было скіравана да місіі Яе жыцця — быць сапраўднай святыняй Божай для нараджэння Езуса Хрыста. Свята Яе Ахвяравання выяўляе гэтую выключную прыналежнасць Найсвяцейшай Панны Марыі Богу, поўнае прысвячэнне Яе душы і цела таямніцы збаўлення, якая ёсць таямніцай блізкасці Творцы да стварэння.

Для Ізраэля святыня была месцам малітвы і сустрэчы з Богам. Але сённяшняе свята нагадвае нам, што Бог прагне жыць не толькі ў каменных храмах. Ён найперш жадае знайсці месца ў святыні чалавечага сэрца. Марыя стала такою святыняю: Яна прыняла Божае Слова і дазволіла, каб праз Яе прыйшло на гэты свет Збаўленне. Пакора Маці Божай, як паказваюць літургічныя тэксты, падрыхтавала Яе да прыняцця Духа Святога, з якога выйдзе Хрыстус, Сонца і Збаўца, які асвятліць цемру смерці і граху.

Энцыкліка Lumen Gentium (Святло народаў) называе Марыю «ўмілаванай Дачкой Айца», бо менавіта ў Ёй знайшоў сваё здзяйсненне Божы план любові да грэшнага чалавецтва. Бог Айцец выбраў Марыю сярод усіх стварэнняў, каб Яна стала Маці Яго Сына, і ўзвысіў Яе да найвышэйшай годнасці і місіі ў служэнні свайму народу.

Умілаваныя браты і сёстры. Жыццё Найсвяцейшай Панны Марыі было напоўнена Богам. І гэта заданне для кожнага з нас. Мы можам спытаць: ці ёсць месца для Бога ў маім паўсядзённым жыцці? Ці здольны я спыніцца, каб паслухаць Яго — у малітве, у Святым Пісанні, у цішыні, а таксама ў бліжніх — у тых, з кім працую ці вучуся, у хворых і смуткуючых, у тых, хто перажывае цяжкія моманты ў сваім жыцці? Бо нам лёгка напоўніць дзень многімі рэчамі і не пакінуць месца для таго, што самае важнае, — для Бога і дапамогі бліжнім. Марыя вучыць нас, што адкрытасць на Бога пачынаецца з простых, але ўпэўненых крокаў, на якія натхняе нас Бог.

Яна таксама вучыць нас, што ахвяраванне сябе Богу не азначае ўцёкаў ад свету. Марыя жыла сярод людзей, выконваючы штодзённыя абавязкі і перажываючы цяжкасці. Яе вера была не адсутнасцю пытанняў ці страху, але была глыбокім даверам, які дазваляў ёй рухацца наперад. Калі Яна сказала сваё fiat — «няхай мне станецца», — Яна адказала Богу ўсім сваім жыццём. Таму сёння нам трэба прасіць, каб Найсвяцейшая Панна дапамагла нам учыніць нашыя сэрцы месцам малітвы, спакою і любові; каб Марыя дапамагла нам прымаць Божае слова і ператвараць яго ў канкрэтныя справы: у прабачэнне, якое нам, часам, даецца так нявыносна цяжка; у клопат пра тых, хто чакае нашай дапамогі; у цярплівасць да блізкіх. Бо менавіта Найсвяцейшая Маці дапаможа нам не страціць надзеі ў цяжкія часы выпрабаванняў і цярпення.

Ахвяраванне Марыі ў святыні — гэта заклік да шчырага прысвячэння сябе Богу з ранняга ўзросту, да адрачэння ад усяго, што адцягвае нас ад Яго любові, і да вытрымкі ў штодзённым прысвячэнні да канца нашага жыцця.

Браты і сёстры. Збаўленне залежыць ад майго і твайго «так», залежыць ад таго, ці маё і тваё сэрцы стануць месцам прабывання Бога. Збаўленне адбываецца тут, дзе мы жывем, бо Сын Чалавечы прыйшоў, каб знайсці і збавіць кожнага. Калі мы Яму аддамо ўсё, як Марыя, мы атрымаем вельмі шмат, мы атрымаем дары значна цудоўнейшыя за матэрыяльныя. І Бог будзе благаславіць нас таксама ў жыцці і ў матэрыяльных справах — калі мы аддамо Яму ўсё, калі дзеля Яго будзем рызыкаваць сваім жыццём.

Таму сёння давайце папросім у Пана такую веру, якую мела Марыя. Давайце таксама папросім, каб наша жыццё было цалкам прысвечана Богу, каб мы жадалі аддаваць Яму ўсё кожны дзень, каб мы нічога не пакідалі сабе.

Нягледзячы на тое, што мы часам грашым, нягледзячы на тое, што мы часам слабыя, важна, каб мы ставілі Пана на першае месца ў сваім жыцці; каб мы ведалі, што Ён — Той, Каму мы служым, Каму хочам давяраць і быць вернымі.

У нашых дыяцэзіях распачалася Фацімская навэнна, прысвечаная падрыхтоўцы да 110-й гадавіны аб’яўленняў Маці Божай у Фаціме. Кожную першую суботу месяца ў Духоўным цэнтры Каталіцкага Касцёла на Беларусі — Нацыянальным санктуарыі ў Будславе, у іншых марыйных санктуарыях і святынях цэлебруюцца адмысловыя набажэнствы перапрашэння Беззаганнага Сэрца Марыі. У гэты дзень чытаецца таксама Акт прысвячэння Маці Божай. Гэта вельмі важна, каб мы прысвячалі сябе, нашыя сем’і, нашу моладзь і дзяцей Багародзіцы, каб мы імкнуліся быць Яе Totus Tuus — «увесь Твой». Гэты дэвіз азначае поўную адданасць Маці Божай і паходзіць з малітвы, змешчанай ў трактаце святога Людвіка дэ Манфора «Аб сапраўдным ушанаванні Найсвяцейшай Панны Марыі». Гэтыя словы выбраў святы Ян Павел II сваім асабістым біскупскім і папскім дэвізам Totus Tuus. Гэтыя словы былі таксама мэтай жыцця і служэння святога Максімільяна Кольбэ, які працаваў у Гродне і арганізаваў «Рыцарства Беззаганнай». Сёння ў час, у якім Бог паклікаў і выбраў нас, набажэнствы першых суботаў, малітвы ружанцовых таямніцаў, з’яўляюцца шанцам даверыцца Ёй і даручыць нашу будучыню ў Яе беззаганныя рукі. Гэта можна ўчыніць словамі святога Бонавэнтуры:

«Мая дарагая Валадарка і Ратавальніца, я ўсё буду рабіць з даверам да Цябе і нічога не буду баяцца, бо Ты — мая моц і праслаўленне ў Пану… Я ўвесь Твой, і ўсё, што я маю, належыць Табе; о хвалебная Дзева, благаслаўлёная па-над усімі стварэннямі, Цябе я кладу, як пячатку, на сваё сэрца, бо Твая любоў мацнейшая за ўсё…».

Браты і сёстры. Ахвяраванне Марыі ў святыні — гэта заклік да шчырага прысвячэння сябе Богу з ранняга ўзросту, да адрачэння ад усяго, што адцягвае нас ад Яго любові, і да вытрымкі ў штодзённым прысвячэнні да канца нашага жыцця. Гэта заклік ісці шляхам веры да паўнаты шчасця. Святы Альфонс Лігуоры заахвочваў сваіх сучаснікаў: «Наследуйце Панну Марыю ў Яе дасканалай аскезе, каб і вы маглі стаць святыняю Божаю» («Праслаўленне Марыі»). А святы Дарафей з Газы казаў: «Навучыцеся выракацца ўласнай волі, каб, як Марыя, стаць поўнай уласнасцю Бога» (Духоўнае навучанне, раздзел VI).

Любыя браты і сёстры. Няхай гэтыя словы святых дапамогуць нам усвядоміць, што поўнае прысвячэнне душы і цела Богу па прыкладзе Марыі — гэта самы дасканалы шлях да святасці, які вядзе да чысціні сэрца, унутранага спакою і нястомнага трывання ў Божай любові.

✠ Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі

Мінск, 9 лістапада 2026 года
У свята гадавіны пасвячэння Латэранскай Базылікі

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа