Пошук

12.01.2020 08:08   Тэкст: Бп. Юзаф Станеўскі / Catholic.by

Хрост Пана. Абраз. Мастак Ёахім Пацінір / reginamundi.info

У свята Хросту Пана, якім 12 студзеня завяршаецца сёлета перыяд Божага Нараджэння, біскуп Юзаф Станеўскі ў сваім блогу разважае пра значэнне імені ў жыцці хрысціяніна.

Мае дарагія сябры,

свята Хросту Пана, якім завяршаецца перыяд святкавання ўрачыстасці Божага Нараджэння, нагадвае нам і пра наш уласны хрост. У гэтым сакрамэнце мы прынялі вялікую Божую ласку і ўвайшлі, нібы праз браму, у супольнасць Божага народа, сабранага ў вялікай сям’і Каталіцкага Касцёла.

Ілюстрацыйнае фота: Alessia Giuliani / Vatican Pool-Getty Images

Ачышчаныя ад першароднага граху і названыя Божымі дзецьмі, мы распачалі свой шлях у веры не ананімна, а з канкрэтным імем, якое нам далі бацькі, дзякуючы якому мы маем таксама святога апекуна і нябеснага спадарожніка ў жыцці (Пар. ККП, канон 849).

Напэўна, у кожнага калісьці ўзнікала пытанне: а якое імя я выбраў бы сабе сам, будучы на месцы бацькоў?..

Можа, камусьці нават не зусім падабаецца ягонае імя, здаецца «непрыгожым», але не імя ўпрыгожвае чалавека, а чалавек імя.

Камусьці, наадварот, усё адно: маўляў, хоць саганом называй, толькі на гарачае вуголле не стаў. У рэшце рэшт, зусім няшмат людзей змяняюць сваё імя ў дарослым узросце.

А ў рыма-католікаў ёсць нават магчымасць самастойна выбраць сабе яшчэ адно імя, якое традыцыйна даецца ў сакрамэнце канфірмацыі. Мы яго выбіраем, шукаючы прыклады сярод святых, духоўна нам блізкіх у святле веры.

Фота кс. Антонія Адановіча

Дарагія браты і сёстры ў Хрысце Пану, у той час, калі бацькі, у тым ліку і веруючыя, усё часцей даюць сваім дзецям нехрысціянскія імёны, мае сэнс паразважаць над гэтым важным пытаннем.

Да гэтай справы неабходна падысці вельмі адказна, каб выбар імені адбываўся не выпадкова, не ў пагоні за модай, а ў святле нашай хрысціянскай веры.

Касцёл у Кодэксе кананічнага права заахвочвае вернікаў, асабліва бацькоў, хросных і пробашчаў, не даваць імёнаў, супярэчных хрысціянскаму духу і традыцыі (пар. ККП, канон 855).

Сутнасць чалавечага імені раскрывае нам сам Стварыцель Неба и Зямлі ў Святым Пісанні.

Стварэнне Адама. Мастак Мікеланджэла Буанароці.

У Бібліі імя мае вельмі вялікае значэнне. Яно акрэслівае прызначэнне і заданне, якое пакліканы выконваць у жыцці той, хто яго носіць. У кнізе Быцця — першай кнізе Бібліі — чытаем, як Бог дае назвы кожнаму са сваіх стварэнняў: дзень, ноч, зямля, неба, зоркі… (гл. Быц 1, 2–10).

Стварыўшы чалавека, Бог сам дае яму імя. Разам з тым першы чалавек, Адам, атрымлівае ад Бога заданне даць імёны ўсім звярам і птушкам, каб такім чынам вызначыць іх прызначэнне і ролю ў свеце (пар. Быц 2, 20).

Акрамя таго, наданне імені азначае таксама ўладу таго, хто дае імя, над тым, каго ён называе.

Імёны людзей, пра якіх ідзе гаворка ў Святым Пісанні, часта гавораць самі за сябе: Майсей — «вынуты з вады», Ісая — «Бог дае збаўленне» і г.д. Часам Бог сам вызначаў імя, якое бацькі павінны былі даць свайму дзіцяці. Гэта было знакам асаблівага Божага абранніцтва, як, напрыклад, у выпадку святога Яна Хрысціцеля, Хрыстовага Папярэдніка.

Калі падчас абраду абразання немаўлятка хацелі назваць імем ягонага бацькі, святара Захарыі, яго маці, святая Альжбета, сказала: «Не, але будзе названы Янам». Здзіўленыя такім выбарам маці, паколькі ў яе радні не было нікога з такім імем, а гэта супярэчыла звычаям, прысутныя пачалі пытацца ў бацькі, пазбаўленага ў той час дару мовы. Але і святар Захарыя на таблічцы напісаў: «Ян імя яго». І ўсе яшчэ больш дзівіліся і казалі: «Што ж гэта будзе за дзіця?» (пар. Лк 1, 59–68).

Цяпер мы ведаем, што гэта было за дзіця, якому было наканавана падрыхтаваць дарогу Пану і ахрысціць Яго ў Ярдане.

Сцэна хросту Пана ў Ярдане / Фота: LDS Media Library

Дарагія сябры, таксама і Езус Хрыстус, наш Збаўца, атрымаў імя яшчэ перад Яго зачаццем ва ўлонні Дзевы Марыі, як піша пра гэта святы евангеліст Лука:

«Калі мінула восем дзён, каб абрэзаць Дзіця, далі Яму імя Езус, якое было названа анёлам перад Яго зачаццем ва ўлонні»

(Лк 2, 21).

Сам Езус Хрыстус дае новае імя аднаму з выбраных Ім апосталаў, даручаючы яму такім чынам першынство: «Ты Сымон, сын Яна; ты будзеш названы Кефас», што азначае „Пётр“, „скала“» (Ян 1, 42).

Tu es Petrus — «Ты — Пётр». / Выява: pinterest.com

Дарагія бацькі, майце на ўвазе, што назваць дзіця імем святога азначае запэўніць яму духоўную лучнасць з Хрыстом і даручыць апецы і заступніцтву таго, хто ўжо дасягнуў збаўлення і прабывае ў небе ў супольнасці святых.

Святы Ян Залатавусны настаўляе, што хрысціяне павінны называць дзяцей такімі імёнамі, якія будуць заахвочваць да добрых справаў не толькі іх саміх, але і іншых людзей, а таксама стануць прыкладам добрага жыцця для наступных пакаленняў. (гл. De inani gloria et de educandis liberis: CPG, 4455).

Шаноўныя бацькі і хросныя, даючы дзіцяці імя, не спяшайцеся адкідаць звычаі свайго народа і сямейныя традыцыі.

Задумайцеся над тым, які прыклад для пераймання, якога апекуна вы дадзіце свайму дзіцяці разам з імем, які жыццёвы шлях пакажаце яму. Імёны бываюць розныя: ад хрысціянскіх імёнаў так і патыхае духам супакою, згоды і самаадданай любові.

Ілюстрацыйная выява / mel.fm

Не забывайцеся, што імя ў сакрамэнце святога хросту даецца раз і назаўсёды, таму не варта імкнуцца здзівіць кагосьці мудрагелістым імем, выдзяліць дзіця сярод аднагодкаў ці, наадварот, дастасавацца да моды, даючы імя героя папулярнага тэлесерыялу…

Дарагія сябры, выбірайце імя з малітваю аб тым, каб нашыя дзеці, ад якіх залежыць наша агульная будучыня, кіраваліся прыкладамі вялікіх святых і сваім прыгожым цнатлівым жыццём здабылі добрую славу сабе, сваёй сям’і і сваёй Радзіме.

Таму што не імя ўпрыгожвае чалавека, а чалавек імя.

Абноўлена 13.01.2020 00:49
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.