Пошук

03.07.2026 20:00   Тэкст: Ганна Якімовіч / Фота: Віктар Ведзень / Catholic.by

3 ліпеня ў Нацыянальны санктуарый Маці Божай Будслаўскай на агульнабеларускі фэст прыбылі 2 680 пілігрымаў з розных мясцін з усіх дыяцэзій Беларусі. 

Кожны год у Будслаў прыходзяць тысячы пілігрымаў, якія напаўняюць святыню асаблівай атмасферай веры і надзеі. Яны прыбываюць у санктуарый з самымі рознымі матывамі: адны шукаюць аздараўлення, іншыя духоўнага прасвятлення, але галоўнае — адчуць сувязь з Богам. Падчас падарожжа яны пераадольваюць вялікія адлегласці, каб дакрануцца да святыні і падзяліцца сваёй верай з іншымі.

Кожную пілігрымку шчыра вітаў пробашч парафіі ў Будславе і кусташ Нацыянальнага санктуарыя ксёндз канонік Аляксей Раманчук. Кожнай з груп вернікаў пры ўваходзе ў святыню ён казаў некалькі слоў, а потым крапіў іх вадою. Разам з пробашчам пілігрымаў таксама вітаў Генеральны сакратар ККББ біскуп Юрый Касабуцкі.

Пешая пілігрымка Ліда-Будслаў

Першай пілігрымкай, якая прыйшла ў Нацыянальны санктуарый, была пешая з Ліды (Гродзенская дыяцэзія), якую ўзначаліў біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй. 101 пілігрым за 9 дзён прайшоў адлегласць у 250 кіламетраў.

«Вы пераадолелі такі доўгі шлях, але ўсе ў добрым настроі і з усмешкамі на тварах. Гэта сведчыць аб тым, што на Беларусі Бог жыве, а вашы сэрцы вельмі моцныя і адкрытыя да Яго. Шчыра запрашаю вас, каб вы ўвайшлі ў гэтую святыню, дзе Маці Божая вас усіх чакае, і вельмі цешуся, што разам з вамі ваш пастыр – вопытны пілігрым са стажам»,

— прывітаў пілігрымаў кусташ санктуарыя.

Пешая пілігрымка Жодзіна-Будслаў

105 пілігрымаў прывялі айцы марыяне з Жодзіна (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія, Барысаўскі дэканат). За 5 дзён яны пераадолелі 118 кіламетраў і падышлі да галоўнай брамы святыні пад песню «Я іду за Хрыста і Касцёл».

Пешая пілігрымка Полацк-Будслаў

Ужо 28-ы раз пілігрымы з Полацка прыходзяць у Будслаў, каб аддаць пашану Маці Божай і выпрасіць у Яе патрэбныя ласкі для сябе і сваіх бліжніх. У гэтым годзе 105 пілігрымаў прыйшлі пад духоўным кіраўніцтвам новапрэзбітэра ксяндза Антонія Тышко. За 5 дзён яны адолелі 133 кіламетры.

Парафіяльная пешая пілігрымка Ракаў-Будслаў

Гэта адна з нешматлікіх парафіяльных пілігрымак, якія штогод крочаць да Маці Божай Будслаўскай. Сёлета 75 пілігрымаў з парафіі Маці Божай Ружанцовай у Ракаве (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія, Валожынскі дэканат) ішлі 4 дні, каб пераадолець 130 кіламетраў. Яны ўвайшлі ў Будслаў пад песню «О, Марыя, наша Маці».

Пешая пілігрымка Нарач-Будслаў

Пілігрымку, якая ўжо 29-ы раз выходзіць з парафіі святога Андрэя апостала ў Нарачы, прывялі да Маці Божай айцы кармэліты босыя. Шлях 150 пілігрымаў складаў 65 кіламетраў, якія былі пройдзены за 3 дні. Вітаючыся з кусташам санктуарыя, пілігрымы заспявалі кавер на песню Hafanana.

Пешая пілігрымка «Легіёна Марыі»

Легіянеры Марыі, якіх прыйшло 26 чалавек, на 6-ы дзень дарогі падышлі да ўваходу ў будслаўскі касцёл. Духоўным апекуном пілігрымаў, якія ішлі з Мінска, быў айцец дамініканін Віталій Сапега.

Пешая пілігрымка Браслаў-Будслаў

З блакітных краёў, з санктуарыя Маці Божай, Валадаркі Азёраў у Нацыянальны санктуарый у Будславе 5 дзён ішло 50 пілігрымаў. Іх шлях склаў 160 кіламетраў. Пілігрымка прайшла пад духоўным кіраўніцтвам законнага айца з кангрэгацыі сальватарыянаў. Ксёндз Аляксей Раманчук папрасіў пілігрымаў заспяваць для яго марыйную песню. Яны выбралі спеў «Маці Будслаўская».

Пешая «посная» пілігрымка Мінск-Будслаў

30 вернікаў з Мінска за 4 дні прайшлі 130 кіламетраў «на хлебе і вадзе» дзеля ўміласціўлення Бога за грахі свае і іншых. Нязменным духоўным кіраўніком пілігрымкі з'яўляецца ксёндз прэлат Уладзіслаў Завальнюк.

Пешая пілігрымка Росіца-Будслаў

42 пілігрымы, якія за 8 дзён пераадолелі 235 кіламетраў, прыйшлі з санктуарыя росіцкіх мучанікаў, на чале з ксяндзом Аляксандрам Жарнасекам MIC.

Роварная пілігрымка Мінск-Будслаў

Пілігрымка вернікаў мінскай парафіі святых Сымона і Алены. Яны пачалі сваю малітоўную паездку ад касцёла Найсвяцейшай Тройцы (святога Роха) на Залатой Горцы ў Мінску і праз 3 дні дасягнулі Будслава. У гэтым падарожжы ўдзельнічалі 6 раварыстаў, якія праехалі разам 160 кіламетраў.

Пешая пілігрымка Вілейка-Будслаў

153 пілігрымы з Вілейкі прыйшлі ў санктуарый разам са сваім душпастырам ксяндзом Аляксандрам Барылам. Шлях удзельнікаў пілігрымкі складаў 1 дзень. Пешая пілігрымка Маладзечна-Будслаў Сёлета адну з самых вялікіх пілігрымак па колькасці ўдзельнікаў прывялі ў святыню браты капуцыны. У ёй прынялі ўдзел 340 чалавек. За 5 дзён яны прайшлі 125 кіламетраў.

Пешая пілігрымка Маладзечна-Будслаў

Сёлета адну з самых вялікіх пілігрымак па колькасці ўдзельнікаў прывялі ў святыню браты капуцыны. У ёй прынялі ўдзел 340 чалавек. За 5 дзён яны прайшлі 125 кіламетраў.

Пешая пілігрымка Паставы-Будслаў

У гэтым годзе яна складалася з 212 удзельнікаў. Пілігрымы ішлі да Маці Божай на працягу 3 дзён і пераадолелі 77 кіламетраў.

Пешая пілігрымка Мінск-Будслаў

Найбуйнейшую пешую пілігрымку са сталіцы нашай краіны ў Нацыянальны марыйны санктуарый прывялі айцы хрыстусоўцы. Разам з імі ў Будслаў прыйшлі 379 пілігрымаў, якія за 5 дзён прайшлі адлегласць у 123 кіламетры. Каля святыні пілігрымаў сустрэў і падвёў да яе Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі Юзаф Станеўскі.

Роварная пілігрымка Мядзель-Будслаў

Адзін парваны ланцуг, адна зламаная педаль, але не зламаныя духам 10 пілігрымаў з Мядзеля праехалі на ровары да Маці Божай 58 кіламетраў. Разам з імі гэты шлях падзяліў айцец Генрых Валейка.

Пешая пілігрымка Віцебск-Будслаў

Самая інтэрнацыянальная пілігрымка, якая аб’яднала 67 ўдзельнікаў з Гандураса, Эквадора, Польшчы, Беларусі і Расіі, прыйшла з Віцебска. Ёю апякуюцца айцы дамінікане. Да пілігрымаў таксама далучыўся і ўвёў іх у святыню пастыр Віцебскай дыяцэзіі біскуп Алег Буткевіч. Пілігрымы ўжо ў 35-ы раз пераадолелі за 7 дзён 240 кіламетраў.

Пешая Салезіянская моладзевая евангелізацыйная пілігрымка Смаргонь-Будслаў

Пілігрымаў вялі ксяндзы салезіяне святога Яна Боска. Яе ўдзельнікі, якіх сёлета налічвалася 146 чалавек, прайшлі разам 105 кіламетраў.

Пешая пілігрымка Баранавічы-Будслаў

Пешая пілігрымка Пінскай дыяцэзіі ў гэтым годзе налічвала 115 чалавек. Гэта самая доўгая пілігрымка, шлях якой складае ажно 293 кіламетры. Да Маці Божай яны дабіраліся 9 дзён. На чале з ксяндзом Паўлам Рудзьманам пілігрымы прыйшлі да святыні не з пустымі рукамі. Падтрымліваючы акцыю дапамогі маламаёмасным парафіям Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі — «Дар сэрца для парафій у патрэбе», пілігрымы з Баранавічаў перадалі кусташу Нацыянальнага санктуарыя табэрнакулюм.

Пілігрымка на монаколах Даўгінава-Будслаў

У эпоху сучасных тэхналогій першая пілігрымка на монаколах, якая аб'яднала 15 пілігрымаў, якую ўзначаліў ксёндз магістр Уладзіслаў Завальнюк, стала своеасаблівай 20-і кіламетровай духоўнай дарогай, якая аб’яднала традыцыі і новыя падыходы.

Пешая пілігрымка Глыбокае-Будслаў

На працягу 3 дзён 205 пілігрымаў розных узростаў — ад немаўлят да 78 гадоў — здзейснілі духоўнае падарожжа на чале з ксяндзом Андрэем Янулём. За гэты час яны прайшлі разам каля 60 кіламетраў. Вернікаў аб'яднала адна мэта — ушанаваць і пакланіцца Маці Божай у святыні Будслава.

Пешая пілігрымка Пузыры-Будслаў

Аднадзённую сямейную пілігрымку руху Equippes Notre-Dame, якая складае 15 кіламетраў, прайшлі 114 сямей з 150-ю дзецьмі. Пілігрымку суправаджаў ксёндз канонік Андрэй Сіповіч. Гэты дзень стаў для ўдзельнікаў пілігрымкі цудоўнай магчымасцю зблізіцца з Богам і адзін з адным, адчуць сілу сямейнай еднасці і духоўнай радасці.

Роварная пілігрымка Стоўбцы-Будслаў

2 адданых пілігрыма — бацька і сын, адправіліся ў духоўнае падарожжа да святыні з горада Стоўбцы. Іх шлях працягваўся 3 дні, за гэты час яны пераадолелі 185 кіламетраў.

Абноўлена 04.07.2026 12:19
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця