Пошук

© Foto/AFP

Як паведаміла 17 красавіка расійскае інфармацыйнае агенцтва «РИА Новости», патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Кірыл і папа Францішак абмеркавалі па тэлефоне тэкст сумеснай заявы ў сувязі з абвастрэннем сітуацыі ў Сірыі. Раней паведамлялася, што тэлефонная размова паміж Святым Айцом і кіраўніком Рускай Праваслаўнай Царквы, у якой закраналася тэма сірыйскага канфлікту, адбылася трыма днямі раней.

Тэкст дакумента, пра які ідзе гаворка, зачытаў у аўторак прадстаўнікам СМІ Кіраўнік аддзела знешніх царкоўных сувязяў Маскоўскага Патрыярхату мітрапаліт Валакаламскі Іларыён (Алфееў).

«У цяперашні час узмацнення міжнароднай напружананасці мы пад уздзеяннем пачуцця адказнасці за мільёны хрысціянаў, даручаных Богам нашай духоўнай апецы, а таксама за дабро ўсёй чалавечай сям’і, аб’яднанай агульным лёсам, выступаем з сумеснай заявай.

Няспынныя ваенныя дзеянні на Блізкім Усходзе, якія ў апошнія гады прынеслі вялізныя пакуты, забралі жыццё многіх тысяч людзей і прымусілі мільёны ратавацца ўцёкамі, цяпер пагражаюць перарасці ў глабальны канфлікт», — гаворыцца ў тэксце заявы, прадстаўленай мітрапалітам Іларыёнам.

У ім таксама адзначаецца, што «свет падышоў да небяспечнай рысы — да рэальнага правалу ў міжнародных адносінах і супрацоўніцтве, якое здзяйснялася дзеля дабра ўсёй чалавечай сям’і».

У заяве гучыць перасцярога, што «жудасці сусветных войнаў мінулага стагоддзя нельга параўнаць з тым, наколькі катастрафічнымі могуць быць наступствы сусветнай вайны сёння».

«Перад абліччам гэтай страшэннай пагрозы мы звяртаемся да ўсіх сусветных лідараў з заклікам усвядоміць сваю адказнасць перад сваімі народамі, перад усім чалавецтвам і перад Богам.

Мы таксама звяртаемся да краін-членаў ААН і асабліва да краін-членаў Рады Бяспекі з заклікам узгадаць пра свой абавязак перад сям’ёй народаў і ў імя Божае молім іх пераадолець нязгоды і супольна дзейнічаць дзеля міру ва ўсім свеце», — адзначаецца ў дакуменце, зачытаным прадстаўніком Маскоўскага Патрыярхату.

«Разам мы заклікаем палітычных лідараў не дапусціць далейшай эскалацыі напружанасці, пазбегнуць канфрантацыі і стаць на шлях дыялогу», — сказана на заканчэнне заявы.

Па звестках інфармацыйнага агенцтва, мітрапаліт Іларыён удакладніў, што гэты зварот быў прыняты ў выніку тэлефонных перамоваў патрыярха Кірыла і папы Францішка і што яго падтрымалі кіраўнікі Александрыйскай, Антыяхійскай і Іерусалімскай Праваслаўных Цэркваў, а таксама шэраг іншых патрыярхаў Усходніх Цэркваў.

Калі такая заява сапраўды будзе абнародавана, яна стане другой у гісторыі сумеснай заявай Папы Рымскага і Маскоўскага Патрыярха пасля гістарычнай гаванскай дэкларацыі, падпісанай кіраўнікамі Касцёла і Рускай Праваслаўнай Царквы падчас іх першай у гісторыі сустрэчы, якая адбылася 12 лютага 2016 г. на Кубе.

Абноўлена 18.04.2018 22:36
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця