Пошук

19.11.2026 16:42   Паводле: Aleteia / Catholic.by

Увечары 11 лістапада каля санктуарыя Божай Міласэрнасці ў Вільні грамадзянін Вялікабрытаніі, які часова знаходзіцца ў Літве, сарваў з драўлянага крыжа фігуру Езуса, вынес яе на вуліцу і разбіў. Акт вандалізму выклікаў абурэнне.

Відовішча чалавека, які, смеючыся, адломвае руку статуі Езуса, само па сабе шакіруе. Але яшчэ больш балюча бачыць, як фігура падае на тратуар і разбіваецца, а вінаватыя, відавочна, забаўляюцца тым, што адбываецца. 

Незалежна ад рэлігійных поглядаў, цяжка зразумець, як такую непавагу можна лічыць забаўнай, асабліва калі гаворка ідзе пра святыню, важную для многіх людзей.

Менавіта гэта зафіксавала камера відэаназірання ў Вільні 11 лістапада. Двое мужчын знялі фігуру Хрыста з распяцця каля санктуарыя Божай Міласэрнасці. Калі адзін з іх панёс яе, фігура пашкодзілася, а затым упала і разбілася. Мужчыны ўцяклі, пакінуўшы аскепкі на тратуары.

Кадры выклікалі абурэнне ва ўсім свеце — у тым ліку сярод людзей, якія не вызнаюць каталіцтва.

Фота: Эліяса Анатоліюса Маркаўскаса

Святыня асаблівага значэння
Для католікаў месца здарэння робіць гэты выпадак асабліва балючым. У санктуарыі Божай Міласэрнасці захоўваецца арыгінальны абраз Езуса Міласэрнага, напісаны Яўгеніюшам Казіміроўскім у 1934 годзе пад кіраўніцтвам святой Фаўстыны Кавальскай. Абраз быў створаны паводле яе бачанняў, апісаных у дзённіку.

Абраз з характэрнымі чырвоным і бледным промнямі, што сыходзяць ад сэрца Хрыста, і надпісам «Езу, давяраю Табе» стаў адным з найбольш вядомых вобразаў у каталіцкай набожнасці. Пілігрымы прыязджаюць у Вільню, каб памаліцца перад ім і прынесці свае надзеі і інтэнцыі ў месца, якое асацыюецца з бясконцай Божай міласэрнасцю.

Пашкоджаная фігура мела невялікую матэрыяльную каштоўнасць. Паводле слоў віцэ-рэктара санктуарыя, ксяндза Эліяса Анатоліюса Маркаўскаса, фігура была пластыкавай, і яе набылі каля васьмі гадоў таму. Аднак яе асвяцілі, і людзі рэгулярна спыняліся каля яе, каб памаліцца. Яе значэнне вызначалася не матэрыялам, з якога яна была зроблена, а Тым, Каго яна ўвасабляла.

Дабрыня з нечаканага боку
Хоць відэазапіс прыцягнуў увагу ўчынкам двух мужчын, далейшыя падзеі паказалі іншы бок чалавечай натуры.

Фота: www.20minutos.es

Малады чалавек Аўрымас натрапіў на аскепкі ўжо пасля таго, як вандалы сышлі. Паводле слоў ксяндза Маркаўскаса, Аўрымас адчувае большую блізкасць да будызму, чым да каталіцтва. Аднак убачанае настолькі яго ўсхвалявала, што ён паведаміў пра здарэнне ахоўніку санктуарыя і ў паліцыю. Потым разам з іншым мінаком ён пачаў збіраць аскепкі, раскіданыя па тратуары. На гэта ў яго пайшло каля чатырох гадзін.

Двое мужчын сышлі, смеючыся, а Аўрымас, які нават не з’яўляецца католікам, застаўся, каб сабраць аскепкі. Кантраст цяжка не заўважыць. Урэшце сабраныя часткі фігуры паклалі пад пустым крыжам і абклалі кветкамі.

Няпростая справа — прабачэнне
Для ксяндза Маркаўскаса гэты выпадак стаў глыбока асабістым выпрабаваннем. Распавядаючы пра знішчэнне фігуры, ён прызнаўся:

«Мне балюча, бо гэта не проста нейкая святая рэч. Гэта вобраз Таго, Каго мы любім».Святар шчыра сказаў, што яму было няпроста стрымаць гнеў і што ён маліўся, просячы дапамогі, каб не паддацца нянавісці. Гэта цалкам чалавечая рэакцыя. Пра прабачэнне лёгка гаварыць, калі крыўда не датычыць нас асабіста. Значна цяжэй прабачаць, калі прычынены боль стаіць перад вачыма.

І ўсё ж, як паведамляе літоўскае выданне TV3.lt, ксёндз Маркаўскас выказаў жаданне сустрэцца з тым, хто ўчыніў вандалізм:

«Я не хачу караць гэтага чалавека. Я хачу ўбачыць яго, паціснуць яму руку і спытаць: “Чаму ты гэта робіш?”»Святар хоча, каб вінаваты ўсвядоміў, які боль прычыніў, але пры гэтым пакідае адкрытай магчымасць для прабачэння.
У санктуарыі, прысвечаным Божай Міласэрнасці, такі адказ набывае асаблівае значэнне. Пасланне святой Фаўстыны не заклікае заплюшчваць вочы на зло. Наадварот, яно нагадвае, што Божая міласэрнасць даступная нават тым, хто ўчыніў жахлівыя рэчы. Спроба святара ўвасобіць гэтае пасланне ў жыццё, бадай, кранае мацней, чым простая заява, што ўсё ўжо даравана.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.