У Мінску пачынаецца чарговы сезон Альфа-курса — практычнага курса знаёмства з хрысціянскай верай, які праводзіцца ў касцёлах па ўсім свеце. У гэтым сезоне сустрэчы адбудуцца адразу ў трох парафіях.
Курс праводзіцца з дазволу і благаслаўлення арцыбіскупа Юзафа Станеўскага, Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага. У Мінску Альфа Курс праходзіць пад духоўным кіраўніцтвам ксяндза каноніка Юрыя Санько, пробашча парафіі Найсвяцейшай Тройцы (святога Роха) на Залатой Горцы ў Мінску.
Што такое Альфа?
Альфа — гэта 12 бясплатных сустрэч для дарослых, адкрытых для ўсіх, незалежна ад веравызнання ці перакананняў.
Кожная сустрэча доўжыцца каля паўтары-дзве гадзіны і мае просты фармат: спачатку гарбата і невялікі пачастунак, потым кароткая лекцыя пра ключавыя пытанні хрысціянскай веры, а пасля — абмеркаванне ў малых групах.
У сярэдзіне курса прадугледжаны выязны ўікэнд са Святым Духам у Навагрудку — асаблівы час для малітвы, шчырых размоў і разважанняў пра сябе, жыццё і сваю веру.
Хто вядзе і для каго?
Альфа-курс вядуць свецкія служачыя — вернікі, якія, жывуць звычайным жыццём і маюць свой шлях веры і ўласны жыццёвы вопыт.
Курс будзе асабліва карысны тым, хто толькі пачынае шлях у веры, а таксама тым, хто перажывае сумненні, стомленасць або цяжкасці ў даверы да Бога. Таксама Альфа можа быць карыснай і для тых, хто рэгулярна практыкуе каталіцкую веру: магчыма, курс дапаможа па-новаму паглядзець на свае адносіны з Богам.
Атмасфера даверу
Арганізатары падкрэсліваюць: Альфа — гэта прастора, дзе можна спакойна, шчыра і без ціску гаварыць пра веру, жыццё і сэнс. Тут ніхто не правярае веды і не патрабуе «правільных» адказаў. Можна прыходзіць з пытаннямі, сумненнямі, перажываннямі — ці проста з цікаўнасці.
Многія выпускнікі прызнаюцца, што спачатку чакалі строгага фармату — быццам трэба адразу адпавядаць нейкім крытэрыям. Але кожны раз людзі са здзіўленнем адкрываюць нешта зусім іншае: цёплае прывітанне, глыбокія размовы і асаблівы давер у малых групах. Побач аказваюцца такія ж звычайныя людзі — тыя, хто шукае, са сваімі радасцямі і цяжкасцямі вельмі розныя.
Арганізатары імкнуцца стварыць атмасферу даверу, дзе можна быць сабой і знаходзіць адказы на складаныя пытанні.
Дзе і калі?
У гэтым сезоне Альфа праходзіць адразу ў трох парафіях у Мінску:
- у Хрысціянскім сацыяльным цэнтры (вул. Серафімовіча, 19) — па аўторках. Пачатак сустрэч — 6 кастрычніка.
- у касцёле Найсвяцейшай Тройцы (святога Роха) на Залатой Горцы (пр-т Незалежнасці, 44А) — па серадах. Пачатак сустрэч — 7 кастрычніка (рэгістрацыя закрыта).
- у касцёле Божага Цела ў мікрараёне Ангарская (вул. Герасіменкі, 6) — па чацвяргах. Пачатак сустрэч — 8 кастрычніка.
«Калі вы сумняваецеся ці хвалюецеся, ці варта вам прыходзіць — ведайце: такія пачуцці знаёмыя многім, хто аднойчы вырашыў прыйсці», — кажуць арганізатары.
«Ад імя служачых Альфа-курса і ксяндза каноніка Юрыя Санько запрашаем вас зрабіць гэты крок. Прыходзьце самі, запрашайце сяброў, суседзяў, калег — асабліва тых, каму цяжка пераступіць парог касцёла», —запрашаюць яны.
Альфа часта становіцца пачаткам шляху — шляху да пабудовы жывых адносінаў з Богам.
Служачыя падкрэсліваюць: «Мы будзем радыя кожнаму!»
Форма для рэгістрацыіі https://forms.gle/dZRR4FKtuc6aCQ3r6





















