Пошук

Панядзелак, 17 снежня 2018
Чацвер, 17 мая 2018
Пятніца, 11 мая 2018
Панядзелак, 23 красавіка 2018
Панядзелак, 15 студзеня 2018
Чацвер, 7 снежня 2017
Аўторак, 26 верасня 2017
Серада, 13 верасня 2017
Чацвер, 17 жніўня 2017
Нядзеля, 30 ліпеня 2017
Панядзелак, 20 чэрвеня 2016
Панядзелак, 12 сакавіка 2012
12.03.2012 13:28
«Сужэнскiя сустрэчы» — рух у Каталіцкім Касцёле, якi арганiзоўвае рэкалекцыi для сужэнцаў. Мэтай гэтых рэкалекцый з’яўляецца паглыбленне i аднаўленне сужэнскай еднасцi i любовi. Падчас сустрэч кожная сужэнская пара можа перажыць свежасць узаемных пачуццяў, паглыбiць сваё каханне альбо адкрыць яго нанава, аднавiць адчуванне сутнасцi таямнiцы шлюбу. Мужу i жонцы прапаноўваецца дыялог, якi вядзецца толькi памiж iмi i дапамагае лепшаму ўзаемаразуменню, дапамагае радавацца сужэнскаму жыццю, нанава адкрываць яго прыгажосць. Паводле досведу, на рэкалекцыi  могуць прыязджаць i сужэнцы, якiя перажываюць сур’ёзныя канфлiкты. Наогул, запрашаецца кожная сужэнская пара, якая намерваецца развiваць сваё супольнае жыццё. Рух «Сужэнскiя сустрэчы» праводзiць таксама  «Вечары для закаханых» i «Вечарыны для нарачоных», якiя падрыхтоўваюць маладых людзей да таямнiцы шлюбу.
Аўторак, 30 жніўня 2011
Аўторак, 27 кастрычніка 2009
27.10.2009 11:01
Члены асацыяцыі салезіянаў-супрацоўнікаў праз дзеянне Духа Святога рэалізуюць харызму святога Францішка Сальскага ў секулярных абставінах свету. Заснавальнікам асацыяцыі з’яўляецца святы Ян Боско, які запрашаў прадстаўнікоў духавенства і свецкіх садзейнічаць місіі збаўлення моладзі. У 1876 г. Ян Боска вызначыў жыццёвую праграму сваіх паплечнікаў у «Правілах для салезіянаў-супрацоўнікаў», якія пазней атрымалі адабрэнне Касцёла. Гэтым шляхам могуць ісці каталіцкія вернікі любога культурнага ўзроўню і грамадскага становішча. Салезіяне-супрацоўнікі перажываюць сваё пакліканне ў канкрэтнай штодзённай рэальнасці. Яны дзейнічаюць на карысць Касцёла і грамадства, распаўсюджваючы салезіянскія каштоўнасці ў сваім асяроддзі праз выкарыстанне сродкаў, найбольш адпаведных у канкрэтных умовах. Натхнёныя салезіянскім духам, салезіяне-супрацоўнікі аказваюць пераважную ўвагу моладзі, асабліва той, якая церпіць нястачу, стала ахвярай эксплуатацыі або насілля, а таксама тым маладым людзям, якія пачынаюць працоўнае жыццё або ў якіх назіраюцца прыкметы спецыфічнага паклікання. Салезіяне-супрацоўнікі таксама прапагандуюць і абараняюць каштоўнасці сям’і як асноўнай ячэйкі грамадства і будуюць сваю асабістую сям’ю як «хатні Касцёл», выхоўваючы дзяцей на аснове педагогікі дабрыні, уласцівай папераджальнай сістэме святога Яна Боско. Салезіяне-супрацоўнікі выхоўваюць у моладзі імкненне да сустрэчы ў веры і сакрамэнтах з Уваскрослым Хрыстом, каб у Ім знайсці сэнс жыцця і ўзрастаць як будучыя мужчыны і жанчыны. Салезіяне-супрацоўнікі адкрыты для многіх формаў апостальскай дзейнасці: катэхізацыя, хрысціянская адукацыя, супрацоўніцтва ў адукацыйных і выхаваўчых установах, сацыяльнае служэнне ў асяроддзі бедных, дзейнасць у сферы сродкаў сацыяльных камунікацый, супрацоўніцтва ў галіне пастырскіх пакліканняў, місіянерская праца, удзел у экуменічным і міжрэлігійным дыялогу, дзейнасць у сферы міласэрнасці і ў сацыяльных структурах і інш. Асацыяцыя салезіянаў-супрацоўнікаў прызнана Апостальскай Сталіцай як грамадскае аб’яднанне вернікаў, якое наследуе духоўную спадчыну святога Францішка Сальскага. Асацыяцыя мае статус персанальнай юрыдычнай асобы. Галоўная рэзідэнцыя асацыяцыі знаходзіцца ў Рыме. PVA — статус асацыяцыі, прыняты Святым Тронам 15 сакавіка 2007 г. і абнародаваны Генеральным настаяцелем Таварыства святога Францішка Сальскага 8 красавіка 2007 г. Асацыяцыя салезіянаў-супрацоўнікаў дзейнічае ў розных краінах свету, дзе працуюць ксяндзы Таварыства св. Францішка Сальскага. У Беларусі асацыяцыя дзейнічае ў Смаргоні і Мінску.
Серада, 9 ліпеня 2008
09.07.2008 14:07
У наш час асаблівае месца займае ўзмацненне барацьбы, якая вядзецца паміж цывілізацыяй смерці і цывілізацыяй жыцця. Ментальнасць, супрацьлеглая жыццю, пасялілася ў сэрцах мільёнаў людзей па ўсім свеце. З 1924 года, калі ў Савецкім Саюзе ўпершыню ў свеце былі легалізаваныя аборты, цывілізацыя смерці хутка пашыралася на іншыя краіны. На працягу некалькіх дзесяткаў гадоў багатыя дзецьмі краіны апынуліся ў дэмаграфічным крызісе. У імя фальшыва разуметых любові і свабоды забіваецца незлічоная колькасць людзей на розных этапах іх жыцця. У выніку абортаў гінуць зачатыя дзеці, а ў выніку эўтаназіі ці падтрыманага самазабойства — старэйшыя і хворыя асобы. Замах на жыццё чалавека заўсёды звязаны з недахопам любові. Аборт — гэта выключна трагічнае праяўленне крызісу сужэнскага жыцця. Гэта таксама найбольш жудасная форма насілля ў сям’і. Падобным чынам прычына эўтаназіі — не старасць, працяглая хвароба або калецтва. Перш за ўсё — гэта адсутнасць любові, праява жорсткасці дарослых дзяцей у адносінах да іх старэючых бацькоў. Усюды, дзе няма любові, чалавек становіцца няздатным да таго, каб ахоўваць сваё жыццё і жыццё іншых людзей. Адсутнасць любові непазбежна вядзе да будавання цывілізацыі смерці. Ніякае права, ніводная Канстытуцыя і ніводзін крымінальны кодэкс не ў стане захаваць чалавечае жыццё. Такую ахову могуць гарантаваць толькі любоў і павага да кожнага чалавека. Жыццё чалавека — гэта плод любові, і яго каштоўнасць разумее і шануе той, хто любіць, гэта значыць, жыве ў сяброўстве з Богам. Толькі той, хто жыве ў прысутнасці Бога, хто вучыцца Яго любові, вернай і ахвярнай, будуе цывілізацыю любові. Святы Айцец Ян Павел ІІ у энцыкліцы Evangelium vitae пісаў: «Калі ён [чалавек] выракаецца Бога і жыве так, быццам Бога няма, альбо не паважае Яго запаведзяў, то вельмі проста і хутка адракаецца таксама ці падвяргае сумненню годнасць чалавечай асобы і недатыкальнасць яе жыцця» (EV, 96.). Касцёл пастаянна нагадвае, што «чалавечае жыццё павінна шанавацца і ахоўвацца ў абсалютнай ступені з моманту зачацця. Ужо з першай хвіліны свайго існавання за чалавечай істотай павінны быць прызнаныя ўсе правы чалавечай асобы, сярод якіх — непарушнае права кожнай бязвіннай істоты на жыццё» (ККК, 2270.). Права на жыццё — гэта паўсюднае права і датычыць усіх людзей, незалежна ад расы, паходжання, узросту. Яно дзейнічае з моманту зачацця, у дзяцінстве, юнацтве і сталасці, аж да глыбокай старасці. Яно распаўсюджваецца таксама на калек, на асобы, невылечна хворыя, на тых, хто не можа карыстацца розумам, не выключаючы яшчэ ненароджаных. Жывая чалавечая істота становіцца чалавекам не ў момант нараджэння, але ў момант зачацця. Жыццё — гэта Божы дар, і таму яно святое і недатыкальнае. «З праўды аб святасці жыцця вынікае прынцып яго недатыкальнасці, упісаны ад пачатку ў сэрца чалавека, у яго сумленне» (EV, 40.). Чалавек не з’яўляецца гаспадаром жыцця, таму ён не мае права прымаць рашэнне аб жыцці ці смерці. Толькі Бог мае права распараджацца жыццём. Умяшанне ва ўласнае жыццё або жыццё іншых людзей зневажае права Створцы на жыццё чалавека. У барацьбу супраць жыцця ў сусветным маштабе ўключыліся розныя арганізацыі, якія ў імя свабоды чалавека пашыраюць цывілізацыю смерці і насілля. З другога боку, з’явілася шмат людзей, якія бароняць чалавечае жыццё, ствараючы розныя таварыствы і пашыраючы цывілізацыю жыцця і любові ва ўсім свеце, абараняючы чалавека ад самазнішчэння. У некаторых краінах гэтыя рухі аб’ядноўваюцца ў федэрацыі і маюць падтрымку на міжнароднай арэне. Рухі, якія абараняюць чалавечае жыццё ад зачацця да натуральнай смерці, можна падзяліць на тры групы. Першую групу ўтвараюць рухі малітоўнага характару. Гэта перш за ўсё Круцыята малітвы ў абарону зачатых дзяцей, а таксама Рух распаўсюджвання духоўнага ўсынаўлення. Абодва рухі носяць масавы характар: прысягу духоўнага ўсынаўлення склалі сотні тысяч вернікаў. Асаблівым чынам яны ахопліваюць малітваю тых маці, якія стаяць перад трагічным выбарам: нарадзіць дзіця ці зрабіць аборт (EV, 100.). У той жа час гэтыя рухі адказваюць на заклік Яна Паўла ІІ: «Неадкладна патрэбна вялікая малітва за жыццё — малітва, што пранікае ўвесь свет». Малітваю трэба ахапіць таксама тых, хто не моліцца: «Евангелле жыцця прызначана не толькі для веруючых, але — для ўсіх» (EV, 101.). Другую групу складаюць рухі, якія аказваюць дапамогу непасрэдна цяжарным маці, адзінокім маці і шматдзетным сем’ям. Іх дзейнасць заключаецца ў стварэнні і вядзенні дамоў адзінокай маці, цэнтраў для ахвяраў насілля ў сям’і, прытулкаў для маці з дзецьмі ў крызісных сітуацыях, а таксама сямейных кансультацый, медыцынскіх кабінетаў і школ жыцця. Трэцяя група — гэта фармацыйныя рухі, якія робяць націск на выхаванне пашаны да кожнага чалавечага жыцця, выхаванне да адказнага бацькоўства і чыстасці. Яны вядуць фармацыйную дзейнасць праз рэкалекцыі, навучальныя курсы, курсы для лектараў, псіхалагічныя і педагагічныя семінары. Вядуць выдавецкую дзейнасць і распаўсюджваюць матэрыялы, якія служаць абароне жыцця, выхаванню чыстасці, ахове сям’і і каштоўнасцяў, звязаных з ёю, а таксама фармуюць унутраную паставу адказнага бацькоўства. Рухі абароны жыцця прапаноўваюць і падтрымліваюць усялякія ініцыятывы, якія служаць дабру зачатага дзіцяці, яго маці і сям’і. Самае галоўнае — каб кожнае зачатае дзіця магло нарадзіцца, а яго сям’я мела адпаведныя ўмовы, каб яго прыняць і выхаваць. Таму трэба зрабіць усё, каб цяжарная жанчына, баючыся, што не здолее выхаваць дзіця, якое носіць пад сваім сэрцам, не спрабавала вырашыць праблему шляхам, што вядзе да смерці дзіцяці, а ў выніку — да яе асабістай трагедыі, але каб знайшла патрэбную дапамогу і падтрымку. «Абавязак служэння жыццю кладзецца на ўсіх і на кожнага з нас» (EV, 79.), — вучыў нас Слуга Божы Ян Павел ІІ. «Таму ўсе мы павінны несці нашаму бліжняму паслугу любові, баронячы яго жыццё і заўсёды падтрымліваючы яго, асабліва тады, калі яно слабое альбо знаходзіцца ў небяспецы. Мы павінны клапаціцца пра яго не толькі як асобныя людзі, але таксама як супольнасць, робячы з безумоўнай павагі да чалавечага жыцця падмурак для новага грамадства. Мы пакліканыя любіць і шанаваць жыццё кожнага чалавека, а таксама цярпліва і смела імкнуцца да таго, каб у нашую эпоху, у якой становіцца ўсё больш прыкметаў смерці, урэшце запанавала новая культура жыцця — плён культуры праўды і любові» (EV, 77.). Паводле кнігі «Рухі і супольнасці» © «Pro Christo» 2006.  
09.07.2008 14:06
У рэлігійным выхаванні дзяцей і моладзі прымаюць удзел многія асяроддзі і грамадскія групы. Галоўная адказнасць за выхаванне ляжыць на бацьках. Менавіта бацькі маюць шмат магчымасцяў з гэтага пункту гледжання, бо яны аказваюць уплыў на сваіх дзяцей з першых хвілінаў іх жыцця праз блізкія адносіны і сведчанне ўласнага жыцця. Існуе цесная сувязь паміж рэлігійнасцю бацькоў і ўнутранай паставай іх дзяцей у гэтай сферы. Другі Ватыканскі Сабор вучыць, што «паколькі бацькі далі жыццё дзецям, то яны ў самай высокай ступені абавязаныя выхоўваць патомства, таму іх трэба лічыць першымі і галоўнымі выхавацелямі. Выхаваўчае заданне мае такое вялікае значэнне, што магчымую адсутнасць гэтага наўрад ці можна чым-небудзь запоўніць. Таму што бацькі павінны стварыць такую сямейную атамасферу, напоўненую любоўю і павагаю да Бога і да людзей, каб яна спрыяла цэласнаму асабістаму і сацыяльнаму выхаванню дзяцей» (GE, 3.). Рэлігійнае і маральнае выхаванне дапамагае развіць у дзіцяці хрысціянскі погляд на жыццё. Яно адбываецца праз кантакт бацькоў з дзіцем. Яны не павінны ніколі забываць, што ў канчатковым выніку ўсё павінна весці да адной мэты — гэта значыць да збаўлення чалавека. Выхаванне складаецца з многіх фактараў, якія могуць сур’ёзна ўплываць на фармаванне ўнутранай паставы дзіцяці. Выхоўваць — гэта значыць так уплываць на дзіця, каб яно няспынна развівалася фізічна, інтэлектуальна, сацыяльна, маральна, рэлігійна. Бацькі павінны так выхоўваць дзіця, каб яно магло выканаць сваё жыццёвае заданне і пакліканне. У будучыні, калі выбярэ шлях сужэнскага жыцця, каб было яно добрым мужам або жонкаю, гатовым да ахвярнай любові. Абавязак бацькоў — дапамагчы дзіцяці ў арганізацыі заняткаў, а таксама паклапаціца пра яго фізічнае і інтэлектуальнае развіццё, забяспечыць яму магчымасць набываць вопыт у кантактах з людзьмі і развіваць асабістыя здольнасці і схільнасці. Аднак на першым месцы павінна стаяць фармаванне ў дзіцяці адпаведных адносінаў да Бога. Нельга абмяжоўваць рэлігійнае выхаванне дзіцяці толькі тым, што яго пасылаюць «у касцёл» або на катэхізацыю. Тэлевізійныя праграмы, кампутарныя гульні, пазашкольныя заняткі або выезды ў нядзелю за горад, не могуць быць апраўданнем занядбанняў штодзённай малітвы, катэхізацыі, нядзельнай святой Імшы або рэлігійных практыкаў. У хатняй бібліятэцы павінны быць рэлігійныя кніжкі і часопісы як для дзяцей, моладзі, так і для дарослых. Пачэснае месца павінна заняць Святое Пісанне. Крыж, абразы Езуса і святых на сценах дома павінны быць не толькі ўпрыгожаннем, але і сімвалам веры ўсёй сям’і. Клопат пра рэлігійнае выхаванне праяўляецца таксама ў адпаведным перажыванні рэлігійных святаў і ўрачыстасцяў у сям’і. Нельга дапускаць таго, каб бацькі не праводзілі з дзецьмі размоваў на рэлігійныя тэмы. Бацькі сваім прыкладам і сведчаннем веры павінны давесці дзіця да Хрыста і навучыць яго весці сяброўскі дыялог са Збаўцам, пастаянна адказваць на Божы заклік. Падкрэсліваючы Божую любоў, бацькі павінны абуджаць давер да Нябеснага Айца і жаданне абапіраць сваё жыццё на Дэкалогу, які з’яўляецца праявай Яго добразычлівасці і клопату пра нашае сапраўднае шчасце і вечнае жыццё. Вучачы дзяцей быць вернымі Божым запаведзям, кіравацца наказам сумлення, бацькі павінны падрыхтаваць іх да пастаяннага спаўнення Божай волі і да рэалізацыі свайго жыццёвага паклікання: сужэнскага, святарскага, манаскага альбо самотнага паводле ўласнага выбару. Усялякія формы ўздзеяння бацькоў на дзіця павінны быць скіраваны на тое, каб дзіця вучылася жыць для іншых і такім чынам імкнулася дасягнуць вечнага збаўлення. Бацькі сваім прыкладам павінны абуджаць у дзіцяці надзею на вечнае жыццё, нагадваць пра тое, чаго вока не бачыла, і вуха не чула і што не ўваходзіла ў чалавечае сэрца, пра тое, што Бог падрыхтаваў тым, хто любіць Яго (пар. 1 Кар 2, 9). Крытэрыем сувязі чалавека з Богам з’яўляецца індывідуальная малітва. Так, як кожны дзень дзіця жадае і шукае кантакту з любячымі бацькамі, так і штодзённа нанава ён патрабуе Божай прысутнасці. Праз малітву, катэхізацыю, Эўхарыстыю, сакрамэнт паяднання, чытанне Святога Пісання, удзел у рэкалекцыях, парафіяльных фармацыйных групах ствараецца і ўзмацняецца сувязь з Богам як найлепшым Айцом. Сталае ў рэлігійнай сферы дзіця прыходзіць да пераканання, што Божыя запаведзі не з’яўляюцца непатрэбным цяжарам ці абмежаваннем свабоды, але наадварот — яны становяцца яго мудрасцю і сілай. Рэлігійна сталы чалавек — гэта той, хто адкрыў, што пазнаванне і спаўненне Божай волі выводзіць яго на шлях благаславення і шчасця. Любіць сваіх дзяцей — гэта значыць, прыводзіць іх да Хрыста, нашага Збаўцы і найлепшага Выхавацеля чалавека. Паводле кнігі «Рухі і супольнасці» © «Pro Christo» 2006.  
09.07.2008 14:04
У 1964 годзе Франсіско (Кіко) Аргуэлло — мастак, які нарадзіўся ў Іспаніі, і Кармэн Эрнандэс — выпускніца хімічнага факультэта, выхаванка інстытута Місіянераў Езуса Хрыста, сустракаюцца сярод жыхароў трушчобаў на ўскраінах Мадрыда. Праз тры гады ў гэтым асяроддзі, якое складаецца перадусім з бедных людзей, фармуецца своеасаблівы сінтэз евангелізацыі і катэхізацыі, які абапіраецца на слова Божае, літургію і вопыт супольнасці, і гэта ў святле перамен пасля Другога Ватыканскага Сабору стане падставай для таго, што Неакатэхуменальны шлях распаўсюдзіцца па ўсім свеце. З баракаў гэты вопыт хутка пераходзіць у некаторыя парафіі. Праз некалькі гадоў група экспертаў Кангрэгацыі Божага Культу, якія на працягу некалькіх гадоў распрацоўвалі дакумент на тэму катэхуменату для дарослых, былі пад вялікім уражаннем, убачыўшы, як тое, што неўзабаве павінна было быць абвешчана як «Абрады хрысціянскага пасвячэння дарослых», Дух Святы, пачынаючы ад убогіх, ужо ператвараў у жыццё. Кангрэгацыя ўзгадніла назву «Неакатэхуменат», або даведнік па хрысціянскай фармацыі пасля хросту. Неакатэхуменальны шлях з моманту свайго ўзнікнення быў прапанаваны як шлях пасвячэння ў веру. Гэта не нейкая спецыяльная духоўнасць, але шлях ўзрастання, своеасаблівы «даведнік па каталіцкай фармацыі, вельмі важнай для грамадства і цяперашніх часоў» (Ян Павел ІІ, Ліст Ogni Qualvolta, 30.08.1990.). Гэта працэс сталення ў веры, якая адбудоўвае хрысціянскую супольнасць, і тая становіцца знакам для свету і супраціўляецца працэсу секулярызацыі. На гэтым шляху веры ў накірунку радыкалізму ўласнага хросту цэнтральным становіцца хрысціянская супольнасць, а яе асноўным ядром — сям’я. Менавіта ва ўлонні канкрэтнай хрысціянскай супольнасці асабіста ажыццяўляецца жывы і непасрэдны вопыт хрысціянскага жыцця. Тут мы вучымся слухаць слова Божае, адносячы яго да свайго жыцця, вучымся маліцца і плённа ўдзельнічаць у святой Імшы і іншых сакрамэнтах. Біскупы з розных рэгіёнаў, заклапочаныя сітуацыяй секулярызацыі, якая мела месца ў столькіх парафіях, і бачачы, што там, дзе з’яўляецца Неакатэхуменальны шлях, узнікаюць малыя жывыя супольнасці, поўныя людзей, да гэтага часу аддаленых ад Касцёла, прыкладалі ўсе намаганні, каб распачаць такі самы працэс хрысціянскага пасвячэння, просячы аб катэхетах з іншых гарадоў або краінаў. У выніку з’явіліся так званыя «вандроўныя катэхеты». Падчас сустрэчаў катэхетаў прадстаўляюцца гэтыя просьбы біскупаў і на іх дабравольна адклікаюцца тыя, хто адчувае сябе пакліканым адправіцца абвяшчаць Евангелле і аддаць сябе ў распараджэнне гэтай місіі на падставе паўнамоцтваў, якія дае ім уласны хрост. Такім чынам з’яўляецца нанава мадэль першапачатковага Касцёла, евангелізаванага апосталамі і вандроўнымі катэхетамі, якія не ствараюць нейкай спецыяльнай групы. Яны застаюцца ў складзе сваіх супольнасцяў і парафій, з якіх выпраўляюцца на місію і ў якія перыядычна вяртаюцца. На працягу крыху больш за трыццаць гадоў дзякуючы місійнай дзейнасці вандроўных катэхетаў Неакатэхуменальны шлях распаўсюдзіўся на пяці кантынентах. Перад абліччам секулярызацыі, якая працягваецца ўжо многія гады, Касцёл у многіх месцах памяншаецца і апынаецца ў сітуацыі крайняй слабасці; перадусім знішчаецца сям’я. Чэрпаючы натхненне са словаў Вялікага Папы Яна Паўла ІІ, Кіко і Кармэн убачылі неабходнасць пасылаць сем’і на місіі як для заснавання Касцёла ў некаторых рэгіёнах, так і для падтрымкі і ўзмацнення існуючых супольнасцяў пры дапамозе сем’яў, якія паказвалі б аблічча хрысціянскай сям’і. Бачачы евангелізацыйную сілу, якою валодае Шлях, біскупы прасілі высылаць сем’і на перыферыю, у раёны, якія часта ўяўлялі сабою велізарныя барачныя пасёлкі, каб ствараць там асяродкі евангелізацыі, здольныя стрымаць секты, фармуючы малыя супольнасці, пакуль не з’явіцца магчымасць прыслаць туды якога-небудзь прэзбітэра і стварыць новыя парафіі. У выніку, у 1988 годзе Слуга Божы Ян Павел ІІ выслаў у некалькі дыяцэзій першыя сто сем’яў, аб якіх папрасілі біскупы. На ўсіх кантынентах ужо ёсць каля 1000 сем’яў, якія ахвяравалі сваё жыццё дзеля місій і справы евангелізацыі. Дзякуючы прароцкаму бачанню ініцыятараў Неакатэхуменальнага шляху, адвазе Слугі Божага Яна Паўла ІІ і місійнаму запалу сем’яў на місіях гэтае сведчанне веры аказалася фундаментальным для новай евангелізацыі і стварэння новых парафій. Гэтыя сем’і застаюцца з’яднанымі са сваёй неакатэхуменальнай супольнасцю, уключанай у парафію. Такім чынам узнікае карыснае супрацоўніцтва паміж супольнасцю, парафіяй і місіяй. Дзякуючы гэтай справе евангелізацыі, распачатай сем’ямі, у розных рэгіёнах хутка з’явілася неабходнасць у прэзбітэрах, якія б падтрымлівалі новыя, толькі што створаныя супольнасці, і пры ўдзеле якіх можна было б стварыць новыя парафіі. У сувязі з гэтым былі заснаваныя семінарыі «Redemptoris Mater». Гэта дыяцэзіяльныя семінарыі, яны заснаваныя біскупамі ў згодзе з Міжнароднай групай, адказнай за Шлях. Гэта місіянерскія семінарыі — прэзбітэры, выхаваныя ў іх, падрыхтаваныя для таго, каб быць пасланымі біскупам у кожны куток свету; яны міжнародныя — семінарысты паходзяць з розных краінаў і кантынентаў, што з’яўляецца канкрэтным знакам каталіцкасці, а таксама гатоўнасці быць пасланымі ў любое месца. Сёння функцыянуюць 53 семінарыі на ўсіх кантынентах. Аднак найбольш значнай рысай гэтых семінарый з’яўляецца тое, што, з аднаго боку, гэта дар, які дапамагае дыяцэзіі адкрывацца на місійнасць, каб ісці на ўвесь свет, а з другога боку яны знаходзяць у Неакатэхуменальным шляху тую падтрымку, якая спадарожнічае семінарыстам падчас іх падрыхтоўкі, а пасля прыняцця прэзбітэрату надалей падтрымлівае іх у няспыннай фармацыі. Ватыканская Кангрэгацыя па справах свецкіх зацвердзіла дэкрэтам ад 29 чэрвеня 2002 года Статуты Неакатэхуменальнага шляху. Місіяй гэтых супольнасцяў, якія застаюцца ў цяперашняй структуры Касцёла, з’яўляецца ўказанне новага спосабу перажывання Евангелля сёння, прымаючы пад увагу глыбокія патрэбнасці чалавека і гістарычны момант Касцёла. Супольнасці адчуваюць сябе абавязанымі нічога не знішчаць, усё ўшаноўваць, паказваючы плён Касцёла, які аднаўляецца і заклікае да навяртання. Паводле кнігі «Рухі і супольнасці» © «Pro Christo» 2006.  
09.07.2008 14:03
«Місія Хрыста Адкупіцеля, даручаная Касцёлу, яшчэ вельмі далёкая ад свайго завяршэння. Гледзячы на чалавецтва ў канцы другога тысячагоддзя ад Яго прыйсця, мы бачым, што місія Касцёла яшчэ толькі пачынаецца і што ўсе свае сілы мы павінны задзейнічаць у яго служэнні». Такімі словамі распачынае Святы Айцец Ян Павел ІІ сваю энцыкліку Redemptoris missio. Найглыбейшай сутнасцю пасланніцтва Касцёла з’яўляецца прапаведванне Добрай Навіны пра Хрыста — адзінага Збаўцу. Святы апостал Павел пісаў у сваім пасланні да Карынцянаў: «Калі я абвяшчаю Евангелле, то мне няма чым хваліцца, бо абавязак гэты ўскладзены на мяне, і гора мне, калі я не абвяшчаю Евангелля» (1 Кар 9, 16). У сучасным свеце, дзе існуе шмат розных канфесій, мы як хрысціяне павінны паставіць сабе заданне: сумесна скіроўваць свае намаганні на абвяшчэнне Евангелля дзеля распаўсюджвання Божага Слова. Канфесійныя адрозненні, якія б яны ні былі — у тэалогіі, у спосабах евангелізацыі ці ў сацыяльным вучэнні, — усё гэта павінна не перашкаджаць, а толькі весці нас да зразумення таго, наколькі багатаю і разнастайнаю з’яўляецца наша рэчаіснасць. Экуменізм — гэта адметная з’ява ў сучасным свеце; гэта рух, скіраваны на дыялог розных канфесій, які дае магчымасць і рэальныя шанцы на аб’яднанне хрысціянаў, як гэтага прагнуў сам Езус Хрыстус: «Каб усе былі адно (...), каб свет паверыў, што Ты паслаў Мяне» (Ян 17, 21). Невыпадкова Другі Ватыканскі Сабор прысвяціў шмат увагі праблеме адзінства паміж хрысціянамі розных канфесій. Выразам гэтай заклапочанасці Айцоў Сабору стаў Дэкрэт пра экуменізм, у якім асаблівая ўвага была звернута на біблейскі і літургічны рухі, а таксама на абвяшчэнне слова Божага. Божае Слова вышэй за ўсялякія чалавечыя падзелы. Святое Пісанне было даверана ўсяму Касцёлу і таму з’яўляецца супольным дабром хрысціянства. З яго Касцёл заўсёды чэрпае жыццядайную сілу. Таму Айцы Сабору асабліва падкрэслілі ў Дэкрэце пра экуменізм, што «Святое Пісанне з’яўляецца ў дыялогу дасканальным інструментам ва ўсемагутнай руцэ Божай дзеля дасягнення адзінства, якое Збаўца вызначае ўсім людзям» (UR, 21.). Біблія з’яўляецца супольным дабром усяго хрысціянства. Менавіта да яе мы звяртаемся, калі прагнем пераадолець згубныя наступствы падзелу. Біблія — гэта Слова Бога, якое яднае вернікаў вакол асобы Яго Сына, Уцелаўлёнага Слова. Сёння, нягледзячы на адрозненні, што нас падзяляюць, мы можам стаць разам вакол стала Божага Слова, каб, услухоўваючыся ў яго, рабіць крокі насустрач адзін аднаму. Біблейскае экуменічнае апостальства, пра якое ішла гаворка ў дакументах Сабору, на працягу апошніх дзесяцігоддзяў стала своеасаблівым мастом паміж рознымі канфесіямі. Менавіта гэты рух супольнымі намаганнямі католікаў, праваслаўных і пратэстантаў арганізаваў міжканфесійныя курсы, сімпозіумы, біблейскія нядзелі і цэлыя тыдні, прысвечаныя больш глыбокаму вывучэнню Бібліі. З’яўляюцца супольныя каментары і іншыя апрацаванні тэкстаў Святога Пісання, распаўсюджваюцца Біблія і біблейская літаратура. Існуе шмат магчымасцяў для супольнай працы ў галіне абвяшчэння Евангелля, што спрыяе аб’яднанню падзеленага Хрыстовага Касцёла. Сёння гэта становіцца душпастырскім заклікам да ўсіх Цэркваў і царкоўных супольнасцяў. Узгадаем словы Яна Паўла ІІ, які ў сваёй энцыкліцы Ut unum sint пісаў, што экуменізм з’яўляецца адным з душпастырскіх прыярытэтаў Касцёла і вызначальнікам хрысціянскага сумлення. Дзякуючы экуменічнай скіраванасці нашае хрысціянства можа станавіцца больш поўным і ўнутрана ўзбагачацца (Ut unum sint, 31; 34.). У справе адбудовы адзінства хрысціянаў вельмі важным з’яўляецца сведчанне, якое вернікі даюць сваім уласным жыццём. Прымаючы выклік сучаснага секулярызаванага свету, хрысціяне павінны зрабіць усё магчымае, каб разбурыць муры падзелаў і пераадолець перашкоды для абвяшчэння Евангелля Збаўлення праз Крыж Хрыста (Ut unum sint, 2.). З часоў Другога Ватыканскага Сабору ідучы па шляху экуменічнага пошуку, Каталіцкі Касцёл адчувае сваё пакліканне да евангельскага аднаўлення і пакаяння, а разам з тым дзякуе Хрысту за шчодры дар святасці і не жадае для сябе нічога, акрамя свабоды абвяшчаць Евангелле. Ян Павел ІІ у энцыкліцы пра экуменізм нагадвае, што сам Езус у хвіліну сваёй Му2кі маліўся, «каб усе былі адно» (Ян 17, 21). З гэтага вынікае абавязак садзейнічаць адзінству хрысціянаў, а таксама адказнасць перад Богам усіх, хто праз хрост стаў Целам Хрыста, за захаванне гэтага адзінства, бо падзел яўна супярэчыць волі Хрыста, з’яўляецца спакусаю для свету і пры гэтым шкодзіць справе абвяшчэння Евангелля ўсяму стварэнню. Святы Айцец навучае, што «справа экуменізму павінна грунтавацца на навяртанні сэрцаў і на малітве» (Ut unum sint, 2.). Навяртанне сэрца і святасць жыцця ў спалучэнні з публічнымі і прыватнымі малітвамі за адзінства хрысціянаў — гэта душа ўсяго экуменічнага руху. Гэта тое, што Ян Павел ІІ называў «духоўным экуменізмам» (Ut unum sint, 21.). Ён падкрэсліваў, што любоў з’яўляецца самым глыбокім жыццядайным струменем працэсу аб’яднання. А любоў знаходзіць найбольш поўны выраз у супольнай малітве. Будзем жа трывалыя ў малітве і даручым справу адзінства хрысціянаў Найсвяцейшай Панне Марыі. Яна — Маці Божая і Вобраз Касцёла, духоўная Маці, якая заступаецца за вучняў Хрыста і за ўсё чалавецтва. Паводле кнігі «Рухі і супольнасці» © «Pro Christo» 2006.  
09.07.2008 14:02
Круцыята вызвалення чалавека была створана ксяндзом Францішкам Бляхніцкім у адказ на заклік Святога Айца Яна Паўла ІІ напачатку яго пантыфікату: «Прашу вас супрацьстаяць усяму, што пагражае годнасці чалавека і парушае добрыя звычаі грамадства». Круцыята вызвалення чалавека была ўрачыста аб’яўлена ў прысутнасці Святога Айца, прысвечаная яму і благаслаўлёная ім падчас першай пілігрымкі ў Польшчу ў 1979 годзе. У Святым Пісанні гаворыцца, што для таго, каб рабіць вялікія справы, патрэбны вялікія ахвяры, вялікія вырачэнні, а хрысціянін створаны для велічы на ўзор Хрыста, нашага Настаўніка. Галоўная апякунка Круцыяты — Беззаганная Марыя Маці Касцёла. Для членаў Круцыяты вызвалення чалавека прыкладам адвагі з’яўляецца святы Максімільян Кольбэ, які вучыць аддаваць жыццё за братоў. Вялікім аўтарытэтам з’яўляецца святы Ян Хрысціцель, які захоўваў поўнае ўстрыманне ад алкаголю, «не піў віна і хмяльнога напою». Круцыята вызвалення чалавека яднае ў сваіх шэрагах поўных абстынентаў, гэта значыць тых, хто поўнасцю ўстрымліваецца ад ужывання спіртнога. Яна імкнецца да таго, каб у імя любові да Беззаганнай заахвоціць як мага больш людзей да поўнай і дабравольнай адмовы ад ужывання алкаголю як напою, у розных формах і ў любой колькасці. Пад гэтае азначэнне не трапляе ўжыванне алкаголю з іншымі намерамі, напрыклад, як лякарства або ў літургічных мэтах. З такога азначэння абстыненцыі вынікае, што размова тут ідзе не пра змаганне з самім алкаголем, але пра змаганне са звычаем піцця алкагольных напояў. Круцыята вызвалення чалавека прапагандуе дабравольнае ўстрыманне, кіруючыся звышнатуральнымі і грамадскімі матывамі, галоўным чынам таму, што лічыць гэта эфектыўным сродкам для дасягнення мэты — пераадолення грамадскага бедства алкагалізму. «Пазнаеце праўду, і праўда вызваліць вас» (Ян 8, 32). Езус Хрыстус, наш Пан і сябра, прагне нашай сапраўднай свабоды, якая з’яўляецца таксама свабодаю ад граху. Алкаголь жа, як ведаем, цалкам знявольвае і таго, хто п’е яго, і яго акружэнне. Жонка, дзеці, сябры, калегі па працы закрануты гэтаю няволяю. Святы Айцец Ян Павел ІІ на адной з аўдыенцый у Ватыкане сказаў: «Чалавек не можа быць сабою, не годны свайго імя, калі не здольны сказаць сабе „не“». У нашай беларускай рэчаіснасці ўсё больш адчуваецца неабходнасць цвярозасці. Больш за тое, поўнае ўстрыманне мае вялікае практычнае значэнне ў барацьбе з алкагалізмам як неабходны сродак для ратавання алкаголікаў. У нас з’яўляецца ўсё больш груп анананімных алкаголікаў і груп сем’яў алкаголікаў. Гэтыя групы дапамагаюць тым, хто знаходзіцца ў алкагольнай залежнасці. Але мы павінны весці барацьбу з прычынаю зняволення, а не толькі з яго наступствамі. Сёння навукова ўстаноўлены факт, што алкаголік можа быць выратаваны ад залежнасці толькі пры ўмове, што стане поўным абстынентам да канца жыцця. Аднак, каб алкаголік — як правіла чалавек са слабой воляй — мог вытрываць у гэтым рашэнні поўнасцю ўстрымлівацца ад алкаголю, ён павінен знайсці маральную падтрымку ў дабравольных абстынентах з моцнай воляй, якія карыстаюцца павагаю іншых людзей, ён павінен трапіць у асяроддзе, дзе поўнасцю ўстрымліваюцца ад ужывання алкаголю ці, прынамсі, у асяроддзе, дзе прысутнасць аднаго або некалькіх абстынентаў зламала паўсюдны таварыскі прымус піць. Адсюль вынікае патрабаванне поўнага дабравольнага ўстрымання ад алкаголю, прынятага з думкаю аб ратаванні бліжніх, якія з’яўляюцца ахвярамі залежнасці, а значыць, з матываў любові да бліжняга. З гэтага пункту гледжання абстыненцыя, або поўнае ўстрыманне ад алкаголю, выступае як неабходны састаўны элемент выратавальнай акцыі на карысць алкаголікаў і як учынак хрысціянскай любові да бліжняга. Абстыненцыя мае таксама вялікае значэнне з пункту гледжання супрацьалкагольнай прафілактыкі, асабліва ў адносінах да дзяцей і моладзі. Захоўванне дзяцей і моладзі ў поўным устрыманні ад алкаголю на працягу як мага большага часу — прынамсі, да васемнаццацігадовага ўзросту (абяцанне поўнага ўстрымання ад алкаголю з нагоды Першай Камуніі) — гэта адзін з пастулатаў выхавання, вартасць і неабходнасць якога сёння ніхто з разумных людзей не аспрэчвае. Аднак рэалізаваць гэты пастулат будзе практычна немагчыма, калі моладзь не будзе бачыць на кожным кроку прыкладаў поўнага ўстрымання ад алкаголю выхавацеляў і іншых прадстаўнікоў старэйшага пакалення, асабліва тых, хто для маладых людзей з’яўляецца прыкладам і аўтарытэтам. Калі ж у вачах моладзі піццё алкаголю будзе лічыцца тым, што дазваляецца «толькі дарослым», то менавіта з гэтай прычыны яно стане захапляльнаю і прывабнаю справаю. Поўнае ўстрыманне ад алкаголю эфектыўна пераадольвае прычыны алкагалізму і асабліва алкагольныя звычаі, якія паўсюдна пануюць у таварыскім жыцці з розных нагодаў: хрост, вяселле, пахаванне. Хрысціянін не пагаджаецца з такімі звычаямі. Алкагольныя звычаі — гэта галоўная апора алкагалізму. Пакуль яны пануюць, не можа весціся размова пра ратаванне алкаголікаў і пра засцеражэнне наступных пакаленняў ад алкагольнай залежнасці. Сучасны алкагалізм нельга перамагчы без поўнай абстыненцыі. Сёння хрысціяне павінны пачаць ствараць новыя звычаі: сустрэча Новага года без алкаголю, хрост без алкаголю, вяселле без алкаголю, пахаванне без алкаголю. Мы гэта можам і павінны зрабіць. Круцыята вызвалення чалавека прапагандуе поўную абстыненцыю таксама з пункту гледжання на яе выхаваўчаю вартасць. Устрыманне ад алкаголю з’яўляецца дасканалым сродкам фармавання цноты ўстрымання, сілы волі і характару, а перадусім такіх патрэбных цяпер самастойнасці і маральнай адвагі, якія дазваляюць ісці насуперак грамадскай думцы і паўсюдным звычаям. Толькі такія людзі, якія дзеля ратавання бліжніх і народу ад бедства алкагалізму адважацца на асабістую ахвяру адмовы ад алкаголю і якія самі вызваляцца ад усялякага роду алкагольных забабонаў і зоймуць бескампрамісную пазіцыю адносна алкагольных звычаяў, — толькі яны здольныя весці барацьбу і стварыць актыўны, ваяўнічы і пераможны супрацьалкагольны рух. Таму давайце ўжо сёння пачнём ствараць пры парафіях клубы абстынентаў для дзяцей, моладзі, дарослых; вернемся да практыкі даваць абяцанні поўнага ўстрымання ад алкаголю на розныя тэрміны. З Божаю дапамогаю і заступніцтвам Найсвяцейшай Панны Марыі мы можам змяніць гэтыя згубныя для нашага народу алкагольныя звычаі. Трэба толькі пачаць дзейнічаць ужо сёння, а не заўтра, памятаючы словы святога апостала Паўла: «Усё магу ў Тым, Хто ўзмацняе мяне» (Філ 4, 13). Паводле кнігі «Рухі і супольнасці» © «Pro Christo» 2006.  
09.07.2008 14:01
Сярод мноства евангелізацыйных рухаў у Каталіцкім Касцёле ўжо некалькі дзесяткаў гадоў існуе маладзёжны рух пад назваю «Салезіянская пілігрымка евангелізацыі». Ідэя стварэння евангелізацыйнага руху ўзнікла ў дні пілігрымкі моладзі ў 1991 годзе на Ясну Гуру, дзе адбывалася VІ сустрэча маладых людзей з усяго свету з Янам Паўлам ІІ. Святы Айцец аб’явіў дэвізам сустрэчы на 1992 год: «Ідзіце па ўсім свеце і абвяшчайце Евангелле». Гэтыя словы з Евангелля святога Марка сталі закваскай для стварэння супольнасцяў «Салезіянскай пілігрымкі евангелізацыі». Гэтыя супольнасці ўтварыліся, дзякуючы натхненню Духа Святога, які абуджае ў чалавеку жаданне евангелізаваць сябе і іншых, каб потым праз супольную фармацыю больш дзейсна і плённа выходзіць з Добраю Навінаю пра Езуса ў школы, на вуліцы, шпіталі, турмы і інш. Супольнасці «Салезіянскай пілігрымкі евангелізацыі» існуюць і працуюць пры розных парафіях і манаскіх дамах, яны адчыненыя для ўсіх маладых людзей і хочуць служыць усім, каму да спадобы справа евангелізацыі. Апекунамі руху з’яўляюцца Найсвяцейшая Панна Марыя, заснавальнік закону салезіянаў святы Ян Боско і заснавальніца Кангрэгацыі Дачок Марыі Успамогі Хрысціянаў святая Марыя Дамініка Мадзарэло. Супольнасць «Салезіянскай пілігрымкі евангелізацыі» будуе і ажыўляе выхаваўчы вопыт святога Яна Боско — духоўнага кіраўніка ўсяго руху. Яго прапанова ўзрастаць у накірунку паўнаты жыцця і дасканалення ў любові з’яўляецца заклікам для моладзі. У духу радасці, адкрытасці, сяброўства і супакою, які спадарожнічаў святому, удзельнікі руху жадаюць фармаваць сваё маладое жыццё і праз гэта яны хочуць быць апосталамі новай евангелізацыі, да якой заклікаў моладзь Слуга Божы Ян Павел ІІ. У гэтым духу яны хочуць перажываць новае жыццё ў Хрысце як дар і абавязацельства. Таму члены руху павіны прыняць уласнае жыццё і адкрыцца на Бога — наблізіцца да Хрыста і прыняць Пана жыцця, быць у супольнасці з Ім, а таксама адчуць заклік да святасці і служэння іншым, гэта і будзе канкрэтнай евангелізацыйнай дзейнасцю. Святы Ян Боско пакінуў сваім духоўным дзецям сур’ёзнае абавязацельства, каб яны сталі вестунамі новага жыцця ў Хрысце, пасланнікамі дабрыні і супакою ў служэнні іншым маладым людзям. Стыль духоўнага жыцця супольнасцяў «Салезіянскай пілігрымкі евангелізацыі» характарызуе прастата ў жыцці і давер. Дух святога Яна Боско надае гэтым супольнасцям атмасферу радасці, аптымізму і надзеі. Ян Боско — гэта «святы радасці», для яго святасць заключаецца ў тым, каб быць радасным. У натуру чалавека ўпісана пілігрымаванне. Кожны з нас знаходзіцца ў дарозе. У Хрысце мы сталі Божымі дзецьмі і праз Яго — нашу дарогу, праўду і жыццё — пілігрымамі да дому Айца. Пілігрымка — гэта цяжар вандроўкі, які вынікае з духа веры як сведчанне пілігрымуючага Касцёла. Углядаючыся ў Марыю, Слугу Пана, якая ў пілігрымцы веры перажывала асаблівую сустрэчу з Богам, і ў святога Яна Боско, які вандраваў з моладдзю ў святыя мясціны, маладыя пілігрымы прагнуць падчас цяжару вандроўкі аднавіць сваю сувязь з Богам, усвядоміць жывую прыналежнасць да супольнасці Касцёла, а праз малітву і сакрамэнты здабыць супакой і Божую любоў у сабе, каб потым абвяшчаць гэта бліжнім. Час вандроўкі праз сведчанне і слова з’яўляецца абвяшчэннем Езуса Хрыста. Гэта простая і дзейсная форма евангелізацыі. Евангелізаваць — гэта значыць, перш за ўсё, звычайна і проста сведчыць пра Бога, аб’яўленага Езусам Хрыстом. Евангелізацыя дае пачатак нашаму асабістаму навяртанню. Толькі той будзе цалкам евангелізаваным, хто сам евангелізуе. Падчас пілігрымавання — гэтых своеасаблівых «рэкалекцый у дарозе» — пілігрымы шчыра жадаюць, каб пасялілася ў іх сэрцах ласка ўнутранай перамены і ласка евангелізацыі, гэта значыць паклікання да абвяшчэння Добрай Навіны. Сам Хрыстус Пан адорвае ўдзельнікаў руху гэтым жаданнем, і тады евангелізацыя ў «Салезіянскай пілігрымцы евангелізацыі» становіцца «перацяканнем любові», а евангелізацыйны запал вынікае з сапраўднай святасці жыцця. Першачарговаю мэтаю існавання супольнасці з’яўляецца жаданне рэалізаваць паліканне кожнага хрысціяніна да святасці праз паглыбленне жывой веры ў Езуса Хрыста і прыняцце Яго як асабістага Пана і Збаўцу. Сярод мэтаў руху называюць адказнасць у вызнаванні каталіцкай веры, што праяўляецца ў перадачы праўды пра Хрыста (евангелізацыя, абвяшчэнне Добрай Навіны), а таксама ўдзел у моладзевых супольнасцях і прысутнасць у асяроддзі маладых, служэнне на карысць выхавання маладога чалавека як добрасумленнага грамадзяніна і добрага хрысціяніна. У супольнасці «Салезіянская пілігрымка евангелізацыі» рэалізуецца выхаванне да евангелізацыі праз малітву, сакрамэнты і разважанне Божага слова, фармаванне глыбокага ўсведамлення каранёў веры і гатоўнасці абараняць хрысціянскія каштоўнасці, праз развіццё ў моладзі свядомасці таго, што неабходна сведчыць на кожным месцы і ў любой сітуацыі, праводзіць евангелізацыю на тэрыторыі парафіі, у школах, шпіталях, у дзіцячых дамах, турмах, а таксама на вуліцах. Дар руху «Салезіянская пілігрымка евангелізацыі» заключаецца ў тым, што ўдзельнікі маюць магчымасць на ўласным вопыце спазнаць, што евангелізацыя сапраўды ёсць Добраю Навінаю, што Бог ўваходзіць у жыццё маладога чалавека і прыносіць з сабою сапраўдную радасць, што Хрыстус вельмі любіць маладых людзей. З гэтага вопыту асабістай сустрэчы з Хрыстом — Панам жыцця — нараджаецца заданне: несці гэтую Добрую Навіну іншым. Падчас евангелізацыі праз малітву, абвяшчэнне Божага слова, спевы, пантаміму, тэатральныя пастаноўкі, праявы радасці, праз размовы маладыя пілігрымы нясуць Хрыста свету, які памірае ў безнадзейнасці, у роспачы і страху, нясуць свету, згаладаламу па любові, тую любоў, якую спазнаюць самі. Найбольшаю таямніцаю евангелізацыйных рухаў з’яўляецца тое, што Бог сам выбірае слабых і грэшных людзей, людзей нягодных і малых і, здзяйсняючы навяртанне ў іх сэрцах, пасылае іх абвяшчаць добрую навіну аб збаўленні ў Хрысце. Паводле кнігі «Рухі і супольнасці» © «Pro Christo» 2006.  
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.