Пошук

22.02.2024 06:36   Тэкст: бр. Андрэй Багдановіч OFMCap / Фота: Аляксандр Алісейка / Catholic.by

З 19 па 21 лютага ў кляштары Меншых Братоў Капуцынаў, што дзейнічае пры парафіі святога Францішка Асізскага ў Мінску, праходзіў чарговы, Чацвёрты Капітул Кустодыі Беларусі.

Раз на тры гады, паводле заканадаўства Ордэна, кожная яго структурная адзінка збіраецца, каб падвесці вынікі жыцця і дзейнасці супольнасці з часу ад папярэдняга Капітулу, распазнаць знакі часу ў сучасным свеце і Касцёле, разам вызначыцца адносна кірункаў і спосабаў дзеяння на будучыню.

Важным заданнем Капітулу з’яўляецца абранне новага кіраўніцтва структурнай адзінкі, якое асаблівым чынам паклікана да рэалізацый прынятых пастановаў і да клопату аб супольнасці братоў у бліжэйшай будучыні.

Як падкрэсліў арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч падчас святой Імшы на распачацце папярэдняга Капітулу Кустодыі, які праходзіў у 2021 годзе, «супольнасць братоў капуцынаў з’яўляецца найбольшай манаскай супольнасцю ў нашай краіне. Яе браты ўдзельнічаюць ў розных сферах жыцця Касцёла і грамадства нашай краіны».

Сёння браты прысутнічаюць ў шасці месцах у Беларусі і ў двух па-за яе межамі; усяго Кустодыя Беларусі налічвае 30 братоў.

Падчас Капітулу новым вышэйшым настаяцелем меншых братоў капуцынаў у Беларусі быў выбраны брат Алег Шэнда OFMCap, які раней, у 2015–2021 гадах, ужо нёс служэнне кусташа. Як дапамога для яго была выбрана Рада з чатырох братоў.

Час Капітулу быў вельмі плённым, бо на ім кожны брат Кустодыі мог падзяліцца сваімі планамі, надзеямі, цяжкасцямі і ў супольнасці братоў шукаць Божую волю для Ордэна Меншых Братоў Капуцынаў у Беларусі.

Былі прынятыя канкрэтныя рашэнні і вызначаныя кірункі развіцця на бліжэйшыя тры гады, што дае надзею на багаты плён служэння супольнасці Богу, Касцёлу і людзям.

 
Абноўлена 22.02.2024 11:08
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця