30 мая ў Лодзі-Лагеўніках (Польшча) брат дыякан Уладзіслаў Молчан з Ордэну Братоў Меншых Канвентуальных, родам з Беларусі, прыняў прэзбітэрскае пасвячэнне.
Пасвячэнне шасці маладым францішканам удзяліў біскуп Гжэгаж Сухадольскі, дапаможны біскуп Седлецкай дыяцэзіі.
Сёлета пасвячэнне, якое адбылося ў санктуарыі святога Антонія Падуанскага пры францішканскай семінарыі, было па-сапраўднаму міжнародным. Падчас урачыстай святой Імшы дыяканскае пасвячэнне, апроч траіх братоў з Польшчы, прынялі двое братоў з Бразіліі.

Ва ўрачыстасцях узялі ўдзел шматлікія браты з францішканскай Правінцыі Маці Божай Беззаганнай з Польшчы, Беларусі і Балгарыі, а таксама прадстаўнік Правінцыі святога Максіміліяна Кольбэ ў Бразіліі.
Айцец Уладзіслаў Молчан OFMConv нарадзіўся ў Івацэвічах (Пінская дыяцэзія, Пружанскі дэканат) і ў хуткім часе распачне службу ў парафіі Маці Божай Анёльскай у Гродне (Гродзенская дыяцэзія, дэканат Гродна-Захад).







