Пошук

24.07.2023 14:32   Catholic.by

23 ліпеня, у Трэці Сусветны дзень бабуль, дзядуль і пажылых людзей, арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч узяў удзел у традыцыйнай адпустовай урачыстасці ў гонар святой Ганны ў касцёле святога Андрэя, апостала, у Лынтупах (Віцебская дыяцэзія, Пастаўскі дэканат).

Заслужаны іерарх узначаліў у лынтупскім касцёле цэлебрацыю Эўхарыстыі, падчас якой удзяліў сакрамэнт канфірмацыі 36-і мясцовым вернікам.

На пачатку Імшы арцыбіскуп Кандрусевіч падкрэсліў, што сёлета фэст у гонар святой Ганны адзначаецца ў Лынтупах у Трэці Сусветны дзень бабуль, дзядуль і пажылых людзей.

«Папа Францішак адзначае, што гэты дзень патрэбны Касцёлу і грамадству, бо перадае сучаснасці мінулае, неабходнае для будавання будучыні», — нагадаў словы Пантыфіка арцыпастыр. Ён таксама павіншаваў прысутных у касцёле старэйшых людзей з іх святам і пажадаў ім «Божага благаслаўлення, добрага здароў’я і радасці ад унукаў».

У гаміліі іерерх сцвердзіў, што «самай цудоўнай гісторыяй, якую толькі чуў свет, з’яўляецца Евангелле, прынцыпамі якога мы жывем і дзелімся з іншымі».

«Гэтую гісторыю пачала пісаць сям’я Ганны і Яўхіма. Плён іх сужэнскага саюза, якім стала Марыя, — гэта цуд спалучэння чалавечай малітвы з Божай ласкай. Маці Збаўцы мела бацькоў, якія былі ўзорам любові і самаахвярнасці, трываласці і малітвы, а таксама клопату пра належнае духоўнае выхаванне дзіцяці.

Без бацькоўскіх намаганняў святой Ганны і святога Яўхіма не было б Той, якую Арханёл Габрыэль прывітаў, назваўшы „поўнаю ласкі“. Гэта сведчанне таго, што моцныя Богам бацькі выхоўваюць духоўна моцных дзяцей, здольных згаджацца з Божай воляй», — адзначыў арцыбіскуп Кандрусевіч, дадаўшы, што менавіта «вера бацькоў выхоўвае веру дзяцей».

«Гэта самае вялікае пасланне сённяшняга свята святой Ганны. Бог адчыняе нам брамы неба праз сям’ю, якая сёння знаходзіцца ў глыбокім крызісе, адной з праяўваў якога з’яўляецца праблема выхавання маладога чалавека.

Новыя часы патрабуюць новага чалавека, выхаванага на старых і заўсёды новых прынцпах Евангелля. У гэтым працэсе галоўная роля належыць сям’і. Сэрца маці і бацькі — гэта самая лепшая школа дзя дзіцяці», — сцвердзіў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Абноўлена 24.07.2023 14:35
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа