Пошук


Фота: www.vaticannews.va

Леў XIV звярнуўся да юнакоў і дзяўчат з відэазапрашэннем прыняць удзел у Сусветных днях моладзі, якія пройдуць у Сеуле ў 2027 годзе. 22 кастрычніка распачалася рэгістрацыя ўдзельнікаў гэтай сустрэчы.

Відэапасланне Папы з нагоды пачатку рэгістрацыі ўдзельнікаў СДМ-2027 было апублікавана 22 кастрычніка бягучага года. Сустрэча пройдзе ў Сеуле з 3 па 8 жніўня 2027 года пад дэвізам «Будзьце адважнымі! Я перамог свет» (Ян 16, 33). 

«Мае дарагія маладыя сябры! Сёння адкрываецца рэгістрацыя на Сусветныя дні моладзі, якія пройдуць у наступным годзе, і я цёпла запрашаю кожнага з вас у Сеул. Гэта не проста запрашэнне ўбачыць новы горад. Гэта заклік адправіцца ў пілігрымку веры, сяброўства і надзеі»,

— падкрэсліў Святы Айцец. 

У сваім звароце Пантыфік адзначыў, што пілігрымка дасць моладзі магчымасць не толькі пазнаёміцца з хрысціянскімі святынямі ў іншай краіне, але і знайсці час і прастору для больш глыбокай сустрэчы з Богам як у асабістым жыцці, так і ў дынамічным жыцці Касцёла. У Сеуле маладыя людзі сустрэнуцца з равеснікамі з усяго свету, якія прадстаўляюць «цудоўную і багатую разнастайнасць моў і культур». Як адзначыў Леў XIV, адрозненні і дадзеная Богам разнастайнасць дапаможа удзельнікам яшчэ мацней адчуць еднасць, бо ўсе яны з’яўляюцца членамі аднаго Цела Хрыстовага. 

«Таму гэтая падзея стане асаблівай магчымасцю як для паглыблення вашай веры, так і для сустрэчы з братамі і сёстрамі ў Хрысце»,

— сказаў Папа.  

Святы Айцец выказаў надзею, што ўдзельнікі захаваюць радасныя ўспаміны аб сустрэчы і завяжуць сяброўскія адносіны на ўсё жыццё. 

У дзень памяці заснавальніка СДМ 

Зварот Льва XIV прагучаў у дзень літургічнай памяці святога Яна Паўла ІІ — Папы, які ў 1985 годзе заснаваў Сусветны дзень моладзі. Таму, звяртаючыся да ўдзельнікаў будучага СДМ, Леў XIV нагадаў словы свайго папярэдніка:

«Не бойцеся! Адкрыйце, расчыніце насцеж дзверы Хрысту!». 

Леў XIV падкрэсліў, што гэтыя словы скіраваныя і да кожнага маладога чалавека, таму падчас пілігрымкі ў Сеул яны пакліканы прынесці з сабой усё, чым жывуць і што носяць у сэрцах: мары, жаданні і надзеі, а таксама раны і цяжкасці. 

«Пан чакае вас у гэтым месцы сустрэчы і еднасці. Ён кліча кожнага з вас па імені і жадае абудзіць у вас надзею, каб даць вам паўнату жыцця і радасці», — запэўніў Святы Айцец. 

«З нецярпеннем чакаю сустрэчы з вамі ў Сеуле! Тым часам няхай Бог благаславіць вас і вашых блізкіх»,

— сказаў на заканчэнне відэапаслання Леў XIV, удзяліўшы ўсім благаслаўленне ў імя Айца, і Сына, і Святога Духа. 

Анлайн-рэгістрацыя на СДМ-2027 

Фота: neocatechumenaleiter.org/ru

Для ўдзелу ў Сусветных днях моладзі ў Сеуле неабходна зарэгістравацца ў анлайн-сістэме. Рэгістрацыя ўдзельнікаў адбываецца праз групы, якія могуць ствараць канферэнцыі біскупаў, дыяцэзіі, парафіі, манаскія супольнасці, а таксама іншыя каталіцкія арганізацыі і супольнасці. 

Асобныя ўдзельнікі і невялікія групы могуць далучыцца да ўжо створанай групы — напрыклад, арганізаванай іх парафіяй або дыяцэзіяй. 

На першым этапе рэгістрацыі, які не прадугледжвае аплаты, адказны за групу стварае ўліковы запіс і ўносіць асноўную інфармацыю: краіну, свае дадзеныя і меркаваную колькасць пілігрымаў. Такім чынам арганізатары атрымліваюць інфармацыю пра намер групы прыняць удзел у СДМ. 

Рэгістрацыйную анкету можна запоўніць на адной з шасці афіцыйных моў СДМ: англійскай, іспанскай, італьянскай, карэйскай, партугальскай і французскай. Падрабязная інструкцыя па рэгістрацыі даступная на галоўнай старонцы рэгістрацыйнай сістэмы. Адказы на найбольш частыя пытанні можна знайсці ў раздзеле FAQ на афіцыйным сайце СДМ. 

Рэгістрацыя і аплата пражывання павінны быць завершаныя да 31 мая 2027 года. Арганізатары адзначаюць, што ўмовы рэгістрацыі могуць змяняцца. У выпадку змяненняў адпаведная інфармацыя будзе паведамлена дадаткова. 

Даведка

Рэгістрацыя для ўдзелу ў Сусветных днях моладзі ў Сеуле ў анлайн-сістэме ТУТ>>>. Падрабязную інструкцыю па рэгістрацыі на СДМ-2027 можна спампаваць на галоўнай старонцы. Для атрымання актуальнай інфармацыі можна скарыстацца афіцыйнымі сайтамі wydseoul.org і register.wyd-reg.org.

Абноўлена 22.10.2026 22:22
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.