Пошук

13.03.2020 08:08   Паводле: КАІ / Пераклад і адаптацыя: Мікола Гракаў / Catholic.by
Фота з адкрытых крыніц

У сёмую гадавіну абрання Папы Францішка на пасад Святога Пятра прапануем вашай увазе допіс доктара тэалогіі ксяндза Пшэмыслава Савы, евангелізатара і настаяцеля «Школы евангелізацыі Кірыл і Мятод» у Бельска-Бяле (Польшча), у якім аўтар звяртае ўвагу на недапушчальнасць непавагі да Святога Айца з боку католікаў.

Як са спасылкай на старонку святара ў сацыяльнай сетцы Facebook паведамляе Каталіцкае інфармацыйнае агенцтва КАІ, ксёндз Пшэмыслаў Сава, місіянер Міласэрнасці і выкладчык тэалагічнага факультэта Сілезскага ўніверсітэта, лічыць Папу Францішка «чалавекам Езуса, малітвы, Божага слова і распазнавання».

«Ён не баіцца брацца за цяжкія справы. Я бачу ў ім евангелізатара, які шукае спосаб данесці Евангелле да сучаснага чалавека. Я бачу пастыра, які жадае, каб шмат людзей вярулася да сакрамэнтаў, да Бога, да Касцёла.

Святы Айцец Францішак — сціплы, натуральны, адважны», — піша святар. Ён дадае, што гэты Папа для яго з’яўляецца «прыкладам чалавека, які любіць Езуса, бліжняга і Касцёл».

Выкладчык тэалогіі падкрэсліў, што вучэнне Папы Францішка грунтуецца на яго нязгодзе на «зямную велічнасць Касцёла, пыхлівасць вернікаў, кансервацыю састарэлых формаў, якія сёння ўжо нежыццяздольныя».

«Затое ў ім ёсць згода на Езуса, Евангелле і сапраўдную любоў.

Гэта не мае нічога супольнага з лібералізмам, але з’яўляецца наследваннем пазіцыі Хрыста. Гэтага ў Касцёле не разумеюць тыя, хто бачыць Евангелле толькі праз прызму традыцый і мінулага. Вядома, Традыцыя Касцёла важная, але традыцыі, ранейшыя рашэнні і нават погляды, часам таксама ў галіне тэалогіі, могуць змяняцца, і нават павінны змяняцца», — сцвярджае тэолаг з Сілезскага ўніверсітэта.

На яго думку, Папа Францішак раздражняе тых, хто марыць пра велічнасць Касцёла, жыве ў палоне ілюзій і сентыментальнай прывязанасці да мінулага. «Яны не чыталі Бібліі, з верай былі знаёмыя толькі з казанняў, а Імшу слухалі замест таго, каб актыўна ў ёй удзельнічаць, як гэта было ў старажытнасці і да чаго, на шчасце, вярнуўся Другі Ватыканскі Сабор разам з літургічнай рэформай у часы святога Паўла VI», — адзначае ксёндз Пшэмыслаў Сава.

Евангелізатар лічыць, што шлях да адраджэння веры — гэта не вяртанне да «старога Касцёла», а «прыняцце Езуса як Пана, штодзённае сілкаванне Божым словам, радасць ад цэлебрацыі Эўхарыстыі, якая з’яўляецца не толькі ахвярай, але таксама гасцінай, радасць ад евангелізацыі, адчування жывой супольнасці хрысціянаў, а таксама выйсце на перыферыю».

«Гэта і ёсць Евангелле. І толькі такі Касцёл, які бачыць Пятра ў біскупе Рыма і апостала ў дыяцэзіяльным біскупе можа даць сведчанне таго, што Езус жыве і што варта быць з Ім», — адзначае польскі святар.

Ён заахвочвае маліцца да Духа Святога за Папу Францішка, а таксама ахвяраваць у яго інтэнцыі адну пастанову ў тыдзень.

«Хопіць абразаў Папы ад католікаў. Заклікаю ўсіх тых, хто выступае супраць Папы, каб навярнуліся і перасталі баламуціць людзей», — звяртаецца праз сацыяльную сетку душпастыр. Ён запрашае хрысціянаў іншых веравызнанняў даць «супольнае сведчанне любові да Хрыста і Касцёла».

«Чытаючы розныя тэксты і гледзячы запісы, у якіх зневажаюць Святога Айца і ідэалізуюць мінулае, будзем даваць выразнае сведчанне нашай вернасці Евангеллю, Касцёлу і Папу Францішку», — завяршае свой допіс евангелізатар ксёндз Пшэмыслаў Сава.

Абноўлена 13.03.2020 13:32
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.