Пошук

26.07.2023 12:35   Падрыхтавалі Раман Ярмош, Марына Пазняк / Catholic.by
Абраз Навучанне Марыі ў касцёле ў Іўі. Фрагмент

26 ліпеня, ва ўспамін святых Яўхіма і Ганны, бацькоў Найсвяцейшай Марыі Панны, прапануем вашай увазе нарыс з гісторыі культу cвятой Ганны на тэрыторыі Івейскага дэканату Гродзенскай дыяцэзіі.

На працягу гісторыі каталіцтва на нашай зямлі асоба святой Ганны не была абдзелена увагай, а, наадварот, мела вялікую папулярнасць і пашану. Сведчанняў такой пашаны да нашага часу захавалася нямала ў розных мясцовасцях, дзе традыцыйна ў гэтыя дні святкуюцца фэсты ў гонар маці Найсвяцейшай Панны Марыі. Гэтая традыцыя мае вельмі даўнія і глыбокія карані.

Вядома, што ўжо ў 1510 годзе Вялікі князь літоўскі Жыгімонт І Стары пацвердзіў фундацыю драўлянага касцёла святой Ганны ў Ліпнішках.

Святыня знаходзілася на рынкавай плошчы мястэчка і праіснавала два стагоддзі, да 1739 года. У 1753 па фундацыі ліпнішскага старасты, генерала артылерыі Яна Салагуба ў мястэчку зноў з’явіўся касцёл святой Ганны, у якім змяшчаўся абраз Навучанне Марыі. Пры касцёле дзейнічаў шпіталь, які разам са святыняй быў знішчаны ў 1794 годзе. Праз чатыры гады на гэтым месцы вернікі ўсталявалі крыж, а ў 1830 годзе замест яго была ўзведзена мураваная двухярусная прыдарожная капліца. Постаць Хрыста, які нясе крыж, і сёння сустракае і праважае тут падарожных.

Ёсць звесткі, што на вежы мураванага ліпнішскага касцёла святога Казіміра, пабудаванага на пачатку ХХ стагоддзя, да 1917 года знаходзіліся чатыры званы, адзін з якіх меў назву «Святая Ганна», але падчас Першай сусветнай вайны яны былі знятыя і вывезеныя нямецкім войскам.

Сведчанне культу святой Ганны захавалася ў яшчэ адной парафіі Івейскага дэканату, а менавіта ў касцёле святых Сымона і Юды Тадэвуша ў Лаздунах.

У адным з бакавых алтароў святыні змешчаны абраз святой Ганны. Сёння гэта ўжо сучасная выява, але першы абраз маці Найсвяцейшай Панны Марыі з’явіўся ў лаздунскім касцёле ў 1829 годзе.

У гістарычных дакументах адзначана, што яго прывезлі з капліцы ў вёсцы Янцэвічы, што на ўскрайку Налібоцкай пушчы. Вядома, што за год да гэтага ў янцэвіцкую капліцу перастаў прыязджаць святар, а таму, відаць, і было вырашана перавезці абраз ў Лаздуны. Капліца ў Янцэвічах не захавалася да нашых дзён: разам з вёскай яна была знішчана падчас Другой сусветнай вайны. Акрамя таго, у лаздунскім касцёле ёсць ферэтрон (пераносны алтарык) з выявай святой Ганны.

Культ святой Ганны здаўна існуе і ў самым Іўі.

Дзякуючы намаганням айцоў бэрнардынаў, якія неслі служэнне ў мястэчку да сярэдзіны XIX стагоддзя, тут існавала брацтва святой Ганны.

Прыйшло яно ў парафію разам з манахамі ў XVII стагоддзі, развівалася і падтрымлівалася іх намаганнямі.

Гэтае рэлігійнае брацтва было заснавана ў Кракаве ў 1590 годзе. Яно ставіла сваёй мэтай абарону каталіцкай веры ад уплыву арыянства і пратэстантызму. На нашай зямлі яно з’явілася 24 студзеня 1632 года, калі быў падпісаны дэкрэт аб ўстанаўленні ў Іўі брацтва святой Ганны. Першым у яго быў запісаны тагачасны ўладальнік Іўя Мікалай Кішка, фундатар кляштара. Менавіта яго намаганнямі манахі бэрнардыны з’явіліся ў Іўі.

На працягу больш чым двух стагоддзяў брацтва святой Ганны пашыралася і развівалася. Штогод да супольнасці далучалася па 10–20 новых удзельнікаў, прычым гэта былі не толькі вернікі з Іўя, але і значныя асобы з іншых мясцін: біскуп Віленскі Міхал Зянковіч, Ігнацый Агінскі з жонкай Аленай, біскуп Віленскі Ігнацый Масальскі. У брацтве існавала свая іерархія, і кожны ў ім выконваў свае функцыі: сеньёры, асістэнты, падскарбій, пісар, сакрыстыянін, візітатары і візітатаркі хворых, кантары і іншыя. Душпастырам быў адзін з айцоў бэрнардынаў. Брацтва мела ўласную пячатку і выдавала удзельнікам друкаваныя дыпломы.

Удзельнікі брацтва збіралася на малітву ў івейскай святыні пры бакавым алтары ў гонар святой Ганны, дзе быў размешчаны абраз Навучанне Марыі.

Аднак аналагічны абраз, які сёння знаходзіцца ў івейскім касцёле, датуецца 1894 годам. Першапачатковая ікона на пачатку мінулага стагоддзя была перададзена ў капліцу, што ў Урцішках, дзе з пашанаю захоўваецца і па сёння.

Усё гэта сведчыць пра тое, культ святой Ганны распаўсюджаны на івейскай зямлі і мае глыбокія гістарычныя карані. Прычым Івейшчына ў гэтым сэнсе не выключэнне, а хутчэй, яскравае пацвярджэнне таго, з якой пашанай адносіліся католікі на Беларусі да святой Ганны, маці Найсвяцйешай Панны Марыі.

Абноўлена 26.07.2023 12:39
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.