Пошук

28.06.2022 11:51   Лілія Кобзік / Catholic.by

З 22 па 26 чэрвеня ў Рыме праходзіла Дзясятая Сусветная сустрэча сем’яў, у якой брала ўдзел таксама дэлегацыя з Беларусі.

У склад беларускага прадстаўніцтва на сусветным форуме сем’яў уваходзілі айцец Пётр Фраштэнга OCD, сакратар Рады па справах сям’і пры ККББ, а таксама сужэнцы Ян і Лілія Кобзікі. Узначальваў беларускую дэлегацыю біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB.

Сваімі высновамі і думкамі ад удзелу ў сустрэчы ўдзельнікі беларускай делегацыі дзеляцца з Cathilic.by.

Біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB

— Вялікім дарам для мяне асабіста, як і для ўсёй нашай дэлегацыі з Беларусі, стаў удзел у Дзясятай Сусветнай сустрэчы сем’яў у Рыме. Яна дала яшчэ большае ўсведамленне таго, наколькі важным і неабходным у гэты час жыцця і дзейнасці Касцёла з’яўляецца душпастырства сем’яў — гэта тое, з чым вяртаюся з сустрэчы.

Усе сацыяльныя сістэмы, якія недаацэньваюць або ігнаруюць значэнне сям’і, асуджаныя на правал.

Касцёл нястомна ўказвае ўсім на неабходнасць прызнання сям’і як найважнейшай і фундаментальнай сацыяльнай адзінкі і накіравання памкненняў такім чынам, каб яе духоўныя і матэрыяльныя даброты былі на першым месцы. Гэта з’яўляецца неабходнай умовай усялякага дабрабыту як для будучыні грамадства, так і для будучыні Касцёла.

Арганізатары Сусветнай сустрэчы сем’яў для гэтай падзеі выбралі адгартацыю Папы Францішка Amoris Lætitia, якая апавядае пра прыгажосць сужэнскага кахання, але ў той жа час у цэнтры ўвагі ставіць слабасць і крохкасць сужэнскага жыцця. Пацвярджэннем гэтага з’яўляецца той факт, што на сустрэчы гучалі сведчанні сем’яў, і кожная з іх перажывала пэўныя цяжкасці.

Вялікая ўвага на гэтай сустрэчы была нададзена суправаджэнню як спосабу сучаснага душпастырства для сямейных пар і сем’яў.

Недастаткова падрыхтаваць пару да цэлебрацыі сакраманту сужэнства, а трэба ісці далей, рыхтаваць да сужанскага жыцця, а пасля шлюбу і далей суправаджаць у сямейным узрастанні маладую пару.

Супрацоўніцтва паміж святарамі і сужэнскімі парамі ў парафіі ў душпастырстве сем’яў вельмі важнае. Суправаджаць азначае быць побач з іншымі, але не замяняць іх, а дапамагаць зразумець, што такое шлюб і сямейнае жыццё, якія яго выклікі, а потым прыняць адпаведныя меры для іх рэалізацыі. Той, хто суправаджае, знаходзіцца побач, дапамагае, указвае, падказвае, але ніколі не замяняе.

Айцец Пётр Фраштэнга OCD

— Сустрэча ў Рыме дала магчымасць зноў адчуць еднасць усяго Касцёла. Дзякуючы нашаму ўдзелу я добра ўсвядоміў, што мы таксама з’яўляемся важнай часткай гэтай агульнай супольнасці.

Зразумела, што мы маем сваё месца і ўласныя задачы, асабліва звязаныя з душпастырскім суправаджэннем нашых парафіяльных сем’яў.

Багатыя новымі ўражаннямі, сведчаннямі сужэнскага жыцця і замацаваныя словамі Святога Айца, мы вяртаемся ў Беларусь, каб яшчэ больш ахінуць нашы сем’і душпастырскай апекай.

Лілія і Ян Кобзікі

— Мы вельмі ўдзячныя Касцёлу за запрашэнне і магчымасць браць удзел у канференцыі і іншых мерапрыемствах Сусветнай Сустрэчы сем’яў у Рыме. Мы пачулі шмат сужэнскага досведу, які сведчыць, што немагчыма будаваць сям’ю без асаблівай духоўнай сувязі.

Сужэнцы з розных краін свету распавядалі пра пачуцці, пра страты, шмат казалі пра прабачэнне, гаварылі, як менавіта душпастырства дапамагае знайсці правільны шлях ў розных крытычных сітуацыях.

«Сям’я не складаецца з асобных „планет“, якія рухаюцца кожная па сваёй арбіце, — заўважыў падчас Імшы на плошчы Святога Пятра Папа Францішак. — Гэта месца спаткання і выхаду са сваіх межаў дзеля іншага чалавека; дзеля таго, каб быць з кімсьці побач. Сям’я — гэта першае месца ў жыцці, дзе чалавек вучыцца любіць!» — падкрэсліў пантыфік.

Нездарма дэвізам Сустрэчы у Рыме стала фраза: «Любоў у сям’і: пакліканне і шлях да святасці». Сапраўды, любоў для сужэнцаў — гэта такое ж пакліканне, як святарства для святароў.

Спадзяемся, што і беларускія сем’і ў самых розных, часам няпростых і нават драматычных жыццёвых сітуацыях адгукаюцца на гэтае пакліканне. Мы ўдзячныя нашым біскупам, святарам і манаскім асобам у Беларусі за душпастырства сем’яў і за магчымасць адчуць асаблівую духоўную напоўненасць ад Сустрычы і канфренцый у Рыме.

Абноўлена 28.06.2022 14:54
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа