Пошук

14.09.2021 17:22   Алесь Белы / Catholic.by
Фота Віктара Ведзеня

14 верасня ў Каталіцкім Касцёле адзначаецца свята Узвышэння Святога Крыжа.

На працягу амаль трох стагоддзяў хрысціяне фактычна былі пазбаўленыя магчымасці вызнаваць сваю перу публічна, без пагрозы пераследу ажно да катаванняў і смяротнага пакарання. Асабліва там, дзе хрысціянства зарадзілася — у падуладнай рымлянам (былой) Юдэі.

Толькі пасля Міланскага эдыкта імператара Канстанціна 313 года, які абвяшчаў верацярпімасць, стала магчымым адкрыта будаваць святыні, а таксама весці пошук рэліквій і аднаўляць помнікі хрысціянскай гісторыі. Маці імператара Канстанціна Алена арганізавала ў Ерузалеме археалалічныя раскопкі, у выніку якіх былі знойдзены шматлікія месцы евангельскіх падзей, якія хрысціянская традыцыя з таго часу перадае з пакалення ў пакаленне. У тым ліку, пры раскопках пячоры на Галгоце, або Кальварыі, у якой, паводле падання, быў пахаваны Езус Хрыстус, знайшлі Жыватворчы Крыж, чатыры цвікі і надпіс «Езус Назаранін Кароль Юдэйскі».

Паданне кажа, што Крыж, на якім укрыжавалі Езуса, быў убіты ў зямлю на тым самым месцы, дзе быў пахаваны першы чалавек — Адам.

Гісторыкі дагэтуль спрачаюцца, здарылася гэтая знаходка ў 320, 326 або ў 330 годзе. У сувязі з гэтай падзеяй на Галгоце былі пабудаваны дзве базылікі: Пакутнікаў (Марытрыюм) і Уваскрасення (Анастасіс). 13 верасня 335 года (гэтая дата вядомая ўжо дакладна) адбылося ўрачыстае асвячэнне і перадача мясцоваму біскупу абедзвюх базілік. Гісторыі або легенды аб знаходжанні Крыжа з мноствам падрабязнасцяў распаўсюдзіліся ўжо пасля смерці Алены. Паводле іх былі адкапаныя тры крыжы (яшчэ два — тыя, на якіх былі ўкрыжаваныя разбойнікі), а Крыж Хрыста выявіўся тым, што вярнуў да жыцця прыкладзенае да яго мёртвае цела чалавека. Таму ён і быў названы Жыватворчым.

Спачатку свята ў гонар Узвышэння Святога Крыжа святкавалася 13 верасня. Але пазней яго перанеслі на 14 верасня, бо на гэты дзень прыпадае гадавіна першага публічнага выстаўлення Святога Крыжа, або яго першай адарацыі. Паколькі сабраўся вялікі натоўп людзей, не ўсе маглі бачыць Крыж, таму патрыярх Макарый узняў яго высока над галавой. Гэты жэст, знаёмы ўсім хрысціянам не толькі з нагоды гэтага свята, бярэ з яго сімвалічны пачатак.

У 614 годзе Ерузалем быў узяты войскамі персідскага шаха Хасрова II Парвіза. Усе хрысціянскія святыні горада былі тады зруйнаваныя і абрабаваныя, многія жыхары жорстка забітыя або ўзятыя ў палон. Змясціўшы Святы Крыж у сваю скарбніцу як трафей, шах напісаў візантыйскаму імператару Іраклію здзеклівы ліст, у якім называў спадзяванні хрысціянаў на свайго Збаўцу марнымі. Вярнуць Крыж у Святы горад удалося толькі праз 14 гадоў, пасля перамогі Іраклія над персамі, пры падпісанні мірнай дамовы з сынам забітага ў вайне шаха.

Згодна са Святым Паданнем, імператар Іраклій у царскім вянку і ў парфіры ўрачыста нёс Крыж Хрыстовы ў храм Уваскрэсення. Побач з манархам ішоў патрыярх Захарыя. Але каля брамы, якой ўзыходзілі на Галгофу, імператар раптам спыніўся і не мог ісці далей. Патрыярх патлумачыў, што шлях яму нябачна заступае Анёл Панскі, бо Той, хто нёс на Галгофу Крыж як выкуп усяго свету ад грахоў, здзейсніў Свой Крыжовы шлях у прыніжаным выглядзе. Тады Іраклій, зняўшы вянок і парфіру, надзеў простую вопратку і бесперашкодна ўнёс Крыж у святыню.

Такім чынам, сэнс свята — трыумф хрысціянскай веры, увасобленай у Крыжы, над бязвер’ем і глумленнямі, і так яго разумее большасць гістарычных хрысціянскіх канфесій.

Доўгі час паралельна св святам Узвышэння існавала таксама свята Адшукання Святога Крыжа, якое святкавалася 3 мая. Але паколькі сэнс іх быў вельмі блізкім, папа Ян XXIII скасаваў яго ў шэрагу іншых рэформаў календара і аб’яднаў сімвалізм абедзвюх святаў пад адной датай. У Беларусі па традыцыі тытул Адшукання Святога Крыжа маюць, напрыклад, пабэрнардынскі касцёл у Гродне, а таксама касцёл у Жырмунах (Радунскі дэканат). І, дарэчы, на віленскай Кальварыі таксама.

Са святам Узвышэння Святога Крыжа звязаны даўні агульнакаталіцкі звычай будаваць на ўзгорках ці ў лесе «кальварыі» — узвышаныя месцы з крыжам, якія сімвалізавалі ерузалемскую Кальварыю. Часта на Кальварыях засноўваліся касцёлы (Узвышэння, радзей — Адшукання Святога Крыжа), кляштары і могілкі. Гэты звычай з’явіўся на пачатку ХV стагоддзя, калі канчаткова згубленая была не толькі сама Святая Зямля, але нават і надзея зноў адваяваць яе ў мусульманаў у агляднай перспектыве. Вернікі імкнуліся ў іншых месцах аднавіць гару мукі, смерці і трыумфу Хрыста. Першая Кальварыя ўзнікла каля Кордавы ў Іспаніі ў 1405–1420 гадах з ініцыятывы дамініканіна Альварэса. А самая старая з захаваных да сёння (існуе з 1450-х гадоў) знаходзіцца каля мястэчка Сэн-Жан-Тралімон у Брэтані. У гэтай французскай правінцыі звычай будаваць Кальварыі быў асабліва пашыраны.

У Рэчы Паспалітай традыцыя Кальварый пачала распаўсюджвацца ў ХVІІ стагоддзі. Славутая Кальварыя Зэбжыдоўская ў Польшчы пачала будавацца ў 1602 годзе, а Жэмайцкая — у 1633 годзе. Будаўніцтва віленскай Кальварыі было распачатае ў 1662 годзе падчас 13-гадовай вайны з Расіяй (1654–1667 гг.) віленскім біскупам Ежы Белазорам на знак падзякі Богу за вызваленне Вільні ад рускіх войскаў і ад жахаў шасцігадовай акупацыіі, і працягнулася сем гадоў. Асвячаны кальварыйскі комплекс (кляштар, касцёл, 20 капліц і могілкі) быў ужо наступным біскупам Аляксандрам Казімірам Сапегам у 1669 годзе і зрабіўся крыніцай натхнення для будаўніцтва наступных Кальварый у Літве і Беларусі.

Мінскую Кальварыю пабудавалі айцы кармэліты.

Дазвол на гэта быў атрыманы ў 1745 годзе, а будаўніцтва комплекса распачалося ў 1750-х гадах. У 1795 годзе могілкі былі ператвораныя ў парафіяльныя: на сёння гэта самыя старыя могілкі беларускай сталіцы з вельмі драматычнай гісторыяй, на якіх пахавана не менш за 30 тыс. чалавек. У 1800 годзе біскуп Якуб Ігнацы Дэдэрка перадаў касцёл францішканам. У 1836 годзе яго струхлелы драўляны будынак быў разабраны, а на яго месцы ў 1839–1841 гадах пабудаваная новая мураваная святыня. У 1842 годзе новы касцёл асвяцілі. Як і належыць, ён носіць тытул Узвышэння Святога Крыжа і святкуе парафіяльны адпуст 14 верасня. Сімвалічна, што менавіта з гэтага касцёла ў 1980 годзе пасля перапынку ў паўстагоддзя камуністычнага атэістычнага пераследу пачалося аднаўленне каталіцкага жыцця ў горадзе. Такім чынам, Святы Крыж ізноў быў сімвалічна ўзнесены над сталіцай Беларусі, у чарговы раз даказаўшы, што яго немагчыма знесці.

Парафіі Узвышэння Святога Крыжа, апроч Мінска, ў Беларусі ёсць таксама ў Баранавічах, Брэсце, Вілейцы, Іванаве (Янаве Палескім), Лідзе, Светлагорску, Уздзе, Чэрвені, Шаркаўшчыне, Макараўцах (Бераставіцкі р-н). Нядаўна да іх далучыўся адноўлены касцёл Узвышэння Святога Крыжа ў Целяханах (Івацэвіцкі раён), над якім атэістычная брыдота панавала ажно 80 гадоў (1939–2019 гг.). Доўгія гады будынак дзейнічаў як кінатэатр, а потым стаяў закінуты. У некаторых з гэтых мясцовасцей раней ладзіліся даволі маштабныя адпустовыя фэсты ў гонар свята. Напрыклад, да ІІ Сусветнай вайны існаваў такі фэст у Лідзе. Па ўспамінах старажылаў, на яго вазамі везлі са Смаргоні традыцыйныя адпустовыя абаранкі, як і на святога Казіміра і іншыя вялікія святы ў розных каталіцкіх святынях Літвы і Беларусі.

Такім чынам, для Літвы і Беларусі свята Узвышэння Святога Крыжа — напамін не толькі пра крыжовую муку нашага Збаўцы і пра заканчэнне доўгага 300-гадовага ганення на хрысціянаў у Рымскай імперыі, але і пра шматлікія і нялёгкія выпрабаванні, праз якія давялося прайсці каталіцкай веры і цывілізацыі на іх далёкай усходняй мяжы, у нашым краі.

Але якімі б цяжкімі яны ні былі, трэба заўжды верыць і памятаць, што трыумф зла ніколі не бывае вечным. Знесеныя і зняважаныя крыжы непазбежна і трыумфальна вяртаюцца на свае адвечныя месцы, каб даць збалелым душам суцяшэнне і накіраваць на збаўчы шлях.

Поўную версію артыкула чытайце ТУТ>>>

Абноўлена 14.09.2021 17:23
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.